Беларускія дзяржаўныя фобіі
Многія аналітыкі, палітыкі і палітолагі сцвярджаюць, што беларуская ўлада трымаецца на страху. Страх сесці ў турму, страх страціць працу, страх трапіць пад пераслед і «падставіць» родных і сям'ю з'яўляюцца абмежавальнымі фактарамі не толькі грамадзянскай актыўнасці, але і актыўнасці ўвогуле.
Таму нашы чыноўнікі так бязвольна выслухоўваюць абразы з боку кіраўніка дзяржавы, таму некаторыя каюцца ў тым, што было і што не было.
Але ж гэты страх грамадства «ад малога да вялікага» не можа ні адбівацца і на існаванні самой дзяржавы. Улада таксама прасякнутая страхам. Страх прадукуецца ў краіне, таму што ўлада сама баіцца. І гэтыя дзяржаўныя фобіі часам нават невытлумачальныя.
Здаецца, як у любога чалавека, дзяржаўны страх развіваецца з маленства. Улада тут не выключэнне. Таму ў яе ёсць прыклады, і ёсць падлеткавыя фобіі, працягу якіх яна імкнецца не дапусціць у будучыні.
У дзяржавы вельмі вялікі страх перад рабочымі пратэстамі. Улада выдатна памятае, у выніку чаго абрынулася папярэдняя ўлада. Толькі калі на вуліцы Мінска выйшлі тысячы працоўных, настаў калі не канец, то пачатак канца як СССР, так і БССР. Прычым гэты канец падкраўся незаўважна: усе называлі Беларусь «Вандэяй перабудовы», а тут бац — і рэспубліка абвяшчае незалежнасць, а ў парламент уносяць бел-чырвона-белы сцяг. Яго б, пэўна, і не ўнеслі, каб у гэты момант перад будынкам парламента не стаялі тысячы грамадзян.
Гэтую фобію ўлада адчувае нутром. Таму і імкнецца не звесці да мінімуму «чарку і шкварку», і не хоча дапусціць да працоўных незалежных прафсаюзных лідараў. Іншы разам здараюцца непрыемнасці. За мінулы год улада страціла свой прафсаюз на заводзе «Граніт». Не дапамаглі ні ціск, ні звальненні. Але і зараз сябрам незалежнага прафсаюза пагражаюць звальненнем: пад такой пагрозай апынуўся актывіст Леанід Дубанос.
З гэтай фобіяй улада змагаецца дастаткова паспяхова. Трэба проста «адсекчы» шляхам звальнення актывістаў ад асноўнай масы працоўных — і ўсё будзе ціп-топ. Не заўсёды дапамагае, але дзейнічае з часоў падаўлення страйку мінскіх метрапалітэнаўцаў у 1995 годзе.
З тых жа часоў і фобія масавых акцый пратэсту. Гэтая фобія нават падмацаваная масавымі выступамі ў 90-х гадах. Нездарма напярэдадні кожнай акцыі, кожнай больш-менш значнай падзеі выхопліваюць актывістаў па кватэрах і шыюць ім хуліганку. Кшталту, лаяўся матам жонцы на вуха ў ложку.
Зараз улада раптам зацікавілася Мікітам Ліхавідам. Ліхавід быў вызвалены ў верасні 2011 года, а зараз да яго прыйшоў участковы і заявіў, што Мікіта не дасядзеў 10 сутак у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
Не дзіва, што ўчастковы прыйшоў зараз. Наперадзе мітынг і шэсце ў Дзень Волі. Як адзначыў Ліхавід, ва ўчастковага — аж 11 такіх позваў, і, пэўна, усе гэтыя людзі паедуць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў непасрэдна перад масавай акцыяй. Бо фобія масавых акцый пратэсту — вельмі важная фобія.
Яшчэ адна фобія, хутчэй, неасэнсаваная, але цягнецца з тых жа часоў перабудовы. Гэта страх усяго беларускага.
У дзяцінстве беларускай дзяржаўнасці, у 1990-х, уладу вельмі напалохалі нацдэмы. На іх глебе ўзнік Беларускі народны фронт, на іх глебе страціла манаполію на «прамыўку мазгоў» КПСС, урэшце, нацдэмы ледзь не павярнулі краіну незваротна на Захад. І таму ўсё нацдэмаўскае павінна вынішчацца.
