У Гомелі ў межах акцыі «Хваля салідарнасці» прайшла малітва пад наглядам

3 сакавіка ў Гомелі сябры аргкамітэту па стварэнню партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» правялі малітву за палітвязняў, а таксама распаўсюдзілі ў горадзе інфармацыйныя матэрыялы, прысвечаныя беларусам, якія сядзяць у турмах за свае перакананні, палітычную і грамадскую дзейнасць.



gomel_hvalia_salidarnascj_2.jpg

Нагадаем, акцыя «Хваля салідарнасці», ініцыятарам якой стаў аргкамітэт па стварэнню партыі «БХД», праходзіць па Беларусі паўтары месяцы, да 25 сакавіка — Дня волі. «Пытанне наяўнасці ў краіне палітвязняў лічыцца адным з самых галоўных, і пакуль яно не вырашана, не можа быць гаворкі пра дыялог ці нейкія стасункі з уладай. Гэта тая праблема, якая аб'ядноўвае ўсю нашу дэмакратычную супольнасць», — зазначыў каардынатар па стварэнню партыі «БХД» па Гомельскай вобласці Юрый Клімовіч.

Акцыя — малітва пад сцягам аргкамітэта партыі, прайшла на дзевятым кіламетры шашы «Гомель-Чарнігаў». Менавіта тут у гады рэпрэсій былі расстраляны тысячы людзей, тут усталяваны паклонныя крыжы, ля аднаго з якіх і сабраліся актывісты.

«Мы вырашылі правесці малітву ля паклоннага крыжа, тут можа адзінае месца, за мяжой горада, дзе мы можам сабрацца, бо ні пікетаў, ні мітынгаў улада не дазваляе, таму нам застаецца збірацца тут, за горадам, дзе ляжаць нашы продкі, тут, паабапал шашы, забівалі людзей супрацоўнікі НКУС. На гэтым святым месцы мы і сабраліся», — дадаў каардынатар.

За акцыяй назіралі невядомыя ў цывільным, здымалі ўдзельнікаў на відэакамеру, але перашкод не чынілі.


spring96.org