«Свабодныя, але не справядлівыя»: у гэтую нядзелю адбудуцца выбары ў Вугоршчыне

Вугоршчына ўжо дзяліла нашу Радзіму ў 1772, 1792 і 1795 — у падзелах Рэчы Паспалітай разам з Расіяй і Прусіяй.

Віктар Орбан і Аляксандр Лукашэнка. Фота EPA-EFE/MAXIM GUCHEK 

Віктар Орбан і Аляксандр Лукашэнка. Фота EPA-EFE/MAXIM GUCHEK 

Падобна таму, як беларусы — ад правых партый да камуністаў — у свой час аб’ядналіся ў сумеснай барацьбе супраць адной асобы, як ізраільцяне з усяго палітычнага спектру аб'ядналіся, каб пазбавіцца ад Біньяміна Нетаньяху ў 2021, вугорцы розных ідэалагічных перакананняў працуюць разам, каб перамагчы Віктара Орбана ў 2022. Орбан — прэм’ер-міністр краіны ў 1998-2002 і з 2010 года. Орбан з’яўляецца старшынёй кіруючай партыі «Фідэс» (Альянс маладых дэмакратаў).

У гэтую нядзелю, 3 красавіка, у Вугоршчыне адбудуцца парламенцкія выбары. Каб мабілізаваць прыхільнікаў урада, у ліпені 2021 года прэм'ер Орбан абвясціў аб планах правесці рэферэндум з мэтай абараніць дзяцей ад прапаганды ЛГБТ. Гэтыя электаральныя кампаніі пройдуць у адзін дзень.

Тарэтычна краіна жыве ў парламенцкай сістэме, дзе партыі спаборнічаюць і змяняюцца ва ўладзе. Але на практыцы — у вачах урадавай медыйнай машыны апазіцыя больш не апанент, з якім трэба змагацца за перамогу, а вораг, якога трэба маральна знішчыць.

Віктар Орбан — чалавек шырокай душы і палітык з адметнымі лепшымі сябрамі, да ліку якіх адносіцца прэзідэнт краіны, якая зараз распачала вайну, і Лукашэнка. 1 лютага 2022 г. Орбан пагасціў у Маскве і на сустрэчы з Пуціным заявіў, што плануе працягнуць супрацоўніцтва з ім, калі пераможа на выбарах у красавіку. «Таму ў мяне ёсць абгрунтаваныя здагадкі, што мы з вамі будзем супрацоўнічаць на працягу доўгіх гадоў», — сказаў Орбан.

Уладзімір Пуцін і Віктар Орбан. Фота Antikor

Уладзімір Пуцін і Віктар Орбан. Фота Antikor

Апроч гэтага, ён заявіў пра намер дамагчыся павелічэння аб’ёму паставак газу. Пуцін адказаў, што Вугоршчына ўжо атрымлівае расійскі газ па кошце ў некалькі разоў ніжэй за рынкавы ў Еўропе.

5 чэрвеня 2020 г. у Мінску Орбан сустрэўся з Лукашэнкам. Орбан паведаміў пра банкаўскую пазыку на $40 млн для сумесных укладанняў. У адказ Лукашэнка заявіў, што «асабліва перспектыўнай бачыцца кааперацыя ў вытворчасці электробусаў». Таксама бакі выказалі зацікаўленасць у абмене досведам у абыходжанні з адпрацаваным ядзерным палівам у сувязі з падрыхтоўкай Беларускай АЭС да пуску ў Астраўцы.

«Вугоршчына з’яўляецца самым блізкім для Беларусі партнёрам у Еўрасаюзе. Як ніхто іншы, разумее нас і спрыяе паглыбленню нашых адносін з ЕС. 3а апошнія гады яны значна палепшыліся, сталі больш прагматычнымі, раўнапраўнымі і, самае галоўнае, прадуктыўнымі. Вялікая заслуга ў гэтым нашых сяброў з Будапешта і асабіста Віктара Орбана», — заявіў тады Лукашэнка.

orban_luka.jpg

Віктар Орбан і Аляксандр Лукашэнка. Фота ctv.by

У 2013 г. урад Орбана з дапамогай расійскага «Расатама» збіраўся рэканструяваць і пашырыць уласную АЭС «Пакш». Апазіцыйныя партыі лічылі, што такі крок паставіць пад пагрозу энергетычную бяспеку краіны. У Вугоршчыны не было сродкаў на будаўніцтва дадатковых двух энергаблокаў, грошы прапанавала Расія. Краіна вуграў і так ужо моцна залежала праз пастаўкі газу, і калі АЭС, якая дае 40% энергіі, трапіць пад расійскі ўплыў, гэта будзе азначаць поўную здачу энергетычнага сектара Расіі, што ўяўляе сабою геапалітычную пагрозу. Урад Орбана выкарыстоўвае рыторыку энергетычнай самадастатковасці, нежадання залежаць ад іншых краін, пры гэтым ставіць Вугоршчыну ў наўпроставую залежнасць ад Расіі.

У 2014 г. у Вугоршчыне адбыліся заканадаўчыя змены: новы закон пра СМІ ставіць пад жорсткі кантроль інтэрнэт і стварае спецыяльную камісію, што будзе сачыць за дзейнасцю СМІ. Чарговая змена Канстытуцыі ўзмацніла цэнтралізацыю і дала неабмежаваныя паўнамоцтвы дзеючай уладзе.

Як мяркуе Петэр Балаш, былы міністар замежных справаў Вугоршчыны, галоўная прычына існых праблемаў — адсутнасць агульнай мэты. Да 2004 г. асноўнай мэтай краіны было далучэнне да Еўрапейскага Звязу, з чым народ Вугоршчыны звязваў спадзевы на лепшую будучыню. Праблемы ўсё ж засталіся, а мэта знікла. Партыя Орбана шукае яе ў спадчыне былога дыктатара, кіраўніка Вугоршчыны Міклаша Хорці (1920-1944).

Міклаш Хорці і Адольф Гітлер

Міклаш Хорці і Адольф Гітлер

Як сцвярджае Балаш, калі Орбан сутыкаецца з любым супрацівам сваёй палітыцы, ён перапісвае законы, змяняе і ліквідуе інстытуцыі, як было, напрыклад, з Канстытуцыйным судом, судамі іншых інстанцый, СМІ. Быў прыняты закон, які ўвёў манаполію на продаж тытуню. Для нашых чытачоў паўторым, матэрыял не пра Беларусь, а пра Вугоршчыну, усе супадзенні — толькі супадзенні (альбо?).

У 2012 г. адбыліся значныя змены ў выбарным заканадаўстве. Закон забараніў выкарыстоўваць для выбарчай кампаніі прыватныя СМІ, дазваляючы карыстацца толькі газетнымі плошчамі ў дзяржаўных выданнях, была зменшаная колькасць дэпутатаў парламенту. Выбары праводзяцца па змешанай сістэме — (199 дэпутатаў, з іх 106 аднамандатныя, 93 — партыйныя спісы).

Да ведама, вынікі выбараў 2010 у Вугоршчыне:

Парламенцкія выбары 2010:

«Фідэс» і Хрысціянска-Дэмакратычная партыя — 262 месцы

Сацыялістычная партыя — 69 месцаў

«Йобік» (нацыяналістычная партыя) — 47 месцаў

Зялёная партыя 16 — месцаў

Іншыя — 2 месцы

 

Парламенцкія выбары 2014:

«Фідэс» і Хрысціянска-Дэмакратычная партыя — 133 месцы

Сацыялістычная партыя — 38 месцаў

«Йобік» (нацыяналістычная партыя) — 23 месцы

Зялёная партыя — 5 месцаў

 

Вынікі парламенцкіх выбараў 2018:

«Фідэс» і Хрысціянска-Дэмакратычная партыя — 133 месцы

«Йобік» (нацыяналістычная партыя) — 26 месцы

Сацыялістычная партыя — 20 месцаў

Дэмакратычная кааліцыя (былая частка Сацыялістычнай партыі) — 9 месцаў

Зялёная партыя — 8 месцаў

Іншыя — 3 месцы

У 2019-2021 гг. апазіцыйныя партыі Вугоршчыны правялі паспяховую кампанію па аб’яднанні ў адзін блок. 17 кастрычніка 2021 года беспартыйны кандыдат Петэр Маркі-Зай перамог на апазіцыйных праймерыз, стаўшы кандыдатам ад Аб'яднанай апазіцыі на выбарах прэм'ер-міністра. Партыі таксама выбралі агульных кандыдатаў у аднамандатныя акругі праз праймерыз. Петэр Маркі-Зай з'яўляецца незалежным кансерватыўным мэрам горада сярэдняга памеру Ходмезавашархей на поўдні, без партыйнай прыналежнасці, яго платформа ўключае канстытуцыйныя змены для аднаўлення канстытуцыйнай дэмакратыі.

