Генік Лойка заўтра абскарджвае незаконнае затрыманне

Разгляд касацыйнай скаргі адбудзецца ў 15.00 у гарадскім судзе Мінска.



henik_loika.jpg

Генік Лойка

Нагадаем, знакаміты скульптар Генік Лойка быў затрыманы ў Дзень роднай мовы 21 лютага побач з колішняй беларускамоўнай гімназіяй.

Ён правёў адзіночны пікет з расцяжкай "Віншую з Днём роднай мовы. Гімназія № 4 была апошняй з беларускай мовай навучання". 

Летась у статут гімназіі № 4 былі ўнесеныя змены, якія дазваляюць выкладаць на рускай мове.

Намесніца дырэктара па выхаваўчай працы Алена Мікалайчык папаярэдзіла Геніка пра тое, што ён ладзіць несанкцыянаваную акцыю. Пазней яго затрымалі міліцыянты. Судом Фрунзенскага раёна ён быў пакараны на 5 сутак арышту, якія правёў на Акрэсціна. Дарэчы, суддзя райсуда Алены Лапо адмовіла скульптару ў прадстаўленні перакладчыка.

Пасля выхаду з турмы Лойка заявіў: "Ад сваёй мэты я не адмаўляюся, буду далей змагацца за родную мову".
 

spring96.org