Неапошні дыктатар Еўропы

Аніводнае грамадства сёння не гарантавана ад усталявання дыктатуры.

Ілюстрацыя створана нейрасеткай Midjourney

Ілюстрацыя створана нейрасеткай Midjourney

І адкуль яны бяруцца, гэтыя дыктатары? Былі ж часы, калі людзі верылі, што дыктатурам прыйшоў канец. Нават Лацінская Амерыка, якая заўжды лічылася запаведным для іх месцам, іх пазбавілася. Усе радаваліся і верылі, што аніколі болей людзі ў цвёрдай памяці і цвярозым розуме не прагаласуюць за тых палітыкаў, якія адвяргаюць каштоўнасці ліберальнай дэмакратыі — з вяршэнствам закона і абаронай правоў і свабодаў кожнага чалавека, незалежна ад таго, да большасці ці меншасці ён належыць. За тых палітыкаў, якія выступаюць супраць рынкавай эканомікі, што дае магчымасць людзям свабодна працаваць і зарабляць. Ну і, канешне, за тых палітыкаў, якія замест будучыні абяцаюць сваім краінам будаўніцтва «светлага мінулага».
Але тое было даўно — у тыя дзевяностыя мінулага стагоддзя, якія цяпер модна называць, услед за адным сучасным дыктатарам, «ліхімі». У наш час дыктатуры відавочна зрабіліся нахабнымі і спрабуюць падмяць пад сябе самыя розныя нацыі, што згубілі пільнасць.
Нават у Еўрапейскім Саюзе, у спакойнай і стабільнай, падавалася, Вугоршчыне, кіраўнік гэтай краіны Віктар Орбан пабудаваў сістэму, якая некалі ў часопісе «Economist» была пазначана як «аўтарытарная клептакратыя»: абмежаваныя свабоды і правы грамадзян, ліквідацыя падзелу ўладаў, пазбаўленне палітычных апанентаў магчымасці на роўных удзельнічаць у палітычнай барацьбе, і на фоне ўсяго гэтага — росквіт карупцыі.
Падаецца, анічога не абяцала вугорцам такіх прыгодаў. Пасля краху сацыялістычнай сістэмы дэмакратыя развівалася, выбары адбываліся, кіруючыя партыі змяняліся. Тады, дарэчы, Орбан чатыры гады займаў пасаду прэм’ер-міністра — з 1998 па 2002. Пры ім краіна ў 1999 годзе далучылася да NATO. У 2004-м уступіла ў Еўрапейскі Саюз. Нармалёвая краіна з нармалёвым ходам развіцця.
«Нармалёвасць» скончылася ў 2010-м, калі на парламенцкіх выбарах партыя Фідэс, якую ўзначальвае Орбан, зазнала каласальны поспех, атрымаўшы ў кааліцыі з Хрысціянска-дэмакратычнай партыяй 265 месцаў з 386. Орбан зноў вярнуўся на пасаду прэм’ера. І з таго часу трымае яе вось ужо 12 гадоў.
Тут варта — проста неабходна! — адзначыць, што Вугоршчына па сваім палітычным ладзе з’яўляецца парламенцкай рэспублікай. Прэзідэнт абіраецца парламентам і выконвае прадстаўнічыя функцыі. Рэальнай уладай карыстаецца парламент. І прэм’ер-міністр як глава ўраду. Я адмыслова падкрэсліваю гэтую акалічнасць, паколькі сярод беларусаў цяпер вельмі распаўсюджана меркаванне, што ўсе нашыя беды — ад прэзідэнцкай мадэлі. Маўляў, пяройдзем да парламенцкай рэспублікі — і зажывем: аніякія дыктатары нам не будуць страшнымі. Дык вось вам, панове, прыклад Вугоршчыны, дзе парламенцкая дэмакратыя зрабілася добрай глебай для парасткаў дыктатуры. Такім чынам, зусім не ў існаванні-неіснаванні пасады прэзідэнта і не ў ягоных функцыях заключаецца пагроза дэмакратыі.
