Венгрыя крочыць да аўтарытарызму

Парламент Венгрыі 12 сакавіка ўхваліў ужо чацвёрты пакет паправак у канстытуцыю, якая ўступіла ў сілу толькі 1 студзеня 2012 года. Па меркаванни некаторых экспертаў, краіна коціцца да аўтарытарызму.



image12296123_3c790682ff6562d6627403defd0a8904.jpg

Фота news.mail.ru

Нягледзячы на шырокі грамадскі пратэст унутры краіны, а таксама крытыку Еўрасаюза, ЗША і мноства міжнародных праваабарончых арганізацый, за 15-старонкавы тэкст паправак прагаласавалі 265 дэпутатаў, 11 выказаліся супраць, яшчэ 33 устрымаліся. Сацыялісты — галоўная апазіцыйная сіла Венгрыі — галасаванне байкатавалі.

За што крытыкуюць

Што ж новага будзе ў венгерскай канстытуцыі? За што яе крытыкуюць лібералы і сацыялісты ўнутры краіны і выказваюць занепакоенасць ЕС І ЗША?

З гэтага часу ўсе папярэднія рашэнні Канстытуцыйнага суда Венгрыі будуць ануляваны, хоць іх прававыя наступствы застануцца ў сіле. У далейшым суддзі КС змогуць або выносіць новыя вердыкты ў адпаведнасці з рашэннямі, якія папярэднічалі новаму Асноўнаму закону, або прымаць іх у зусім іншым ключы. Такім чынам, паўнамоцтвы КС, які раней часцяком выступаў з крытыкай рашэнняў прэм’ера Віктара Орбана, сталі значна абмежаванымі.

Папраўкі пашыраюць круг асобаў, якія маюць права ініцыяваць канстытуцыйны перагляд законаў, уключаючы ў яго прэзідэнта Вярхоўнага суда і Галоўнага пракурора Венгрыі. Канстытуцыйны суд атрымае права самастойна пераглядаць Асноўны закон краіны, але толькі з працэдурнага пункта гледжання. Але і КС не зможа адхіліць закон, які атрымаў падтрымку дзвюх трацін дэпутатаў парламента Венгрыі.

Бадзяжніцтва стане злачынствам, а валачашчым людзям пагражаюць турэмныя тэрміны. Дзяржаўныя органы могуць забараніць сталае пражыванне ў некаторай частцы грамадскіх месцаў, але валачашчыя не лічацца апрыёры парушаючымі закон. Папраўкі абавязваюць цэнтральныя і мясцовыя ўлады заклапаціцца ўладкаваннем людзей, якія не маюць прытулку над галавой. Хаця сацыялісты лічаць, што асноўным клопатам уладаў зараз стане накіраванне гэтых люзей за краты.

Умовай выплаты сацыяльных выплатаў стане выкананне прымусовых грамадскакарысных работ, а таксама згода на рэгулярныя праверкі па месцы жыхарства.

Грамадскія і аднаполыя шлюбы не будуць лічыцца легітымнымі, хоць забароны на іх няма. Папраўкі аддаюць перавагу традыцыйнай мадэлі сям'і, хоць астатнія формы сужыцця не забараняюцца. Канстытуцыя будзе падкрэсліваць, што шлюб і адносіны паміж бацькам і дзецьмі заснаваны на традыцыйнай сям'і. А сацыяльная абарона сем'яў больш не будзе распаўсюджвацца на незарэгістраваныя пары.

Студэнты, якія навучаюцца за дзяржаўны кошт, будуць абавязаны адпрацаваць вызначаны перыяд часу ў Венгрыі пасля заканчэння вучобы. Выпускнікі, якія рашылі працаваць за мяжой, павінны будуць пакрыць дзяржаве кошт іх навучання ў ВНУ.

У папраўках уведзена становішча, якое асуджае камунізм, хоць гэта не прыцягвае да адказнасці Сацыялістычную партыю, што з'яўляецца спадчыннікам палітычных дзеячаў эпохі камунізму.

Толькі грамадскія СМІ атрымаюць права публікаваць палітычныя заявы кандыдатаў перад выбарамі, уключаючы выбары ў Еўрапарламент, прычым для ўсіх партый, якія прынялі ўдзел у гонцы, павінны быць роўныя магчымасці.

