У Польшчы беларускую мову вывучаюць 3384 дзяцей

На Падляшшы каля 4 тысяч дзетак у садках і школьнікаў вывучаюць мову нацыянальнай меншасці: беларускую, летувіскую і ўкраінскую. Пра гэта паведамляе ўпраўленне адукацыі Падляшскага ваяводства.



ce466366_9c5f_4002_8820_cc8c647202f2.jpg

Са статыстычных дадзеных вынікае, што на Беласточчыне ў бягучым навучальным годзе павялічылася колькасць вучняў, якія вывучаюць беларускую мову ў школах і садках на аснове факультатыву. У сваю чаргу знізілася колькасць дзяцей, якія ходзяць на заняткі ўкраінскай і летувіскай моваў.

Так, у Падляшскім ваяводстве беларуская мова вывучаецца ў 46-і дзіцячых садках, пачатковых, няпоўных сярэдніх і сярэдніх школах. У суме мову Коласа і Купалы сёлета вывучаюць 3384 дашкольнікаў і школьнікаў. У мінулым годзе гэтая лічба складала крыху больш за 3 тысячы.

На Беласточчыне ў двух ліцэях беларуская мова і літаратура выкладаюцца ў якасці асобных абавязковых прадметаў: гэта навучальныя ўстановы ў Гайнаўцы й Бельску Падляскім.

Падляшша — кампактнае месца пражывання беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Паводле апошняга перапісу насельніцтва ў Польшчы, колькасць прадстаўнікоў беларускай нацменшасці складае 47 тысяч чалавек. Аднак беларускія дзеячы ацэньваюць гэтую лічбу на 250–300 тысяч грамадзян.

radyjo.net