Італія. Пачатак трэцяй рэспублікі

Выбары ў італьянскі парламент сталі асноўнай тэмай шматлікіх вядучых замежных СМІ і вядомых аналітыкаў. “Італія галасуе — Еўропа дрыжыць”, — такімі словамі адна з нямецкіх газет анансавала выбары 25 лютага.



12013_02_22t165622z_1591363264_gm1e92n01jj01_rtrmadp_3_italy_vote_women_pic4_zoom_1000x1000_4136.jpg

Італьянская эканоміка — трэцяя ў Еўропе, яе стан уплывае на агульныя трэнды. Таму пакуль яе трасе ў ліхаманцы (цяпер знешні доўг Італіі дасягае 125 працэнта ВУП), лёс еўразоны застаецца незразумелым. Менавіта таму адразу пасля агучвання папярэдніх вынікаў курс еўра скокнуў уніз.

Тон большасці аналітыкаў, якія каментуюць італьянскія навіны, эмацыйны, напружаны. Палітычная стабільнасць, якая павінна была стаць інстытуцыйным падмуркам для эканамічных рэформаў, неабходных у тым ліку для выратавання еўразоны, яўна не дасягнутая.

Праўда, сустракаюцца ў гэтым моры скепсісу і пазітыўныя рэфлексіі. Напрыклад, нямецкія прэса з задавальненнем канстатуе нізкі інтарэс выбаршчыкаў да забабонаў супраць немцаў. Нагадаем, што ў краінах — ахвярах крызісу папулярны міф пра тое, што праграмы бюджэтнай эканоміі навязваюцца Берлінам. Напярэдадні выбараў сярод італьянскай эліты было вельмі модна прызнавацца ў антыпатыях да фрау Меркель. Аднак у час выбараў бытавая ксенафобія на палітычны ўзровень так і не выйшла.

Трэба вылучыць артыкул у нямецкім “Welt”. Яго аўтар лічыць, што галоўным сюрпрызам 25 лютага для еўрапейцаў стаў відавочны дэфіцыт ведаў пра ўсе закуткі загадкавай італьянскай душы. Сапраўды, элементарная палітычная логіка падказвала, што стаўку на выбарах трэба рабіць на левую Дэмпартыю, якая ідзе на выбары на фоне імклівай эрозіі правага флангу, выкліканай адстаўкай Сільвіа Берлусконі. Аднак нечакана спісаны ва ўтыль, скампраметаваны рознымі “бунга-бунга” і карупцыйнымі аферамі Берлусконі зноў выстаўляе сваю кандыдатуру і ў выніку ледзь не перамагае. Разрыў у колькасці набраных галасоў паміж правай і левай кааліцыямі складае нейкі сотых працэнта.

Сакрэт такога трыумфальнага вяртання Кавалера нам, іншаземцам, цяжка зразумець. Нават беручы пад увагу тое, што Берлусконі шмат абяцаў і яшчэ ў дэбюце выбараў манапалізаваў лозунг адмены балючага для італьянцаў падатку на нерухомасць, які ўвёў папярэдні прэм’ер Марыё Монці. Аднак гэтага тлумачэння яўна недастаткова. Сярод аргументацыі, якую прапануюць эксперты, ёсць вельмі цікавыя думкі. Напрыклад, Італьянскі цэнтр выбарчых навук лічыць, што Берлусконі рэпрэзентуе тыповы спосаб мыслення італьянцаў, які заключаецца ў формуле: “Закон ёсць, аднак яго нейкім чынам можна абыйсці”. Хаця гэта тэма для асобнага артыкулу, аднак было б цікава зрабіць праекцыю італьянскіх версій харызмы Берлусконі на айчынныя версіі папулярнасці Лукашэнкі.

Не менш цяжка зразумець прычыны правалу дэмакратаў, якія за два тыдні да выбараў (пасля гэтага ў Італіі забаронена публікаваць апытанні наконт папулярнасці кандыдатаў) мелі каля 36 працэнтаў падтрымкі. Выданне “The Guardian” лічыць, што прычына правалу — амбівалентнае стаўленне Дэмпартыі да прапанаванай Брусэлем палітыкі жорсткай эканоміі. Пішуць, што некаторыя левыя выбаршчыкі, баючыся, што асцярожны партыйны наменклатуршчык Берсані можа быць абсалютным пераможцам, спецыяльна галасавалі за Бепе Грыла, каб дэмакраты адчувалі канкурэнцыю злева і не стаялі на месцы.