І яшчэ адна акалічнасць, якая адыграла, мусіць, не апошнюю ролю ў перамозе Орбана. Сацыялагічныя даследванні, якія праводзіліся ў Вугоршчыне ў 2010-м, прадэманстравалі: больш за 70% грамадзянаў лічылі, што пры камуністычным рэжыме жыццё было лепей. Гэта значыла, што народ быў гатовы пазбавіцца правоў, свабодаў, выбару, перспектываў. Але пры ўмове, што «моцная рука» ў асобе дзяржавы будзе забяспечваць яго тым, што неабходна для падтрымання існавання хаця б на базавым узроўні. Нейкі даход ёсць, праца (нейкая) ёсць: шмат не заробіш, але й з голаду не памрэш. Ну, а тое, што гэтая сістэма прадэманстравала сваю нежыццяздольнасць, дык пра гэта ўжо забыліся. Тут Орбан таксама адказваў запытам электарату: яшчэ за часам свайго першага прэм’ерства ён правёў рэформу сістэмы дзяржаўнага кіравання, якая ў страту паўнамоцтвам парламента перанесла істотныя кіруючыя функцыі на ўрад і, адпаведна, ягонага кіраўніка.
Атрымаўшы трыумфальную перамогу ў 2010-м, Орбан перайшоў да новага этапу рэфармавання краіны. У 2012 годзе была прынята новая рэдакцыя Канстытуцыі. З вельмі характэрнымі і паказальнымі папраўкамі, па якіх можна было «прачытаць» усе перспектывы, якія Орбан з таварышамі рыхтавалі для вугорскага грамадства. Праўда, перспектывы гэтыя былі схаванымі за вельмі прывабнымі для некаторай часткі грамадства фармулёўкамі. У прыватнасці, у тэксце Канстытуцыі прысутнічаюць такія моманты як «абарона жыцця ад моманту зачацця» (гэта ёсць — фактычная забарона абортаў), шлюб пазначаецца як «саюз мужчыны і жанчыны» (што дыскрымінуе гомасексуальныя пары), а асноўнае, што аб’ядноўвае вугорцаў, — гэта «Бог і хрысціянства».
«Дык і супер! — скажуць тут людзі. — Гэта тое, што мы з радасцю пабачым і ў Канстытуцыі Беларусі!» Так, словы, сапраўды, выглядаюць для некаторых прывабна. Але асцярожней, панове, тут — пастка! Усе прыведзеныя вышэй палажэнні новай рэдакцыі Канстытуцыі вызначаюцца адной супольнай рысай. А менавіта — дыскрымінацыяй пэўных грамадзянаў і групаў насельніцтва: жанчын, гомасексуалаў, прадстаўнікоў нехрысціянскіх канфесіяў. Што парушае базавы прынцып ліберальнай дэмакратыі, дзе ўсе мусяць быць роўнымі перад законам і правы анікога не могуць быць парушанымі. А калі вы, панове, гатовыя ахвяраваць чыімсьці чужымі правамі, будзьце ўпэўнены: вашыя правы таксама не застануцца некранутымі.
Орбан спрытна граў і грае на тых пачуццях, якія прымушаюць людзей забыцца на рацыяналізм і рабіць выбар праз эмоцыі — «галасаваць сэрцам», як казалі некалі ў адной суседняй з намі ўсходняй краіне. Страх — адно з самых моцных і матывуючых пачуццяў, і Орбан карыстаецца ім проста віртуозна! Гэта, дарэчы, добра праявілася пад час «мігранцкага крызіса» ў Еўропе ў сярэдзіне 2010-х. Больш за ўсё чалавека палохае чужое і невядомае. Дастаткова штучна надаць гэтаму чужому і невядомаму пагрозлівы выгляд, пазначыць яго як крытычную пагрозу існаванню краіны і людзей, якія яе насяляюць, і далей можна паўставаць перад напалоханым грамадствам у вобразе ратавальніка ад гэтай бяды. А калі да рыторыкі дадаць яшчэ што-небудзь пра нацыянальную веліч і перавагу над астатнімі нацыямі — пішы прапала: краіна становіцца на надзвычай слізкую сцяжынку, якая ўжо не адну дзяржаву прыводзіла да катастрафічных наступстваў.
Але электаральная падтрымка — велічыня пераменная. Сёння ты ў фаворы, але любая няўдача можа ўсё гэта перакрэсліць. Дасведчаны Орбан гэта разумее, і таму ён адразу імкнуўся зменшыць уплыў гэтага фактару.
Яшчэ ў 2012 годзе была праведзена рэформа парламенту і сістэмы выбараў у яго. Колькасць дэпутатаў скарацілася амаль удвая: з 386 да 199 дэпутатаў. Для іх выбараў уводзілася вельмі складаная і мудрагелістая змяшаная сістэма, якая давала перавагу кіруючай партыі Фідэс. Змяніліся і межы выбарчых акругаў. У выніку, тыя акругі, дзе перавага была ў апанентаў Фідэс, былі падзелены паміж акругамі з надзейным праўладным электаратам, які паспяхова «задушыў» галасы тых, хто падтрымліваў апазіцыю.
