Выбары ў Венгрыі. Дасье ў карыкатурах

У нядзелю ў Венгрыі праходзяць парламенцкія выбары. Галоўная інтрыга галасавання: ці захавае ўладу правячая партыя «Фідэс» на чале з Віктарам Орбанам?
Так карыкатурысты заклікалі кіраўніцтва ЕС выключыць Венгрыю з еўрапейскага клубу.

Так карыкатурысты заклікалі кіраўніцтва ЕС выключыць Венгрыю з еўрапейскага клубу.


Орбан знаходзіцца ва ўладзе ўжо 12 гадоў. І за гэты час ён літаральна «дастаў» Брусель сваімі папулісцкімі выбрыкамі, пачынаючы ад манапалізацыі прэсы і заканчваючы падтрымкай ксенафобіі. Нагадаем, у Венгрыі за дапамогу мігрантам, што трапілі ў краіну нелегальна, можна нават апынуцца ў турме. Не дзіўна, што еўрапейскія карыкатурысты выяўлялі венгерскага лідара, як правіла, у негатыўным ракурсе (гл. малюнак вышэй).

І вось новая спроба пасунуць папуліста з улады. Дзеля яе больш прыкметныя апазіцыйныя партыі сфарміравалі блок «Аб'яднаныя для Венгрыі». Яго ўдзельнікі прытрымліваюцца палярных меркаванняў: у блок уваходзяць мясцовыя праеўрапейскія Зялёныя і радыкальныя правыя з руху Jobbik, лідары якога настальгуюць па часах нацызму і часам выступалі нават за адмову ад хрысціянства і вяртанне да паганства. Прыроду Jobbik добра ілюструюць мясцовыя карыкатурысты.

Адзінае, у чым усе прадстаўнікі альянсу сыходзяцца, дык гэта ў непрыманні ўнутранай і знешняй палітыкі Орбана, якую некаторыя сябры «Аб'яднаных для Венгрыі» адкрыта параўноўваюць з дыктатурай. Дарэчы, узначаліў гэтую пярэстую кампанію фізік па адукацыі Петэр Маркі-Заі (нар. 1972) — цяперашні мэр горада з цяжкай для беларускага прамаўлення назвай «Ходмезёвашархей». Мясцовая прэса выяўляе яго як супергероя.

Большасць абяцанняў апанентаў улады з'яўляюцца антыподам рашэнняў ці прапаноў партыі ўлады. Насуперак антыеўрапейскаму курсу Орбана апазіцыя выступае за адыход ад нацыянальнай валюты і выкарыстанне еўра, і ў цэлым за больш глыбокае ўзаемадзеянне з Еўрасаюзам. Акрамя таго, яна падтрымлівае лібералізацыю дзейнасці прадстаўнікоў ЛГБТ. Менавіта на гэтай тэме актыўна гуляе Орбан. Лаяльныя ўладзе СМІ актыўна публікуюць карыкатуры, якія высмейваюць еўрапейскую гендарную палітыку.
Выбары ў Венгрыі ўжо нейкі час — асабістая дуэль Віктара Орбана і Джорджа Сораса, алігарха венгерскага паходжання, які падтрымлівае апазіцыю. Блізкія да ўлады карыкатурысты малююць Сораса як крыніцу ўсіх глабальных бед, у тым ліку нават тэрарызму.
З канца лютага адной з тэм для крытыкі ўлады стала стрыманая пазіцыя Будапешта па вайне Расіі ва Украіне, што выкарыстоўваюць як апаненты ўрада, так і міжнародныя партнёры краіны. Як прыклад — вокладка аднаго з мясцовых часопісаў.

Ці зможа вайна ва Украіне паўплываць на вынікі выбараў — прадмет спрэчкі палітолагаў. З аднаго боку, агрэсія Расіі ўжо выклікала раскол у лагеры Орбана. З іншага, трэба памятаць, што на падзеі ва Украіне ў Венгрыі многія глядзяць праз прызму правоў венграў на Закарпацце. Многім у Будапешце не падабаецца працэс украінізацыі рэгіёна, які праводзіць Кіеў.

У любым выпадку напярэдадні галасавання адрыў партыі «Фідэс» ад «Аб'яднаныя для Венгрыі» складаў усяго пяць працэнтаў. Так што нельга выключаць таго, што эпоха Орбана сёння скончыцца. Але варта памятаць, што краху Орбана ў Еўропе чакалі і падчас папярэдніх выбараў, пра што сведчаць адпаведныя малюнкі, якія публікаваліся напярэдадні галасавання.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: