Расійцы раптам сышлі з Новай Кахоўкі? Горад быў акупаваны ў першыя дні вайны (абноўлена)

Расійскія вайскоўцы нечакана сышлі з Новай Кахоўкі. Гэта досыць вялікі горад у Херсонскай вобласці на левым беразе Дняпра, да вайны ў ім пражывалі каля 50 тысяч жыхароў. Горад быў акупаваны летась напрыканцы лютага, то-бок літаральна ў першыя дні вайны. Пад акупацыяй мясцовыя жыхары правялі больш за год.

Фота Генеральнага штаба УСУ

Фота Генеральнага штаба УСУ

Усе падраздзяленні расійскай арміі пакінулі Новую Кахоўку, пра гэта паведаміў генеральны штаб Узброеных сіл Украіны.

Адзначаецца, што сыходу акупантаў папярэднічаў абыход найбліжэйшых дамоў і рабаванне мясцовага насельніцтва з мэтай нажывы.

Акупанты «канфіскоўвалі» ў цывільных жыхароў у вялікіх колькасцях бытавую і электронную тэхніку, каштоўнасці, элементы адзення і мабільныя тэлефоны.

Таксама ў шэрагу населеных пунктаў часова захопленай левабярэжнай часткі Херсонскай вобласці захопнікі пачалі пошукі грамадзян з праўкраінскай пазіцыяй. Для гэтага яны выкарыстоўваюць спісы ўдзельнікаў Антытэрарыстычнай аперацыі, ваенных пенсіянераў і спісы асоб, якія праходзілі службу ў праваахоўных органах Украіны.

Сыход расійцаў з Новай Кахоўкі адбыўся на фоне інфармацыі аб хуткім маштабным контрнаступе УСУ на фронце. Ужо па гэтай прычыне падзея выглядае досыць яскравай.

Між тым сітуацыя непасрэдна на фронце зараз ранейшая, адзначае unian.net. Горад Бахмут Данецкай вобласці застаецца эпіцэнтрам самых інтэнсіўных баёў на ўсходзе. Адначасова расійцы ўзмацняюць ціск на Аўдзееўку, каб аднавіць аперацыю пад Угледарам. У цэлым напярэдадні наступ РФ працягваўся на пяці кірунках — Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім, Мар'інскім і Шахцёрскім.

На поўдні расійскія акупанты ўмацоўвалі абарону ў прадчуванні контрнаступу УСУ, які, на думку Захаду, уключае і дэакупацыю так званага «сухапутнага калідора» РФ і Крыма — з Мелітопалем і левабярэжжам Херсона.

Нядаўна ў Крыме прагрымелі выбухі, у тым ліку на чыгунцы, па якой Расія перакідвае ракеты сваёй паўднёвай групоўцы. Спікер аператыўнага камандавання «Поўдзень» УСУ Наталля Гумянюк, каментуючы «бавоўну», намякнула, што ўкраінскія вайскоўцы такім чынам рыхтуюцца контрнаступаць і зачышчаюць ад праціўніка «30-кіламетровую паласу».

UPD. Пазней Генштаб УСУ абверг сваю ж заяву аб сыходзе акупантаў з Новай Кахоўкі, патлумачыўшы гэта «некарэктным выкарыстаннем наяўнай інфармацыі». Расійскі бок заявіў, што вайсковыя падраздзяленні сапраўды сышлі з горада, але ў парадку ратацыі. Гэта значыць, іх заменяць іншыя баявыя часткі. Новая Кахоўка пакуль застаецца пад расійскай акупацыяй.