Здавалася б, якую пагрозу для ўлады ўяўляе зараз Кастусь Каліноўскі? Іншыя краіны, наадварот, святкавалі б (і святкуюць жа!) 150-годдзе пачатку ягонага паўстання як доказ велізарнай культурнай, баявой і гістарычнай спадчыны, якая не згубілася з набыццём незалежнасці краіны, а сягае ў вякі. У нас — наадварот. Улада шмат увагі зараз удзяляе таму, каб абвесціць Каліноўскага палякам і ўвогуле «чужым элементам» у нашым гістарычным полі.
З той жа оперы прысуд скульптару Геніку Лойку, які ў дзень роднай мовы не толькі наважыўся правесці адзіночную акцыю ў падтрымку мовы, але і меў нахабства запатрабаваць весці над ім судовы працэс па-беларуску. Суддзя Людміла Лапо дэманстратыўна ў гэтым адмовіла, і дала пяць сутак арышту.
Ва ўлады ёсць яшчэ адзін страх, які ўжо не назавеш падлеткавым: страх перад Захадам. Дакладней, перад «заходнім прыкладам». Гэта боязь перад заходнім ладам жыцця, заходняй мадэллю дэмакратыі, заходняй свабодай слова. Бо, калі дапусціць сюды хоць часціну заходняй свабоды, невядома, што адбудзецца пасля. Таму ўлады ўсяляк імкнуцца «зачыніць межы», супраціўляюцца падпісанню дамоваў аб малым памежным руху, не пускаюць у краіну спецдакладчыка ААН па правах чалавека Міклаша Харашці, і ўвогуле ўсяляк дэманізуюць Захад. Бо дай толькі крыху свабоды, крыху «адкруці гайкі» — і на табе, «каляровая рэвалюцыя».
Улада вельмі добра прачула гэта падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Папярэдняя лібералізацыя дала падставы для «разгулу дэмакратыі» падчас агітацыйнай кампаніі. І, як вынік, улада даведалася, што зусім не папулярная ў людзей. Таму зараз такое імкненне — загнаць каго ў падполле, каго ў эміграцыю.
З большасцю гэтых фобій улада змагаецца традыцыйным «прэвентыўным» спосабам. Актывістаў працоўнага руху «адсякаюць» ад калектываў. Напярэдадні масавых акцый праводзяцца «прафілактычныя гутаркі» і прэвентыўныя затрыманні. Тыя, хто імкнецца сунуцца сюды з Захаду альбо з Усходу з прыкладамі дэмакратыі, становяцца персонамі «нон-грата». Тыя, хто прэтэндуе на ўладу, могуць калі-небудзь дайсці да яе — праз турму альбо эміграцыю.
Адзіная хіба: усё гэта ў апошні час не спрацоўвае. «Сутачная адсідка за палітыку» раней была жахлівай справай, потым — повадам для гонару, а зараз звычайным, ледзь не побытавым элементам жыцця.
Выехаць за мяжу можна праз Расію. Досвед кандыдата ў прэзідэнты 2006 года Аляксандра Казуліна нікога нічому не навучыў — наступным разам з'явілася шмат ягоных паслядоўнікаў. Адзінае, што вынеслі апазіцыянеры са справы Казуліна і іншых кандыдатаў за кратамі: калі ўжо ідзеш, то ідзі да канца, усё роўна вынік адзін, а так хоць будзеш ведаць, што зрабіў усё, што можна. Ну а беларускасць — яна сама праклюнецца, калі трэба будзе: яе царызм не задушыў і сённяшняя ўлада не задушыць.
Трэба ўладзе вынайсці нешта новае ў барацьбе за сваё існаванне. А новага — няма. Бо розум скаваны страхам. І гэты страх не схаваеш за спіны АМАПу. Застаецца дзейнічаць звычайнымі метадамі, якія вось-вось зламаюцца. Бо занадта вялікі гэта цяжар — страх на ўзроўні дзяржавы.