Частка паправак тычыцца свабоды веравызнанняў і свабоды выказванняў, якія па меркаванню сацыялістаў, значна абмяжоўваюць грамадзянскія правы венграў.

Пратэсты і крытыка не перашкода

Напярэдадні пасяджэння парламента і ў дзень прыняцця паправак некалькі тысяч чалавек прынялі ўдзел у дэманстрацыях пратэсту каля будынка парламента. У іх прыняў удзел таксам былы мэр Будапешта Габор Дэмскі і пісьменнік Міклаш Тамаш Гашпар, які выступіў з лозунгам "Канстытуцыя — гэта не гульня". Дэманстранты неслі плакаты з надпісамі: "Справядлівую Канстытуцыю!", "Расізм і антысемітызм — гэта смяротны грэх", "Канстытуцыя, дэмакратыя, улада закона!".

Крытыкі венгерскага парламента ў ЕС лічаць, што папраўкі абмяжоўваюць у краіне выбарчае права, волю веравызнання, правы сэксуальных меншасцяў і аўтаномію ўніверсітэтаў.

Канцлер Германіі Ангела Меркель на сустрэчы з прэзідэнтам Венгрыі Янашам Адэрам, якая адбылася ў Берліне 12 сакавіка, крытычна выказалася пра прынятыя змены да канстытуцыі краіны. Меркель адзначыла, што "заклапочанасць еўрапейскіх партнёраў і сяброў Венгрыі з нагоды абмежаванні паўнамоцтваў Канстытуцыйнага суда варта прымаць сур'езна", перадае агенцтва Reuters.

Афіцыйны прадстаўнік Еўракамісіі Аліўе Бейлі паведаміў 12 сакавіка, што ЕК можа ўжыць "легальныя меры", каб прывесці канстытуцыю Венгрыі "ў адпаведнасць з еўрапейскімі нормамі і каштоўнасцямі".

Нягледзячы на тое, што 97% сродкаў на развіццё эканомікі Венгрыі ў апошнія гады паступае менавіта з ЕС, прэм'ер Орбан сцвярджае: “Наша краіна ніколі не дазволіць, каб ёй штосьці дыктавалі — з Брусэля ці яшчэ аднекуль", і краіна не мае патрэбу ў "няпрошанай сяброўскай дапамозе" ад людзей у "выдатна пашытых гарнітурах" у справе змянення сваёй канстытуцыі.

49-гадовы Віктар Обран неаднаразова рабіў спробы сканцэнтраваць уладу ў адных руках і правесці славутую "рэвалюцыю ў кабінцы для галасавання" — менавіта так ён назваў пераканаўчую перамогу сваёй партыі на выбарах 2010 года. Некалі заўзяты дысідэнт і барацьбіт з камунізмам уварваўся ў палітыку ў 1989 годзе, публічна запатрабаваўшы вываду савецкіх войскаў з Венгрыі і завяршэнні камуністычнай дыктатуры.

Небяспека аўтарытарызму

Па меркаванні венгерскага эксперта па бяспецы Ота Кала, папраўкі ў канстытуцыю фактычна завяршылі працэс ліквідацыі ліберальных інстытутаў, якія паўсталі пасля падзення камунізму 23 гады таму. Такія маштабныя змены ў канстытуцыі Венгрыі зробяць практычна немагчымымі дэмакратычныя выбары ў 2014 годзе. Апазіцыя фактычна не зможа на роўных удзельнічаць у палітычных працэсах.

Акрамя таго, некаторыя з паправак пагражаюць не толькі дэмакратыі на Дунаі, але і небяспечныя для Бруселя. Папраўкі абмяжоўваюць правы Канстытуцыйнага суда і дапускаюць значнае ўмяшанне выканаўчай улады ў сістэмы правасуддзя і вышэйшай адукацыі, а гэта вядзе да спаўзання да аўтарытарнай мадэлі, што не дапушчальна ў рамках ЕС.

Новыя папраўкі таксама пазбаўляюць суды магчымасці спасылацца на юрыдычныя прэцэдэнты, якія ўзніклі ў перыяд дзеяння папярэдняй рэдакцыі тэксту канстытуцыі. Такія рашэнні адкідаюць Венгрыю назад, у 1990-я гады, а гэта вельмі небяспечна.