Прысуд Гэніку Лойку не адмянілі

5 сакавіка суддзя Мінскага гарадскога суду Аляксей Бычко пакінуў у сіле рашэнне суддзі суду Фрунзенскага раёна Мінску Людміла Лапо, якая 21 лютага пакарала скульптара Гэніка Лойку адміністрацыйным арыштам на 5 сутак за віншаванне з Міжнародным днём роднай мовы, каторы ўрачыста адзначаецца ў свеце 21 лютага.  



henik_5_3_13.jpg

Гэнік Лойка. Фота Марата Гаравога

Нагадаем, што 21 лютага а 7.40 спадар Гэнік прыйшоў да ганку гімназіі №4 горада Мінска, дзе навучаецца ягоны малодшы сын, з дзвюма паветранымі балонікамі чорнага колеру і бел-чырвона-чорнай расцяжкай наступнага зместу: ”Віншуем з міжнародным днём роднай мовы! Гімназія № 4 была апошняй беларускамоўнай школай”.

Сваім грамадзянскім чынам мастак выказаў пратэст супраць далейшай русіфікацыі айчыннай сістэмы народнай адукацыі і запатрабаваў прыняцця палажэння аб беларускамоўнай школе, каб дзеці беларусаў вучыліся па законах, а не па “понятиях”, каб у беларускіх вучэбных установах працавалі настаўнікі і выкладчыкі, якія выконваюць моўны рэжым: валодаюць беларускай мовай і карыстаюцца ёю пад час вучэбнага, пазакласнага і пазашкольнага выхаваўчых працэсаў. Пасля віншавання калектыву гімназіі са святам каля 8.10 мастак быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і спецслужбаў у цывільным і дастаўлены ва Фрунзенскі РУУС сталіцы, а потым асуджаны.

У сваім выступе на пасяджэнні Мінскага гарадскога суду па разгляду скаргі Лойкі на рашэнне Людмілы Лапо спадар Гэнік, між іншым,  адзначыў: “Я — беларус. Мова майго народу — беларуская. Яна мае статус дзяржаўнай. Я заўважаю, што мая мова ў дзяржаве Беларусь памірае. У мяне ўзнікла ўражанне, што менавіта сама дзяржава не дае беларускай мове жыцця. Таму ў дзень абароны роднай мовы я выйшаў бараніць родную мову (…) і сустрэў з боку дзяржавы жорсткі супраціў. Дзяржава ў асобе суддзі Людмілы Лапо за мой шчыры парыў пакарала мяне арыштам, а на судзе не дала беларускай мове жыцця. Паводле Канстытуцыі ў нас дзьве дзяржаўныя мовы. І я маю права выбраць мову зносін (…) Мы з маёй адвакаткай Алінай Шостак звяртаемся да высокага суду і просім даць жыццё беларускай мове, гэта значыць — весці судовы працэс на першай дзяржаўнай беларускай, роднай для мяне мове і ў выніку працэсу адмяніць рашэнне суда Фрунзенскага раёну”.

Аднак суддзя Аляксей Бычко адмовіўся задаволіць хадайцніцтва спадара Гэніка на неабходнасць вядзення судовага працэсу па-беларуску. Пры гэтым суддзя спаслаўся на артыкул 2.11 “Працэсуальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях”.

Каментуючы гэтае рашэнне суддзі, юрыстка Тамара Сяргей назвала яго незаконным. Паводле яе слоў, згодна Канстытуцыі, дзяржаўнымі мовамі ў краіне з’яўляюцца беларуская і руская. “А згодна закону аб дзяржаўнай службе, чыноўнікі абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Паводзіны суддзі Аляксея Бычко сведчаць, што ён або не валодае беларускай мовай, або проста праігнараваў яе і не захацеў весці судовы працэс па-беларуску”, — сказала юрыстка.

Мастак назваў судовы працэс па яго справе “палітычным” і падкрэсліў, што будзе працягваць змагацца супраць дыскрымінацыйнай русіфікацыі айчыннай сістэмы народнай адукацыі і абуральных дзеянняў суддзяў, каторыя адмовіліся весці судовыя працэсы на дзяржаўнай беларускай мове.