Саюзнікаў Расіі — «мінус адзін»? Іран выступіў за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны

Кіраўнік МЗС Ірана Хасейн Амір Абдалахіян заявіў, што Іран выступае за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і за завяршэнне вайны шляхам дыялогу. Пра гэта паведамляе іранскае дзяржаўнае агенцтва IRNA.

f1ujsjfxwamq8yq.jfif

«Што тычыцца Украіны, мы верым у тэрытарыяльную цэласнасць кожнай краіны, уключаючы Украіну, якая павінна быць галоўным прыярытэтам усіх краін на аснове міжнароднага права, і, вядома ж, мы працягваем падкрэсліваць заканчэнне вайны шляхам палітычнага дыялогу», — цытуе агенцтва іранскага дыпламата.

У Тэгеране таксама назвалі непрымальным умяшанне Масквы ў пытанні тэрытарыяльнай цэласнасці самога Ірана. На Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскай затокі расійскія дыпламаты заклікалі да перамоваў аб статусе трох выспаў блізу Армузскага праліва, якія Іран уважае за свае, і на якія таксама прэтэндуюць ААЭ.

У адказ МЗС Ірана выклікаў расійскага амбасадара, выказаўшы таму пратэст. Ад расійскага боку былі атрыманыя «тлумачэнні», але Тэгеран не лічыць іх дастатковымі, заявіў на прэс-канферэнцыі Абдалахіян.

Ён дадаў, што ўлады краіны «не прымаюць паўтарэння гэтай практыкі з боку Расіі ці якога-небудзь іншага боку ў дачыненні да тэрытарыяльнай цэласнасці Ірана» (цытаты па IRNA).

Астравы Абу-Муса, Вялікі Томб і малы Томб у Персідскай затоцы былі ўзяты пад кантроль іранскімі вайскоўцамі ў 1971 годзе. Вялікабрытанія, якая кантралявала іх, вывела войскі з Персідскай затокі, пасля чаго былі ўтвораны Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.

За два дні да абвяшчэння незалежных ААЭ, Махамад Рэза Шах паслаў іранскі флот для забеспячэння кантролю над усімі трыма выспамі. Іранскія ўзброеныя сілы па-ранейшаму прысутнічаюць на астравах, пры гэтым толькі на востраве Абу-Муса пражывае некалькі тысяч чалавек.

Глядзіце таксама

Варта адзначыць, што Іран дапамагаў Расіі ў вайне супраць Украіны, пра гэта стала вядома ў жніўні 2022 года. Агенцтва Associated Press, спасылаючыся на крыніцы ў выведцы, паведаміла, што Тэгеран паставіў Расіі сотні дронаў-камікадзэ. Неўзабаве РФ пачала масава ўжываць іранскія беспілотнікі для нападаў на аб'екты грамадзянскай і крытычнай інфраструктуры Украіны. Яна робіць гэта дагэтуль.

Іран спачатку адмаўляў пастаўкі дронаў расійскай арміі, але потым у МЗС Ірана прызналі, што такія пастаўкі былі, але запэўнілі, што гаворка ідзе пра «абмежаваную колькасць беспілотнікаў» і «за некалькі месяцаў» да пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. У ЗША абвяргалі гэтую інфармацыю.

За перадачу Расіі дронаў-камікадзэ шэраг краін, у тым ліку ЗША, Вялікая Брытанія і ЕС, увялі санкцыі супраць Ірана. Санкцыі ўвяла і Украіна.

Але тут ёсць і яшчэ адзін нюанс. Паводле звестак ЦРУ, Іран перадаваў РФ дроны і боепрыпасы (для артылерыі і танкаў) для вайны ва Украіне, узамен на дапамогу Расіі ў ракетнай праграме і надання Тэгерану знішчальнікаў. Аднак пастаўкі знішчальнікаў Су-35, якія РФ абяцала перадаць Ірану наўзамен за масавыя пастаўкі беспілотнікаў-камікадзэ Shahed 136, сарваліся. Гэта таксама не дадало добрых адчуванняў у расійска-іранскія адносіны.

Беларускім «моцным гаспадарнікам» таксама варта задумацца на тэму: ці будуць аплачаныя расійскія заказы і ці прыйдуць абяцаныя камплектуючыя?

Глядзіце таксама