Ці баіцца Орбан сабакі з двума хвастамі?

Поспех партыі Віктара Орбана на выбарах выклікаў крызіс старых апазіцыйных партый ды зрабіў франтмэнам апазіцыі сатырычную тусоўку пад назвай «Партыя сабакі з двума хвастамі».

Фота nepszava.hu

Фота nepszava.hu

Хаця вынікі парламенцкіх выбараў у Венгрыі агучылі больш за тыдзень таму, градус палітычнай напружанасці на берагах Дуная і не думае спадаць. У мінулы ўік-энд у Будапешце аб’яднаная апазіцыя правяла стотысячны мітынг. Яго ўдзельнікі акрамя антыўрадавых лозунгаў актыўна спявалі песні венгерскага паўстання 1848 года, што надавала акцыі радыкальны прысмак. Гэта было самае буйнае дэфіле апанентаў рэжыму Орбана ад 2010 года.

Праўда, за такую колькасць маніфестантаў арганізатары павінны быць часткова ўдзя­чныя самому Орбану. Напярэдадні блізкія да ўраду СМІ, як і абяцаў прэм’ер, апублікавалі «пайменны спіс наймітаў Сораса» (мільярдэр Джордж Сорас — асабісты вораг Віктара Орбана). У спіс трапілі сябры праваабарончых арганізацый кшталту «Amnesty International», «Хельсінкскай групы», «Грамадства за Transparency International» і гэтак далей.

Сам факт публікацыі такога спісу стаў выклікам для грамадскасці. Прычым, Орбан спыняцца яўна не збіраецца. У парламенце ўжо з’явіўся законапраект, паводле якога могуць быць забароненыя або даведзеныя да банкруцтва няўрадавыя арганізацыі, якія дапамагаюць уцекачам.

Фота Wikipedia.org

Фота Wikipedia.org

Пакуль у дуэлі «ўлада супраць апазіцыі» палітычныя букмекеры робяць стаўку на ўладу. Венгры, якія ходзяць на мітынгі, не маюць сістэмнай альтэрнатывы. Пасля выбараў кіраўнікі вядучых апазіцыйных партый абвясцілі пра адстаўкі. Няма моцных лідараў і ў грамадзянскай супольнасці. Інтэлігенцыя палохае народ унутранай або знешняй эміграцыяй сваіх звышкаштоўных мазгоў. Аднак людзей выводзяць на акцыі ўласныя праблемы — пачынаючы ад нізкіх заробкаў і кепскай адукацыі дзяцей да асабістых антыпатый на адрас Орбана. Словам, доўгатэрміновыя пратэсты кшталту Майдана або Балотнай плошчы ў Венгрыі наўрад ці магчымыя.

У гэтым плане цікава, што ў заходняй прэсе пачалі надаваць шмат увагі праекту «Партыя сабакі з двума хвастамі» (венг. Magyar Kétfarkú Kutya Párt, або скарочана — MKKP). Гэта адна са шматлікіх сатырычных партый, якія апошнім часам дастаткова папулярныя ва Усходняй Еўропе. Як правіла, ля вытокаў такіх партый стаіць багема або моладзь, якая здзекуецца з карумпаванага палітыкуму, прычым выкарыстоўвае для гэтага абсурдныя ідэі або робіць смешныя афіцыйныя заявы.

Эмблема «Партыі сабакі з двума хвастамі» (MKKP). 

Эмблема «Партыі сабакі з двума хвастамі» (MKKP). 


Адпаведным чынам выглядае і праграма MKKP, якая ўключае наступныя абяцанкі: вечнае жыццё, мір ва ўсім свеце, адзін працоўны дзень на тыдзень, два заходы сонца на дзень (розных колераў), паменшаная сіла гравітацыі, бясплатнае піва і нізкія падаткі.

Увогуле, «Партыя сабакі з двума хвастамі» паўстала ў 2006 годзе і хутка зрабіла сабе імя за кошт кампаніі «За меншую Венгрыю». Актывісты MKKP малявалі графіці і распаўсюджвалі ўлёткі, на якіх была адлюстравана толькі частка тэрыторыі цяперашняй Венгрыі. Іншыя землі на мапе былі «аддадзеныя» Аўстрыі, Славеніі, Харватыі, Сербіі, Румыніі, Украіне і Славакіі. Гэта была вельмі брутальная сатыра на патрабаванні нацыяналістаў прад’явіць шэрагу суседніх краін тэрытарыяльныя прэтэнзіі.

Білборд 2015 года "Сардэчна запрашаем у Венгрыі (па выходных зачынена)», які высмейвае стаўленне ўрада да мігрантаў з Блізкага Усходу. Фота www.wikiwand.com

Білборд 2015 года "Сардэчна запрашаем у Венгрыі (па выходных зачынена)», які высмейвае стаўленне ўрада да мігрантаў з Блізкага Усходу. Фота www.wikiwand.com

Аднак сапраўдны прарыў для сатырыкаў адбыўся падчас крызісу з мігрантамі ў 2016 годзе. У той час, як улады запусцілі ксенафобскую кампанію супраць уцекачоў, MKKP сабрала грошы на 800 білбордаў, дзе быў напісаны зварот да мігрантаў: «Адчувайце сябе вольна. Мы ўсе з’ехалі працаваць у Англію». У 2014-м партыя атрымала рэгістрацыю і права вылучаць кандыдатаў. Першы блін не аказаўся камяком. 8 красавіка за кандыдатаў прагаласавала 1,6 працэнта выбаршчыкаў.

Паказчык вельмі сціплы, аднак заходняя прэса прысвяціла MKKP шмат матэрыялаў. Такія салідныя выданні, як «Newsweek», «Guardian», «Tageszeitung» і іншыя на ўсю моц ухваляюць венгерскіх сатырыкаў, якія праводзілі кампанію, апранутыя ў касцюмы жывёл. Такім чынам актывісты даносілі ідэю, што венгерскі выбаршчык згубіў веру ў палітыкаў-людзей.

1280.jpg

Феномен цікавасці да MKKP на Захадзе ў каментары «Новаму Часу» паспрабаваў растлумачыць украінскі навуковец Сяргей Бандарчук, які навучаецца ў Будапешце.

— На маю думку, ёсць дзве прычыны інтарэсу да MKKP з боку Захаду. Па-першае, гэтая партыя — абсалютны лідар у венгерскім сегменце інтэрнэту. На акаўнт «Партыі сабакі з двума хвастамі» падпісана каля 300 тысяч чалавек. Менавіта папулярнасць у сеціве ўсё часцей становіцца ўмовай электаральных перамогаў.

Па-другое, у Еўропе бачаць, што старая апазіцыя ніяк не прыйдзе ў сябе, шакаваная вынікамі выбараў. Паслявыбарчыя выступы лідараў апазіцыйных партый выклікаюць хутчэй смутак і пачуццё адсутнасці нейкіх перспектыў. І хаця ўсе лідары партый, акрамя Бернадэт Сэл (старшыня партыі эколагаў) падалі ў адстаўку, асаблівых спадзяванняў на новае кіраўніцтва не назіраецца. «Партыя сабакі з двума хвастамі» выглядае тут сапраўдным кантрастам. Для іх выбары былі дэбютам, і таму 1,68 працэнта галасоў — гэта перамога. Акрамя таго, атрымаўшы больш за адзін працэнт, партыя займее дзяржфінансаванне. Бадзёрасць духу — менавіта тое, што трэба ў цяперашніх цяжкіх умовах. Сёння сярод апазіцыянераў выключна лідары MKKP кажуць, што збіраюцца перамагаць.