Выстава жывапісу — да юбілею паўстання 1863 года і Каліноўскага

27 лютага ў мінскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адкрылася выстава твораў жывапісу сябраў суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў Алеся Цыркунова і Генадзя Драздова.



tbm_da_jub_liejau_kal_nousk_.jpg

Выстава прысвечана 150-годдзю нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў і 175-годдзю з дня народзінаў правадыра гэтага паўстання ў Беларусі і Жамойцю Кастуся Каліноўскага.

У экспазіцыі — 10 твораў жывапісу, у тым ліку 9, напісаных Алесем Цыркуновым за апошнія 25 гадоў.

“Пры напісанні партрэта Каліноўскага мяне цікавіў псіхалагізм яго натуры, увасоблены праз твар правадыра паўстання. — распавёў мастак у каментары НЧ. — Прычым гэты твор шматвектарны, таму што па перыметры палатна размешчаныя партрэты паплечнікаў Каліноўскага з беларускай шляхты, а каля яго — выявы выбітных дзеячоў нацыяльнай культуры, каторыя ў паэзіі, жывапісу, літаратуры і навуцы ўпершыню раскрылі вобраз народнага змагара — “Яські-гаспадара з-пад Вільні”. Гэта паэт Максім Танк, мастак Пётра Сергіевіч, пісьменнік Уладзімір Караткевіч і літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў. Але калі я яго маляваў, дык гэты сціплы чалавек сказаў, што першым у навуцы слова пра Каліноўскага сказаў Анатоль Смірноў, каторы спачатку жыў у Мінску, а потым з’ехаў у Маскву. Праз нашага земляка, літаратурназнаўцу  Аляксея Каўку, каторы жыве ў Маскве, удалося знайсці фатаздымкі Анатоля Смірнова. На выснове атрыманых здымкаў і быў напісаны партрэт гэтага даследчыка, каторы 50 гадоў таму напісаў невялікую кніжку, прысвечаную жыццю і дзейнасці Каліноўскага”.

tbm_da_jub_leja_cirkuno_.jpg

На партрэце Анатоля Смірнова мастак паказаў абрыс постаці Каліноўскага, сцяг паўстанцаў з польскім белым арлом і літоўскай “Пагоняю”, а таксама генеральскі эпалет і зашмаргу шыбеніцы. Менавіта такі выбар, на думку мастака, павінен быў зрабіць мужыцкі правадыр пасля арышту ў адказ на прапанову генерал-губернатара Паўночна-Заходняга краю падчас задушэння паўстання, “людажэра-вешальніка” Міхаіла Мураўёва.

На выставе экспануецца партрэт удзельніка паўстання мастака Альфрэда Ромера (дарэчы, памяці гэтага выбітнага чалавека будзе прысвечана выстава мастакоў “Пагоні”, якая адкрыецца 5 сакавіка а 17.00 у сталічным Палацы мастацтва). “Выхадзец з знатнага шляхецкага роду патомных змагароў за волю Бацькаўшчыны, Альфрэд Ромэр пад час паўстання здабываў зброю паўстанцам разам з Фларыянам Даноўскім. Я паказаў Ромэра падчас адбыцця пакарання ў суровым каземаце Дынабургскай цытадэлі. Чорным куродымам ад агарка свечкі з тлушчу мастак на чырвоным муру намаляваў Божую Маці.

tbm_da_jub_leja_romer_hristos_s_rata.jpg

Рана страціўшы маці, напрыканцы жыцця Ромер напісаў вялікае палатно “Хрыстос і сірата”, якое да гэтай пары ўпрыгожвае знакаміты Камайскі касцёл святога Яна Хрысціцеля — помнік абарончага дойлідства, готыкі і рэнесансу пачатку XVII стагоддзя ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. На выставе дэманструецца паменшаная копія гэтай карціны, напісаная мною. Гэтая палатно вельмі ярка сімвалізуе лёс нашай Бацькаўшчыны пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай”, — сказаў Цыркуноў.

Ён прадставіў яшчэ адну сваю працу — маленькі краявід з выяваю капліцы ў Астравецкім раёне, што на Гродзеншчыне. “Гэты краявід адлюстроўвае занядбанасць нашай геройскай і слаўнай мінуўшчыны. Закінутая капліца развальваецца, яна разрабаваная, парасла мохам, хмызняком і дрэвамі. Лес каля святыні амаль вынішчаны, капліца стаіць на нейкай выспе, вакол каторай цячэ вада і плыве труна, выкрадзеная з храма. Вось так збягае памяць, слава і гонар Бацькаўшчыны”, — адзначыў Алесь Цыркуноў.

tbm_da_jub_leja_kapl_ca.jpg

tbm_da_jub_leja_romer.jpg

tbm_da_jub_leja_sm_rno_.jpg