Расійскі найміт выйшаў на сцэну з чэрапам у руках і заявіў, што ўсе ўкраінцы павінны быць забітыя

Найміт Ігар Мангушаў (пазыўны «Бераг») правёў стэндап з чэрапам. Са сцэны ён заявіў, што гэта чэрап украінскага салдата, забітага ў Марыупалі. Ва Украіне заявілі, што ўжо звярнуліся ў ААН наконт парушэння Расіяй міжнародных норм.

manhuszau.jpg


Відэа выступу Мангушава з'явілася ў выходныя ў сацыяльных сетках. Паведамляецца, што Мангушаў выступаў у Данецку перад узброенымі прыхільнікамі самаабвешчанай ДНР. Са сцэны ён заяўляе, што прымірэння паміж расійцамі і ўкраінцамі быць не можа, таму што гэта «вайна з ідэяй Украіны, як антырасійскай дзяржавы».
— Чаму не можа быць ніякага прымірэння? Украіна павінна быць дэўкраінізаваная. Рускія землі «Маларосіі» павінны быць вернутыя назад. Усе, хто лічыць сябе ўкраінцамі, будуць знішчаныя, — кажа Мангушаў.
Сваю прамову ён прамаўляе з чэрапам у руках, паводле яго слоў, ваеннага, забітага ў «Азоўсталі».
Як піша The Insider, Мангушаў з'яўляецца лідэрам ПВК «ЕНОТ», якая была створана на базе нацыяналістычнага руху «Светлая Русь», удзельнікі якога займаліся аблавамі на «нелегальных мігрантаў», і асацыяцыі ваенна-патрыятычных клубаў «Рэзерв». «Яноты» ўдзельнічалі ў ваенных кампаніях на ўсходзе Украіны і ў Сірыі, а таксама пры анэксіі Крыма.
СМІ называлі Мангушава адным з аўтараў ідэі выкарыстання літары «Z» як сімвала расійскага ўварвання ва Украіну. Сам Мангушаў называе сябе «паліттэхнолагам».
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубінец заявіў, што ў сувязі з відэа звярнуўся да кіраўніка камісіі, якая расследуе патэнцыйныя ваенныя злачынствы Расіі ва Украіне, Олі Солвангу і мае намер звярнуцца ў Офіс Генеральнага пракурора Украіны.
— Праз сваіх прапагандыстаў расійцы працягваюць дэгуманізаваць украінскі народ, апраўдваючы масавыя забойствы грамадзянскіх і разбурэнне населеных пунктаў, — напісаў Лубінец у Facebook. Ён нагадаў, што з целамі загінуўшых у час вайны неабходна абыходзіцца паважліва, незалежна ад таго, ідзе размова аб ваенных або аб мірных жыхарах.
— Павага да памерлых — гэта не проста гуманізм і клопат аб блізкіх загінуўшых. Гэта міжнародныя стандарты, выкананне якіх гарантуе, што загінуўшыя не папоўняць спіс зніклых без вестак, — падкрэсліў Лубінец.
Экс-амбасадар ЗША ў Расіі Майкл Макфол назваў выступленне Мангушава «агідным».
— Агідна. Я спадзяюся, што ўсе саманазваныя «рэалісты» прагледзяць гэтае відэа, а затым зноў паспрабуюць растлумачыць нам, як гэтая вайна з'яўляецца проста абароннай/прэвентыўнай/рацыянальнай/лагічнай «спецыяльнай ваеннай аперацыяй», скіраванай на прыпынак пашырэння НАТА і якая не мае нічога агульнага з імперскімі ідэямі і ідэнтычнасцю, — напісаў дыпламат у Twitter.