Расія перадала Венгрыі ўкраінскіх палонных. Як так здарылася і чаму пачаўся скандал?

8 чэрвеня Расія перадала Венгрыі палонных украінскіх грамадзян. Што здарылася і чаму распачаўся міжнародны скандал? 

Папа наведаў Венгрыю ў канцы красавіка. Ён неаднаразова казаў, што выступае за вызваленне зняволеных. Фота: Getty Images.

Папа наведаў Венгрыю ў канцы красавіка. Ён неаднаразова казаў, што выступае за вызваленне зняволеных. Фота: Getty Images.

Расія перадала Венгрыі адзінаццаць украінскіх ваеннапалонных, але гэта адбылося без удзелу Украіны, піша Украінская служба ВВС.

Навіну распаўсюдзіла РПЦ, затым яе пацвердзілі венгерскія СМІ са спасылкай на прадстаўнікоў венгерскага ўрада.

Гэта выклікала пэўны дыпламатычны скандал, і МЗС Украіны запрасіла часовага паверанага Венгрыі на «прадметную размову».

Украінскі бок заявіў, што ўмова вызвалення палонных — крытыка Украіны і дыфірамбы Будапешта і РПЦ на прэс-канферэнцыі. Пра гэта паведаміла журналістам крыніца ў выведцы, піша korrespondent.net.

Адносна вызваленых украінцаў вядома толькі, што гэта жыхары Закарпацкай вобласці, верагодна, этнічныя венгры. Магчыма, таму Расія іх перадала, а ваеннапалонныя апынуліся ў Венгрыі.


«Жэст» РПЦ

З пачатку поўнамаштабнага нападу Расіі на Украіну паміж Будапештам і Кіевам адбываюцца рэгулярныя канфлікты з-за таго, што ўрад Віктара Орбана займае пазіцыю, адрозную ад чальцоў ЕС, і не падтрымлівае санкцыі супраць Расіі.

На гэтым фоне сайт РПЦ паведаміў, што ўкраінскія ваеннапалонныя былі перададзеныя Венгрыі 8 чэрвеня «з блаславення» Патрыярха Кірыла «ў рамках міжцаркоўнага супрацоўніцтва».

Кірыл блаславіў расійскае войска на вайну супраць Украіны ў 2022 годзе. Але цяпер РПЦ назвала акцыю перадачы ўкраінскіх вайскоўцаў праявай «хрысціянскага чалавекалюбства».

З венгерскага боку вяртаннем украінцаў, як паведамляюць венгерскія выданні, займалася Венгерская дабрачынная служба Мальтыйскага ордэна.

Венгерская прэса таксама пісала, што вызваленне ўкраінцаў каардынаваў віцэ-прэм'ер Жолт Шэм'ен. У публікацыях таксама падкрэсліваецца, што перадача ваеннапалонных адбылася выключна ў царкоўных рамках і ў духу намаганняў Папы Францішка па вызваленні палонных.

Як паведаміў журналістам Жолт Шэм’ен, гэта быў «жэст» Рускай Праваслаўнай Царквы ў бок Венгрыі, і дзякуючы ёй людзі цяпер вольныя.

Віцэ-прэм'ер таксама сказаў, што сам спрыяў гэтаму з «чалавечага і патрыятычнага абавязку». Ніякіх дэталяў ён не паведаміў, спаслаўшыся на «інтарэсы справы і людзей».

Золт Шэм’ен назваў перадачу палонных украінцаў Венгрыі сваім «патрыятычным абавязкам». Фота: Getty Images

Золт Шэм’ен назваў перадачу палонных украінцаў Венгрыі сваім «патрыятычным абавязкам». Фота: Getty Images


Каго вызвалілі з палону?

Венгрскія СМІ сцвярджаюць, што 11 перададзеных Венгрыі ўкраінцаў — закарпацкія венгры.

Крыніцы “ВВС Україна” сярод вайскоўцаў Закарпацця кажуць, што, верагодна, гэта могуць быць людзі, якія трапілі ў палон пад Купянскам. У прыватнасці, там загінулі двое этнічных венграў.

Але суразмоўцы адзначаюць, што вызваленыя з палону могуць мець венгерскія прозвішчы, але не належаць да венгерскай нацыянальнай меншасці і мець з Венгрыяй толькі далёкія сваяцкія сувязі.

