З. Бартосік: Беларуская мова — гэта лакмусавая паперка, якая дазваляе адрозніць добрае ад злога

У Гомелі 21–22 лютага прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да святкавання Дня роднай мовы. 21 лютага дэмакратычныя актывісты напісалі дыктоўку "Ліст з-пад шыбеніцы" Кастуся Каліноўскага. Пасля адбылася дыскусія на тэму паўстання 1863–1864 гадоў на Гомельшчыне.
 



106564.jpg

Вечарам 22 лютага Гомельская гарадская арганізацыя "Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны" пры падтрымцы грамадскай кампаніі "Будзьма" правяла паэтычную вечарыну з удзелам маладых паэтаў Алеся Плоткі, Арыі Ульрыкі Гатальскай, Алега Боклага, Ганны Новік. Паэтэса Ларыса Раманава прэзентавала сваю кнігу "Святая вада". "Я шукаю святое ў людзях — як яно з'яўляецца, ці ёсць наогул. Каля Веткі ёсць шмат крыніц, на адной, каля вёскі Шарсцін, дзе я была нядаўна, вісяць аброчныя ручнікі. Значыць, гэта важна людзям — крыніцы, вада ў якіх лічыцца святой, яны ўшаноўваюць. Значыць, не ўсё страчана", — дадала Ларыса Раманава.
 


У вечарыне прыняў удзел вядомы бард Зміцер Бартосік. Ён прэзентаваў новы альбом "Дзве гітары". Паэтычны пераклад вершаў 60–70 гадоў, якія складаюць залаты фонд расійскай аўтарскай песні (Уладзімір Высоцкі, Булат Акуджава, Аляксандр Вярцінскі), быў зроблены Рыгорам Барадуліным.
 


Гаворачы пра родную мову і яе сучасны стан, Зміцер Бартосік адзначыў, што, на жаль, беларуская мова не з'яўляецца сродкам зносін у сённяшняй Беларусі. "Можа, калі і будзе. На сёння беларуская мова — гэта тое, што надае сэнс майму, і не толькі майму, жыццю, а многім творцам, людзям, якія жывуць не толькі дзеля грошай і страўніка, а зазіраюць у заўтра і заўтрашні дзень дзяцей", — сказаў бард.
 


Паводле яго слоў, мова ў сённяшняй Беларусі — гэта тая лакмусавая паперка, якая дазваляе адрозніваць добрае ад злога.

Алена Германовіч, БелаПАН