Прымяняліся і некаторыя вядомыя нам метады. Напрыклад, падчас элекцыйнай кампаніі выпусціць супраць кандыдатаў ад Фідэс жменю разнастайных ноўнэймаў — якія быццам бы «ў апазіцыі». А потым крычаць праз кантраляваныя дзяржавай СМІ: «Ну, паглядзіце ж на гэтых клоўнаў, якія нават паміж сабой аб’яднацца не могуць!» Варта адзначыць, што апазіцыйныя сілы ў такой сітуацыі аказаліся ў стане разгубленасці. І сапраўды, прыдумаць метады процідзеяння такім захадам кіруючага рэжыму даволі складана. Тыя прадстаўнікі апазіцыі, якія былі абранымі ў парламент, цяпер стаяць перад дылемай: байкатаваць працу ў парламенце (і тым цалкам развязаць рукі кіруючай большасці) ці прыняць мандаты (і тым легітымізаваць выбары «па-орбанаўску»)? Абодва варыянты выглядаюць так сабе.
І, канешне, адзін з істотных элементаў любой аўтарытарнай мадэлі: задушэнне свабоды слова. Орбан паспяхова робіць гэта ад 2010 года. Настолькі паспяхова, што за 10 год Вугоршчына апусцілася на 69 радкоў у індэксе свабоды прэсы. На практыцы гэта значыць, што для грамадзян доступ да інфармацыі датычна дзейнасці кіраўніцтва краіны (перш за ўсё — самога Орбана) зрабіўся значна абмежаваным. У сваю чаргу, гэта пазбаўляе грамадзян магчымасці кантраляваць дзяржаву. А гэта, у сваю чаргу, адкрывае вялікія перспектывы для карупцыі. А вось гэта ўжо непасрэдна ўплывае на эканамічную сітуацыю ў краіне. Адсутнасць кантролю з боку грамадства і адсутнасць справаздачнасці ўраду (ён, канечне, справаздачны парламенту, але мы памятаем, што большасць там складаюць дэпутаты ад партыі Фідэс — той самай, чальцы якой уваходзяць і ва ўрад) зніжаюць адказнасць за эканамічныя рашэнні, што робіць гэтыя рашэнні надзвычай неэфектыўнымі.
Церпяць ад гэтага, па выніку, простыя грамадзяне. Насуперак чаканням, палітыка Орбана не прывяла да паляпшэння жыцця, што нарадзіла сярод вугорцаў сумны жарт: «Як адвадзіць мігрантаў ад межаў Вугоршчыны? Ды проста развесіць на памежных слупах раздрукоўкі з памерамі нашых заробкаў!»
Канечне, Орбана нельга назваць «стоадсоткавым» дыктатарм. Але такія мадэлі, як дэманструе гісторыя, маюць тэндэнцыі да развіцця. Орбан сам пазначыў свае мэты, калі сказаў у 2014-м, што не хоча будаваць у Вугоршчыне ліберальную дэмакратыю. Для яго ідэалам, маўляў, з’яўляюцца тыя мадэлі, якія пабудаваны ў Расіі ці ў Кітаі. Ды і цяпер ён усялякім чынам дэманструе сваю прыязнасць расійскаму кіраўніцтву. І добра б, каб спіс тых, да каго Орбан мае сімпатыі, і хто мае сімпатыі да яго, гэтым і абмяжоўваўся. Але не — ён куды шырэйшы. Гэтым летам Орбан атрымаў цёплую сустрэчу з боку кансэрватыўных колаў ЗША, у тым ліку — сяброўскую падтрымку Дональда Трампа. І гэта нягледзячы на тое, што з вуснаў Орбана толькі што прагучалі тыповыя нацысцкія заявы пра «чысціню расы» ды падобнае.
Гэта паказвае: патэнцыял дыктатураў ёсць высокім у любым грамадстве. І Орбан будзе далёка не апошнім дыктатарам. Пытанне: што можна зрабіць, каб зменшыць гэтую рызыку? Можна казаць, што ад дыктатуры дапамагае высокая палітычная культура грамадзянаў, рацыянальнасць, здольнасць распазнаць прыкметы будучай дыктатуры ў рыторыцы палітыкаў і, канечне, разуменне адказнасці людзей за свой выбар. Але паўстае новае пытанне: як гэтага дасягнуць?