Увогуле, венгры Закарпацця ў большасці сваёй каталікі.


Міністэрства замежных спраў Украіны патрабуе падрабязную інфармацыю

У другой палове дня ўкраінскае Галоўнае ўпраўленне разведкі, якое займаецца абменам палоннымі, паведаміла, што не можа пацвердзіць вяртанне ваеннапалонных.

Але ўвечары МЗС Украіны абвясціў, што патрабуе ад Венгрыі падрабязнай інфармацыі аб сваіх грамадзянах. Таксама просяць неадкладна дапусціць да вызваленых украінскага консула для высвятлення стану іх здароўя і аказання неабходнай дапамогі.

У МЗС падкрэслілі, што ўрад Украіны не ведаў аб перамовах паміж венгерскім і расійскім бакамі. І даведаўся пра гэта з публічных заяваў віцэ-прэм'ера Венгрыі.

Як падкрэслівае прэс-сакратар МЗС Алег Нікаленка, падчас сустрэчы з часовым павераным у справах Венгрыі ва Украіне, якога выклікалі для размовы, украінскія дыпламаты падкрэслілі неабходнасць каардынацыі ўзаемадзеяння ў «такіх адчувальных пытаннях, як вызваленне ваеннапалонных».


«Вызваленне ўкраінскіх ваеннапалонных — гэта заўсёды добрая навіна. Украіна ў супрацоўніцтве з міжнароднымі партнёрамі актыўна працуе над вяртаннем усіх нашых абаронцаў дадому», — падкрэсліў прадстаўнік МЗС .

«Расія хоча максімальна інтэрнацыяналізаваць расійска-ўкраінскую вайну, каб яшчэ раз прадэманстраваць, што Венгрыя з'яўляецца палітычным партнёрам Расіі ў ЕС і NATO», — так ацэньвае дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда палітычную падаплёку гэтай падзеі ў каментары “BBC Україна”.

Апошні раз абмен палоннымі паміж Украінай і Расіяй адбыўся 25 траўня. Тады Украіна вярнула 106 вайскоўцаў.

Венгрыя рыхтуе правакацыю супраць Украіны?

Украінскі бок заявіў, што ўмова вызвалення палонных — крытыка Украіны і дыфірамбы Будапешта і РПЦ на прэс-канферэнцыі. Пра гэта паведаміла журналістам крыніца ў выведцы.

Прэс-канферэнцыя з украінскімі ваеннапалоннымі цяпер рыхтуецца ў Венгрыі. Звольненыя ўкраінцы венгерскага паходжання павінны на ёй раскрытыкаваць Украіну і падзякаваць РПЦ, што нібыта «дапамагла перадаць іх Будапешту». Пра гэта ў суботу, 10 чэрвеня, заявіла выданне РБК-Украіна са спасылкай на ўласныя крыніцы, блізкія да ўкраінскіх спецслужбаў.

Адзін з суразмоўцаў СМІ паведаміў, што публічны выхад з такімі заявамі быў абавязковай умовай для вывазу з Расіі. У прыватнасці, на прэс-канферэнцыі палонныя павінны распавядаць, як іх быццам бы «прымусова мабілізоўвалі, у якіх дрэнных умовах яны ваявалі». Яны павінны пахваліць венгерскі ўрад і РПЦ.



Палітолаг Аляксандр Фрыдман у сваім тэлеграме перадачу ўкраінскіх салдат Венгрыі праз пасярэдніцтва РПЦ пракаментаваў наступным чынам: «Перадача салдат ВСУ венгерскага паходжання сведчыць не толькі аб палітычным цынізме, але і банальным расізме і ксенафобіі Масквы. Там — што не здзіўляе — пры прыняцці рашэнняў праводзяць этнічную селекцыю ваеннапалонных».

Нагадаем, як пісаў НЧ, сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Украіны Аляксей Данілаў яшчэ ў сакавіку мінулага года распавёў, што Венгрыя ведала аб нападзе на Украіну і нават прэтэндавала на частку яе тэрыторыі.

Паводле ВВС, сацсетак, www.pravda.com.ua, korrespondent.net