Фігуры тыдня: Сяргей Маскевіч, «Akute», Мікіта Ліхавід
Сяргей Маскевіч Каб не даваць магчымасць удзельнічаць у конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі абітурыентам, якія маюць нізкі ўзровень падрыхтоўкі, пастановай Міністэрства адукацыі Беларусі ад 20 лютага 2013 года №8 устаноўлена ніжняе значэнне тэставага бала, пачынаючы з якога адзнака ў 2013 годзе будзе прызнавацца здавальняючай.
Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч паведаміў: для таго, каб мець магчымасць падаць дакументы ў ВНУ, абітурыенты павінны будуць набраць мінімальна: 10 балаў па прадметах «Беларуская мова» або «Руская мова»; 15 балаў — па прадметах «Матэматыка», «Фізіка», «Хімія», «Біялогія»; 20 балаў — па прадметах «Гісторыя Беларусі», «Сусветная гісторыя найноўшага часу», «Грамадазнаўства», «Геаграфія», «Замежныя мовы (англійская, нямецкая, французская, іспанская)».
Станоўчыя значэнні тэставых балаў вызначаліся з улікам праведзенага аналізу вынікаў ЦТ за апошнія два гады.
«Мяркуем, што каля 30% абітурыентаў не набяруць ніжняга значэння тэставага бала. Але яны змогуць працягнуць навучанне ў ПТВ і сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Як паказвае міжнародная практыка, толькі каля 40% выпускнікоў школ могуць асвойваць праграмы вышэйшай адукацыі», — растлумачыў міністр адукацыі.
Для асобаў, якія паступаюць ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, ніжняе значэнне тэставага бала па ўсіх вучэбных прадметах, пачынаючы з якога адзнака лічыцца здавальняючай, — 1 бал.
«Akute»
Сайт Ultra-Music раздаў музычныя прэміі за 2012 год. Галоўныя ўзнагароды забраў гурт «Akute». Як піша «Еўрарадыё», «інтрыга круцілася вакол гуртоў «Akute» і «Серебряной Свадьбы». Менавіта яны апынуліся лідарамі галасавання 51 «акадэміка», якія дапамагалі парталу Ultra-Music падвесці музычныя вынікі 2012 года. Гэтыя каманды і забралі галоўныя ўзнагароды. «Серебряная Свадьба» напісала «Песню года» і «Альбом года», а «Akute» сталі «Гуртом года». Да гэтага магілёўскі гурт стаў гуртом–2012 па версіі «Еўрарадыё» на фестывалі «Даём рады» і атрымаў званне «Герояў года» ад «Тузіна Гітоў».
«Ясна, што заўжды будзе суб’ектыўнасць, і ясна, што ніколі не будзе цалкам згодных з вынікамі, — мяркуе рэдактар партала Tuzin.fm Сяргей Будкін, які атрымаў прэмію UMA за праект «Тузін. Немаўля». — Але мне здаецца, што гэта толькі на карысць: калі больш намінантаў, калі больш прэмій, то гэта да лепшага. Таму што, калі была адна «Рок-каранацыя», і ўсе вакол яе спрачаліся, то тут будуць спрэчкі вакол 4–6 прэмій, якія мы маем цяпер. А гэта толькі на пазітыў для беларускай музыкі і беларускіх музыкаў».
На думку каардынатара сайта Experty.by Змітра Бескаравайнага, прэмія Ultra-Music Awards — гэта частка станоўчага працэсу развіцця беларускай музыкі: «У нас вялікая ўплывовая прэмія кшталту «Грэмі» немагчымая, таму што наша незалежная музычнaя сцэна яшчэ будуецца. Яшчэ ў пэўнай ступені беларуская музыка лічыцца ў масах крыху маргінальнай. Паступова яна пазбаўляецца гэтага статусу праз пэўных лідараў — праз «Серебряную Свадьбу», праз «Троіцу», праз «Ляпісаў», — але гэты працэс займае шмат часу, каб менавіта сваю музыку людзі лічылі асноўнай ці хаця б роўнай адносна да заходняй і ўсходняй».
Мікіта Ліхавід
Былому палітвязню Мікіту Ліхавіду паведамілі ў міліцыі, што ён павінен дасядзець 10-сутачны арышт за ўдзел у падзеях у Мінску 19 снежня 2010 года. Але ў 2011 годзе Мікіта Ліхавід быў асуджаны да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Яго затрымалі 19 снежня і на наступны дзень асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Аднак 25 снежня Ліхавіда перавялі ў следчы ізалятар па крымінальнай справе, а 29 сакавіка 2011 года — прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках і прысудзілі да трох з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У верасні 2011-га Ліхавід быў вызвалены на падставе ўказу аб памілаванні ў ліку 11 фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках, піша БелаПАН.
Юрыст Павел Сапелка мяркуе, што юрыдычна ўлады могуць абгрунтаваць неабходнасць адбыць пакаранне за Плошчу, але самае істотнае ў гэтай гісторыі тое, што сама адказнасць за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у тым выглядзе, у якім яна існуе ў Беларусі, — незаконная, яна не адпавядае ні Канстытуцыі, ні міжнародным стандартам.