
Тым не менш адзіны палітык (АП), які па сумяшчальніцтву выконвае ролю гаранта Канстытуцыі, лічыць сваім абавязкам перыядычна пра гэта нагадваць. Лютаўская нарада Савета па развіцці прадпрымальніцтва дала яму такую магчымасць, і ён яе скарыстаў: «Хочу подчеркнуть: если кто-то из бизнесменов будет финансировать «пятую колонну» или каким-то иным способом оказывать негативное влияние на общество, то я буду считать, что они включились в политическую борьбу, в борьбу против государства. А там — свои законы. Потом пусть не обижаются подобные бизнесмены».
І суверэн і ўласнік
Кожны сказ прыведзенай цытаты варты каментара. Пачну з першага. «Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў» (Канстытуцыя РБ, артыкул 4). «Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй» (артыкул 3).
З прыведзеных цытат вынікае банальная выснова: ніякіх уласных інтарэсаў у беларускай дзяржавы няма і быць не можа. Яна — толькі прылада для ўзгаднення разнастайных ідэалогій і меркаванняў. Няма адзінага інтарэсу і ў беларускага народа. Не трэба блытаць сучаснае грамадства з грамадствам эпохі неаліту.
Звернемся да слоўніка азбукавых паліталагічных ісцін. Сінкрэзіс (ад грэчаскага «злучэнне») — стан грамадства і культуры, калі ўсё пераплецена з усім і нішто не адасобілася. Прыклад: першабытныя грамадствы, у якіх не вылучаліся сацыяльныя ролі, прафесіі, не было сям’і, прыватнай уласнасці і г.д. Яшчэ адзін прыклад: СССР з яго партыйнай «вертыкаллю», якая падмяла пад сябе заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўлады.
Тое, што мы называем «прагрэсам», ёсць працэс здрабнення першапачатковага сінкрэзісу. «На Усходзе ён ішоў павольней. Культура Усходу блакавала і запавольвала працэсы здрабнення сінкрэзісу. На Захадзе — выключна энергічна. Таму Захад і спарадзіў у выніку гістарычную дынаміку» (Ігар Якавенка).
У Беларусі з дынамікай узаемадачыненні складаныя. Сам факт наяўнасці АП блакуе разбурэнне палітычнага сінкрэзісу, і таму сучасная беларуская дзяржава (не дэ-юрэ, а дэ-факта) мала чым адрозніваецца ад вотчыны часоў Кіеўскай Русі. Звярнуся да самацытавання: «Князі Кіеўскай Русі кіравалі сваімі княствамі гэтак жа, як і сваімі княжымі дварамі. Палітычную ўладу яны разумелі і здзяйснялі як працяг права ўласнасці. Яны былі адначасова і суверэнамі сваіх княстваў (дзяржаў), і іх уласнікамі» (гл. Азбуку паліталогіі «Экскурс у гісторыю з Рычардам Пайпсам»).
Не даводзіцца сумнявацца, што полацкі князь Рагвалод расцэньваў любыя спробы фінансавання багатымі гараджанамі сваіх палітычных апанентаў («пятай калоны») як замах на асновы дзяржавы. У поўнай адпаведнасці з вотчыннай логікай, сябе ён не аддзяляў ад дзяржавы, і ўжо ў сілу гэтага быў вымушаны праводзіць выразную мяжу паміж барацьбой за ўладу і камерцыйнай дзейнасцю.
«Будзем велікадушныя»
Прырода міждысцыплінарная, і таму мяжа паміж эканамічнымі і палітычнымі інтарэсамі вельмі ўмоўная. Першых не бывае без другіх, а другіх без першых. Каб распаўсюдзіць гэта правіла не толькі на абраных, але і на грамадства ў цэлым, Еўропе давялося прайсці праз мноства буржуазных рэвалюцый. Але Беларусь яны абышлі бокам. Адсюль наша ўнікальнасць, наша імкненне «жить своим умом», г. зн. у адпаведнасці з архаічнымі нормамі вотчыннага права.
Звернемся да «Маніфеста камуністычнай партыі» Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса: «Буржуазія адыграла ў гісторыі надзвычайную рэвалюцыйную ролю. Буржуазія паўсюдна, дзе яна дасягнула панавання, разбурыла ўсе феадальныя, патрыярхальныя, ідылічныя стасункі». Гэта напісана ў 1848 годзе, але актуальнасці сваёй дагэтуль не страціла, прынамсі, у геаграфічным цэнтры Еўропы!
Прашу прабачэння ў чытачоў, але я вымушаны прывесці яшчэ дзве цытаты: «Буржуазія не можа існаваць і пры гэтым увесь час не выклікаць пераваротаў у прыладах вытворчасці, адпаведна, не рэвалюцыянізаваць вытворчых адносін, а такім чынам, і ўсёй сукупнасці грамадскіх адносін».
«Буржуазія хуткім удасканаленнем усіх прылад вытворчасці і бясконцым спрашчэннем сродкаў камунікацыі далучае да цывілізацыі ўсе, нават самыя варварскія, нацыі. Танны кошт яе тавараў — вось тая цяжкая артылерыя, з дапамогай якой яна руйнуе ўсе кітайскія сцены і прымушае да капітуляцыі самую зацятую нянавісць варвараў да замежнікаў. Пад страхам пагібелі прымушае яна ўсе нацыі прыняць буржуазны спосаб вытворчасці, прымушае іх уводзіць у сябе так званую цывілізацыю, г. зн. станавіцца буржуа. Словам, яна стварае сабе свет на свой вобраз і паводле свайго падабенства».