Петэр Маркі-Зай з прыхільнікамі

Петэр Маркі-Зай з прыхільнікамі

Згодна з Асноўным законам, фармальныя змены ў Канстытуцыю запатрабуюць падтрымкі ў парламенце дзвюма трацінамі галасоў. Такім чынам, значная перамога апазіцыі малаверагодная. Калі апазіцыя прыме закон без кваліфікаванай большасці, прэзідэнт можа звярнуцца ў Канстытуцыйны суд, які, верагодна, прызнае яго неканстытуцыйным. Новая ўлада зможа дзейнічаць толькі ў абмежаваных рамках, вызначаных яе папярэднікамі.

Публічнае абдумванне варыянтаў канстытуцыйных зменаў пачалося задоўга да праймерыз. Прапановы, заяўленыя ў вугорскай прэсе, прымусілі двух вышэйшых суддзяў краіны папярэдзіць уладу аб надыходзячым канстытуцыйным перавароце летам 2021 года. Галоўны суддзя Андраш Варга з Вярхоўнага суда заявіў, што канстытуцыйны пераварот парушыць суверэнітэт дзяржавы. У сваю чаргу прэзідэнт Канстытуцыйнага суда Тамаш Сулёк пацвердзіў, што канстытуцыйны пераварот знаходзіцца па-за законным грамадскім дыскурсам. Затым, у кастрычніку 2021 года, спікер парламента Ласла Кёвер заявіў, што размова аб канстытуцыйных зменах роўная падбухторванню да адмены канстытуцыйнага ладу і павінна пераследавацца як крымінальнае злачынства. Зусім нядаўна, у лістападзе 2021 года, з'явіліся ўцечкі са зваротам, які спікер Кёвер зрабіў да службаў нацыянальнай бяспекі ў лютым 2020 года, дзе ён назваў апазіцыю найбольш значнай пагрозай нацыянальнай бяспецы. Аб'яднаная апазіцыя адказала заявай, што спікер Кёвер «падбухторвае супраць аб'яднанай апазіцыі такім чынам, што нагадвае самыя змрочныя дыктатуры, і аказвае палітычны ціск на кіраўнікоў спецслужбаў». У снежні 2021 года старшыня Канстытуцыйнага суда Тамаш Сулёк звярнуўся з адкрытым лістом да прэзідэнта рэспублікі, прэм'ер-міністра і спікера парламента, каб дамагчыся іх запэўнівання ў нязменнасці канстытуцыйных суддзяў неканстытуцыйнымі сродкамі. Нібы адказваючы на ​​гэты заклік, у канцы снежня 2021 года сам Орбан абвясціў аб 10-адсоткавым павелічэнні заробкаў паліцыі і вайскоўцам з дадатковай шасцімесячнай прэміяй, якая будзе выплачвацца ў пачатку 2022.

Расійская агрэсія пасеяла замяшанне ў дагэтуль адзіным электараце «Фідэс». Як прэм'ер-міністр краіны НАТА, Віктар Орбан быў вымушаны падтрымаць заявы з асуджэннем Масквы. Пасля дванаццаці гадоў прарасійскай прапаганды нават прыхільнікі Орбана не ведаюць, як рэагаваць на гэтую чарговую змену пазіцыі іх лідара.

Віктар Орбан. AP Photo/Laszlo Balogh

Віктар Орбан. AP Photo/Laszlo Balogh

Прыхільнікі Орбана кажуць: «У 1999 годзе НАТА бамбавала Сербію толькі праз некалькі тыдняў пасля ўступлення Вугоршчыны. Для Орбана, які ў той час толькі заняў пасаду прэм'ер-міністра ва ўзросце 36 гадоў, гэта, безумоўна, было вызначальным досведам. Зараз, амаль праз чвэрць стагоддзя, другі раз страляюць у сталіцу суседняй краіны. Мы перажываем часы, калі перавага ляжыць за тымі, хто раней адчуў пах гарматнага пораху — нават калі толькі сімвалічна».