Але галоўны інтарэс аналітыкі цяпер тычыцца не таго, што было, а таго, што будзе. А гэта цяпер залежаць ад Бепе Грыла. З-за расчаравання ў старым палітыкуме яму ўдалося крышталізаваць вакол сябе маладую генерацыю, якой таксама імпанавала вялікая роля, якую Бепе адводзіў інтэрнэт-рэсурсу. Дарэчы, адзін з лозунгаў M5S (абрэвіятура “Руху пяці зорак”) — наданне кожнаму італьянскаму грамадзяніну права на бясплатны інтэрнэт.

Уявіць рэалізацыю гэтага патрабавання яшчэ можна. А вось, што рабіць з праграмным пунктам “Руху пяці зорак” пра тое, каб узняць мінімальную дапамогу па беспрацоўі да 1000 еўра. Для гэтага, з улікам італьянскай сітуацыі на рынку працы (11 працэнтаў беспрацоўных), будзе патрэбна 60 мільярдаў еўра штогод. Яшчэ больш супярэчнасцяў выклікае ідэалагічны профіль Грыла. Ён, быццам, не правы палітык, паколькі выступае за грамадзянскі кантроль улады праз той жа інтэрнэт і смяецца з Берлусконі. Аднак і левым яго назваць цяжка, калі ўзгадаць яго спічы з заклікам распусціць прафсаюзы і абсалютна персаніфікаваны характар яго “Руху пяці зорак”.

Рэбус Грыла цяпер намагаецца разгадаць шмат хто. Уплывовы італьянскі часопіс “L’Espresso” прагназуе, што абраныя па спісу Грыла дэпутаты будуць атручаныя парфумам улады і хутка стануць часткай дзяржаўных інстытутаў. Калі сыходзіць з такой перспектывы, Грыла можа быць зацікаўлены ў тым, каб не дапусціць бюракратызацыі сваіх паплечнікаў і будзе зацікаўлены ў роспуску парламента і правядзенні новых выбараў.

Пакуль Бепе думае і гадае, з кім яму блакавацца або не блакавацца наогул, Еўропа думае, як ёй адгукнуцца вынікі выбараў у Італіі. Трыумф еўрафобскіх кааліцыі Берлусконі і “Руху пяці зорак” (Грыла заклікае правесці плебісцыт аб выхадзе Італіі з еўразоны) здольныя паўплываць на настроі выбаршчыкаў у іншых краінах Еўропы. У сувязі з гэтым аналітыкі баяцца прагрэсу еўрафобскіх партый на выбарах у Еўрапейскі парламент у наступным годзе. Паводле апошніх апытанняў, які прыводзіць газета “Le Monde”, прыблізна 28 працэнтаў еўрапейцаў крытычна настроеныя да еўраструктур.

А вось брытанская “The Guardian” лічыць, што выбары 25 лютага паставілі крыж на палітыцы жорсткай эканоміі, якая ў выпадку яе працягу можа пахаваць еўрапейскі праект. Цікавы ў гэтым плане артыкул у іспанскай “El Pais”, які заклікае еўрапейскіх лідараў зразумець патэнцыял грамадзянскага пратэсту кшталту M5S і працаваць з ім, а не цурацца яго, як банды еўрафобаў. Гэтыя новыя сацыяльныя рухі, на думку выдання, больш звязаныя з праблемамі простых людзей, паколькі арганізаваныя па прынцыпу мясцовых камітэтаў.

Нягледзячы на ўвесь знешні драматызм сітуацыі, нельга пагадзіцца з публікацый у газеце “СБ Беларусь Сегодня”, якая ў сваім артыкуле, прысвечаным Італіі, у чарговы раз прагназуе надыходзячы армагедон еўразоны і Еўрасаюзу. Не выключана, што правыя сенатары перабягуць да левых, паколькі перспектывы ў лагера Берлусконі пакуль не вызначаныя. Патэнцыйнымі перабежчыкамі могуць стаць і сенатары ад “Руху пяці зорак”. Нарэшце, 27 лютага прайшлі перамовы лідараў асноўных фракцый новага парламента, якія дамовіліся знайсці агульнае кампраміснае рашэнне па выхаду з урадавага крызісу. Хутчэй за ўсё, неўзабаве будзе абраны нейкі тэхнічны прэм’ер. А паралельна партыі распрацуюць новы закон пра выбары, каб перастрахавацца ў будучым ад падобнага цяперашняму паралічу ўлады. Прэса дружна піша пра тое, што мы знаходзімся на пачатку працэсу нараджэння Трэцяй італьянскай рэспублікі.