Дзякуй класікам за дапамогу ў разуменні беларускай унікальнасці. Яна — у фенаменальнай здольнасці супраціўляцца ўваходжанню ў заходнюю (буржуазную) цывілізацыю. Таму айчынныя прадпрымальнікі (буржуа), гэтак жа, як трэцяе саслоўе ў Францыі пры каралях Людовіках, фактычна пазбаўленыя палітычных правоў. Палітыка ў Беларусі — гэта вотчына АП, у якой дзейнічаюць «свои законы». Хто гэтага не разумее, хай наракае на сябе.
Але вернемся да Маркса—Энгельса. Перш чым вырабляць танныя тавары, буржуа павінны рэвалюцыянізаваць усю сукупнасць грамадскіх адносін, у тым ліку і свае адносіны з дзяржавай, якая павінна стаць буржуазнай.
Беларуская дзяржава такой не стала і станавіцца не збіраецца. У асобе АП яна размаўляе з кіраўнікамі прадпрымальніцкіх саюзаў, як князі Кіеўскай Русі са сваімі халопамі: «Никто не говорит, что у вас надо забрать последнее. Поэтому давайте будем великодушны (!). <…> Вы меня не упрекнете, что я кого-то из бизнесменов в стране насильно заставлял помогать государству. Можете — помогите, не можете — Господь с вами. Соответствующее будет отношение со стороны государства и меня к вам».
Павінен, але не дае
Яшчэ адна цытата. Гэтым разам з тэксту афіцыйнага прэс-рэлізу: «Глава государства отметил, что предприниматели — не те люди, которым надо создавать льготные и тепличные условия». Нечаканая заява. Яшчэ 2007 годзе перад чыноўнікамі была пастаўлена задача заняць у рэйтынгу Сусветнага банка (Doіng Busіness) месца не ніжэй за 30-е. З тых часоў без разваг на тэму «предоставления самых выгодных условий инвесторам», мабыць, не абышлося ніводнага штогадовага паслання.
У адрозненні ад эканомікі Паўночнай Карэі і Кубы, узровень адкрытасці беларускай эканомікі — адзін з самых высокіх у свеце (суадносіны экспарту да ВУП у 2012 годзе склалі 82%!). «Сучасная эканоміка, — піша эканаміст Сяргей Аляксашанка, — вельмі канкурэнтная. Сучасны капітал — ён досыць лёгка мігруе з краіны ў краіну і наогул прымае да ўвагі мноства фактараў, дзе яму развіваць бізнэс. І вось краіны заклапочаныя тым, што ўсё жадаюць бачыць працоўныя месцы ў сябе. Усё хочуць, каб там іх эканоміка вырабляла валавы ўнутраны прадукт, каб там заставаліся падаткі, ну і каб там плаціліся зарплаты».
Сучасныя інвестары — капрызныя і лёгкія на ўздым. Пастаўце сябе на іх месца. Хіба вы будзіце рызыкаваць сваімі кроўнымі «тугрыкамі» ў краіне, у якой бізнэсу не ствараюцца «льготные и тепличные условия»? Перш, чым адзін раз адрэзаць, вы сем разоў мераеце, і пры гэтым будзеце арыентавацца не на рэкламныя заклікі, а на ўмовы, створаныя дзяржавай для мясцовых бізнэсмэнаў.
13 лютага міністр эканомікі Мікалай Снапкоў выступіў з дакладам на пасяджэнні ўрада. Даклад падрабязна каментаваўся ў прэсе, таму не буду паўтараць. Адзначу толькі тое, што ў дакладзе адсутнічае: на 21 старонцы дакладу ні разу не згадваецца прыватны бізнэс. Вось такая адна з фундаментальных асаблівасцяў «беларускай эканамічнай мадэлі развіцця», мэтай якой, на думку міністра, з’яўляецца «качественный экономический рост страны, то есть рост без проявления дисбалансов; и на этой основе — повышение доходов населения».
Адказнымі за выкананне такой высакароднай мэты ў нас, як вядома, з’яўляюцца чыноўнікі. Пра дасягнутыя імі поспехі на пасяджэнні ўраду паінфармаваў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч: за сем гадоў у прамысловасць было накіравана 31,5 мільярда долараў, і гэтыя ўкладанні далі 19,2 мільярда прыросту дададзенага кошту. Планаваўся ж прынцыпова іншы вынік: «каждый вложенный рубль инвестиций должен давать два–три рубля добавленной стоимости».
Павінен, але не дае. Прычыны такой неабавязковасці ўкладзеных у эканоміку рублёў прэм’ер-міністр аналізаваць не стаў і адразу перайшоў да пераліку прыярытэтаў, з улікам якіх неабходна праводзіць мадэрнізацыю. Асноўную ўвагу пры гэтым ён надаў стымуляванню «директорского корпуса региональных и республиканских руководителей» шляхам збалансаванага выкарыстання пугі і перніка («жесточайшего спроса» і «поощрения, активно участвующих в вопросах модернизации»).
Ці дапаможа такая збалансаванасць дасягнуць пералічаных вышэй мэтаў — стане ясна ўжо да канца года. Хоць з верагоднасцю ў 99,9% вынік можна прадказаць ужо сёння. Як тут ні прыгадаць класіка эканамічнай навукі Адама Сміта: «Відавочна, што кожны чалавек, у залежнасці ад мясцовых умоваў, можа значна лепш вырашыць, да якога менавіта кшталту айчыннай прамысловасці прыкласці свой капітал і прадукт якой прамысловасці можа валодаць найбольшым коштам, чым тое зрабіў бы замест яго любы дзяржаўны дзеяч».