У той жа час партыя «Фідэс» пакуль не вынесла ўцямных прапаноў выбарнікам, акрамя ўяўленняў аб тым, якія жахі здзейсніць апазіцыя, калі прыйдзе да ўлады. Дагэтуль нічога не было сказана пра тое, што «Фідэс» мае намер рабіць, калі застанецца ва ўладзе.

22 сакавіка, у дзень, калі прэм’ер-міністры Польшчы, Чэхіі і Славеніі скіраваліся ў Кіеў, каб выказаць салідарнасць з Украінай, Віктар Орбан дэклараваў пра свой нейтралітэт на акцыі ў Будапешце.

«Апазіцыя страціла розум», — аб гэтым Орбан заявіў сваім прыхільнікам на мітынгу з нагоды нацыянальнага дня Вугоршчыны 15 сакавіка. «Мы не можам трапіць паміж украінскім кавадлам і расійскім молатам», — сказаў ён. Віктар Орбан абвінаваціў апазіцыю ў спробе ўцягнуць Вугоршчыну ў вайну і паабяцаў не дасылаць на поле бітвы ні войскі, ні зброю.

Віктар Орбан. Фота Szilard Voros/Xinhua

Віктар Орбан. Фота Szilard Voros/Xinhua

Апазіцыя Вугоршчыны правяла акцыю ў Будапешце ў той жа дзень, на супрацьлеглым баку Дуная. Петэр Маркі-Зай, лідар апазіцыі, заявіў, што Вугоршчына павінна выбіраць паміж двума светамі: Расіяй Пуціна або ліберальным Захадам. Зараз аб'яднаная апазіцыя характарызуе Орбана як бессаромнага слугу Пуціна, а яго сувязі з Расіяй — як пагрозу нацыянальнай бяспецы. Гэтыя сувязі былі настолькі шчыльнымі, што міністр замежных спраў Орбана Петэр Сіярто атрымаў расійскі ордэн Дружбы ад міністра замежных спраў Пуціна Сяргея Лаўрова ў снежні 2021.

Нядаўна палітычны тэарэтык Фрэнсіс Фукуяма зрабіў шэраг вельмі аптымістычных прагнозаў адносна таго, як будзе разгортвацца вайна Расіі супраць Украіны. Расію, напісаў ён 10 сакавіка, чакае поўная параза, і Пуцін яе не перажыве. Акрамя таго, заявіў Фукуяма, «уварванне ўжо нанесла велізарную шкоду папулістам ва ўсім свеце, якія да нападу аднастайна выказвалі сімпатыю Пуціну», у тым ліку Дональду Трампу і Віктару Орбану. Датэрміновым выпрабаваннем гэтай тэорыі стануць выбары 3 красавіка.

Апазіцыя аб'ядналася вакол Маркі-Зая, 49-гадовага каталіка, бацькі сямі дзяцей і адноснага палітычнага аўтсайдара. Маркі-Зай, які жыў у ЗША, у Індыяне з 2006 па 2009 год, часта гучыць як олдскульны рэспубліканец. Ён выступае за зніжэнне падаткаў і дэцэнтралізаваны ўрад. Лідар апазіцыі падтрымлівае каталіцкае вучэнне аб аднаполых шлюбах, абортах і разводах, але не лічыць, што яно павінна быць законам. «Мы не можам навязваць свае погляды астатняй частцы грамадства», — падкрэсліў ён. Маркі-Зай лічыць, што «вялікая розніца паміж заходнімі грамадствамі і некаторымі ісламісцкімі дзяржавамі выяўляецца ў тым, што ў заходнім грамадстве царква не кіруе паўсядзённым жыццём».

