Пуціністы на Дунаi
На днях 35-годдзе адзначыла венгерская партыя Fidesz — найбольш моцная правапапулісцкая і адначасова прамаўскоўская палітсіла ў Еўрасаюзе.
Fidesz — гэта, безумоўна, феномен. Каб зразумець яго ўнікальнасць, дастаткова згадаць, што на этапе стварэння ў другой палове 80-х арганізацыя аб’ядноўвала тых, хто ў тым ліку рашуча патрабаваў вываду савецкіх войскаў з Венгрыі і ўвогуле крытыкаваў дыктат Масквы над Усходняй Еўропай.
Прайшло больш за 30 гадоў, і тую самую партыю ў прэсе называюць не інакш як пятай калонай Крамля. А яе лідара Віктара Орбана абвінавачваюць у тым, што ён фармуе свой курс, капіруючы кампаненты ідэалогіі Пуціна — нацыяналізм, клерыкалізм, сацыяльны кансерватызм, дзяржаўны капіталізм, аўтарытарызм і г. д.
Каб растлумачыць апісаную метамарфозу, палітолагі кажуць, што ў гісторыі было па сутнасці некалькі партый пад адной і той жа назвай. Умоўна іх можна назваць Fidesz-1, Fidesz-2 і, нарэшце, Fidesz-3.
Так, пад Fidesz-1 разумеюць радыкальна-ліберальную партыю на мяжы 80-х — 90-х, якая адыграла важную ролю ў працэсе дэмакратычнай трансфармацыі ў Венгрыі. Лічыцца, што прамова маладога Орбана падчас перапахавання Імрэ Надзя (аднаго з лідараў паўстання 1956-га) натхніла венграў на барацьбу за перамены. На той час Fidesz арганізацыйна ўяўляў хутчэй палітычны клуб, стаць сябрамі якога, дарэчы, маглі выключна асобы маладзей за 35 год. Прынцып лідара таксама быў скасаваны. Усім кіраваў савет з шасці чалавек.
Тыя, хто прыдумаў Fidesz, арыентаваліся на маладых ліберальных інтэлектуалаў, які былі не звязаныя не толькі з камуністычнай наменклатурай, але таксама трымалі дыстанцыю ад царквы і нацыяналістычнай традыцыі. Стаўка на такі сегмент моладзі аказалася вельмі паспяховай. На першых дэмакратычных выбарах партыя атрымала 6% і каля 20 мандатаў.
Хаця Fidesz лічылася партыяй ультралібералаў, непасрэднага дачынення да структурных ліберальных рэформаў пачатку 90-х яна не мела. Тым не менш расчараванне шматлікіх венграў у наступствах тых рэформаў ударыла і па рэйтынгах Fidesz. У грамадстве паўстаў запыт на сацыяльны кансерватызм.
У новых умовах Fidesz намагаецца адысці ад ліберальнай артадоксіі і заняць больш кансерватыўную нішу на палітычнай сцэне. У 1992-1993 гадах Віктар Орбан перамог ва ўнутрыпартыйнай барацьбе апанентаў з ліберальнай фракцыі і дабіўся пераходу партыі на правакансерватыўныя пазіцыі.
Канчаткова гэты дрэйф закончыўся гадоў пяць таму. Прычым партыя Орбана ў выніку аказалася настолькі далёка на правым флангу, што яе нават выключылі з складу Народнай Партыі (еўрапейскі інтэрнацыянал кансерватыўных партый). На цяперашні момант Fidesz — партыя, якую ў сістэме паліталагічных каардынат хутчэй можна класіфікаваць як правапапулісцкую.
Ідэалогія партыі вызначае венгерскую нацыю, народ, урад і дзяржаву як адзінае арганічнае паняцце, абвінавачваючы пры гэтым ва ўсіх праблемах краіны вонкавы фактар. У новай канстытуцыі, якую ініцыяваў Fidesz і якая ўступіла ў сілу ў 2012-м, гаворыцца, што народ аб'ядноўваюць «Бог і хрысціянства».
За дзяржавай замацоўваецца абавязак абараняць жыццё, пры гэтым маецца на ўвазе, што жыццё пачынаецца пры зачацці. Фактычна гэты артыкул канстытуцыі азначае забарону на аборты. Шлюб абазначаны ў канстытуцыі як саюз мужчыны і жанчыны. Адным словам, калісьці свецкая і антыклерыкальная партыя стала самай рэлігійнай і лаяльнай на адрас царквы ў венгерскай партыйнай сістэме.
Самога Віктара Орбана таксама стала абвінавачваюць у падбухторванні або, прынамсі, у патуранні антысемітызму. Усё праз тое, што ён мае асабістага ворага ў выглядзе Джорджа Сораса, які паходзіць з сям’і венгерскіх яўрэяў. У выніку кампаніі супраць Сораса маюць, на думку некаторых, прысмак юдафобіі.
Нядзіўна, што Будапешт даўно пасварыўся з больш ліберальнымі ўрадамі старой Еўропы і кіраўніцтвам ЕС. Спробы Брусэля накласці на Орбана нейкія чарговыя санкцыі даўно сталі руцінай. Зрэшты, пакуль за Fidesz галасуе ледзь не палова венгерскага электарату (на апошніх выбарах у 2022-м партыя атрымала каля 54 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў), у Орбана і яго атачэння ёсць аргументы, каб парыраваць на крытыку Бруселя.
Хаця, натуральна, тут нельга забываць пра татальную манапалізацыю медыяпрасторы ў краіне. Практычна ўсе СМІ належаць бізнесменам персанальна звязаным з прэм’ерам. Па такім жа прынцыпе будуецца кантроль над іншымі сектарамі гаспадаркі.
Кланавы прынцып фармавання эліты ў сваю чаргу ўздымае пытанне пра прыроду цяперашняга венгерскага рэжыму. Палітолагі нават параўноўваюць гэтую мадэль з мафіяй, а некаторыя намагаюцца шукаць яе карані ў часах савецкай Венгрыі, дзе прынцып асабістай адданасці кіраўніку быў вельмі важны для кар’еры.
Так ці інакш, 35-гадовы юбілей партыі Fidesz яе актыў адзначае ў пазітыўнай атмасферы. Правая прэса Еўропы ў сваю чаргу праслаўляе Fidesz як прыклад таго, што маладая інтэлектуальная эліта здольная адмовіцца ад грантаў Вашынгтону і служыць народу.
Падобны энтузіязм вельмі дзіўны з улікам таго, што цяперашні Fidesz, па сутнасці, партыя аднаго канкрэтнага персанажа. Відавочна, што сыход Віктара Орбана з вялікай палітыкі і нават пачатак гэтага працэсу так ці інакш выклікае перабудову механізму працы як партыйнага, так і дзяржаўнага апаратаў.
Таму хутчэй варта рыхтавацца да таго, што пасля Fidesz-1 Fidesz-2 і Fidesz-3 у перспектыве з’явіцца нейкі Fidesz-4.