Расія губляе ва Украіне звыш 40 бронемашын на дзень — і бярэ тэхніку з рэзерваў Беларусі

У сярэдзіне кастрычніка на фоне контрнаступлення ўкраінскай арміі страты расійскай бронетэхнікі перавысілі 40 адзінак на дзень, што прыкладна адпавядае батальёну. Пра гэта ў сваім штодзённым аглядзе сітуацыі на вайне ва Украіне піша Мінабароны Вялікабрытаніі.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__26__logo.jpg

Як мяркуе Мінабароны Вялікабрытаніі, у апошнія тыдні для папаўнення страт ваеннай тэхнікі Расіі давялося набыць не менш за сотню дадатковых танкаў і баявых машын пяхоты (БМП) з рэзерваў Беларусі, піша meduza.io.

Падраздзяленні бронетэхнікі і артылерыі займаюць цэнтральнае месца ў расійскай стратэгіі вядзення вайны, адзначае брытанскае міністэрства. Цяпер, нібыта, сілы Расіі ва Украіне маюць цяжкасці, у тым ліку з-за недахопу артылерыйскіх боепрыпасаў і спраўнай бронетэхнікі на замену страчанай.

Расійскія салдаты, у сваю чаргу, мяркуе брытанскае ведамства, раздражнёныя тым, што ім даводзіцца ваяваць на старых БМП, якія яны назвалі «кансервавымі банкамі».


Нагадаем, з пачатку вайны ва Украіне расійская армія не паведамляе пра страты сваёй ваеннай тэхнікі. Генштаб украінскай арміі сцвярджае, што да 3 лістапада расійскія ўзброеныя сілы страцілі больш за восем тысяч адзінак бронетэхнікі. Паводле звестак аналітыкаў з праекта «Oryx», аб'ём страт расійскай тэхнікі ва Украіне перавысіў 7,5 тысяч адзінак.

У пачатку кастрычніка «The Wall Street Journal» паведаміла, што войска РФ пакінула на ўкраінскай тэрыторыі больш вайсковай тэхнікі і зброі, чым любая з заходніх краін перадала Украіне за час вайны. У сярэдзіне кастрычніка «The New York Times» са спасылкай на даклад амерыканскіх улад пісала, што расійскія вайскоўцы страцілі ва Украіне блізу шасці тысяч адзінак тэхнікі.