Петэр Маркі-Зай

Петэр Маркі-Зай

Партыя «Фідэс», паводле яго слоў, пераканала сваіх прыхільнікаў у тым, што апазіцыя забярэ ў іх пенсіі, адменіць мінімальны заробак, адправіць іх дзяцей ваяваць ва Украіну і дазволіць аперацыі па змене полу без згоды бацькоў для непаўналетніх. У нядаўнім апытанні Euronews 60% рэспандэнтаў з Вугоршчыны заявілі, што краіна занадта наблізілася да Расіі і Пуціна, але невядома, ці будзе гэты факт мець значны ўплыў на галасаванне.

Пітэр Крэка, дырэктар Інстытута палітычнага капіталу, лічыць, што «Нават калі Орбан выйграе яшчэ адзін тэрмін, яго мара аб стварэнні правага нацыяналістычнага блока ў Еўропе мёртвая. Вайна ва Украіне ўбіла клін паміж ім і нацыяналістычным урадам у Польшчы, які выступае за агрэсіўны адказ Расіі».

Апытанне, праведзенаеZavecz Research з 23 па 25 сакавіка, паказала, што падтрымка «Фідэс» складае 41% электарату, у той час як апазіцыйны альянс мае 39%. Даследаванне паказвае, што яўка на выбарах будзе высокай, магчыма, дасягне 80%.

Віктар Орбан і Петэр Маркі-Зай

Віктар Орбан і Петэр Маркі-Зай

Адкрытая варожасць да бежанцаў была вызначальнай праблемай кіравання Орбана, але і ў гэтым плане яму прыйшлося пагадзіцца з ЕЗ, дазволіўшы бязвізавы ўезд тым, хто ўцякае ад расійскіх бомбаў. Больш за 200 тысяч украінцаў знайшлі прытулак у Вугоршчыне.

Праз некалькі гадзін пасля пачатку вайны 24 лютага праўладны эксперт па бяспецы Георг Шпетле заявіў у эфіры дзяржаўнага тэлеканала М1, што для Уладзіміра Зяленскага небяспечна заклікаць грамадзян Украіны ўзяць у рукі зброю. На яго думку, гэта параўнальна з дзеяннямі Гітлера напрыканцы Другой сусветнай вайны. Падкантрольнае ўраду дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва першапачаткова прытрымлівалася той жа лініі, якую Пуцін патрабуе ад расійскіх СМІ, назваўшы падзеі ва Украіне «ваеннай аперацыяй», а не вайной.

Медыяаналітыкі лічаць, што вугорскія дзяржаўныя СМІ зараз з'яўляюцца вяшчальнікам крамлёўскай прапаганды № 1 у Еўропе, паколькі RT і Sputnik закрыты.

Калі вы не выбралі свайго фаварыта ў вугорскіх выбарах, мы абралі для вас цудоўны варыянт: «Партыя двухвостага сабакі» — парадыйная партыя, якая існуе з 2006 года і была зарэгістраваная афіцыйна ў 2014 годзе. Чальцы партыі займаюцца пераважна стварэннем пародый на тыповыя лозунгі палітычнай эліты Вугоршчыны, прасоўваюць абсурдныя ідэі на выбарах ці робяць смешныя афіцыйныя заявы.

У красавіку 2017 года партыя правяла ўрачыстае шэсце, высмейваючы чарговую ініцыятыву Віктара Орбана (у тым ліку па закрыцці Цэнтральнаеўрапейскага ўніверсітэта). Удзельнікі акцыі вынеслі плакаты на расійскай і вугорскай мове з лозунгамі «Мы не будзем калоніяй», «Нам не патрэбныя выбары», «Прэч свабоду прэсы».

У 2014 годзе АБСЕ назвала парламенцкія выбары ў Вугоршчыне «свабоднымі, але не справядлівымі» і адзначыла, што галасаванне ў 2018 годзе характарызавалася «паўсюдным перакрыццем рэсурсаў дзяржавы і кіруючай партыі, што падрывае здольнасць канкурэнтаў канкурыраваць на роўных».

Віктар Орбан. Фота РИА «Новости»

Віктар Орбан. Фота РИА «Новости»

Безумоўна, станоўчай адзнакі заслугоўвае закон, прыняты ўрадам Орбана ў 2011 г., які адмяняе тэрмін даўнасці за ваенныя злачынствы. Пасля гэтага перад судом апынуўся Бэле Біску, які аддаваў загады аб расстрэле дэманстрантаў у 1956 годзе.