ЕС увёў санкцыі cупраць Ірана — дамовіліся за тры дні!
Еўрасаюз увёў антыіранскія санкцыі. Пад іх патрапілі тыя, хто мае дачыненне да паставак Расіі дронаў-камікадзэ.

У чацвер, 20 кастрычніка, Рада Еўрасаюза зацвердзіла санкцыі ў дачыненні Ірана за пастаўку беспілотнікаў Расіі. Усяго за тры дні здолелі падрыхтаваць і зацвердзілі санкцыі за пастаўку ўзбраенняў! Пра гэта паведаміла Чэхія, што цяпер старшынствуе ў Радзе Еўропы.
«Санкцыі па Іране ў рэкордна кароткія тэрміны! Пасля трохдзённых перамоў амбасадары ЕС дамовіліся аб мерах супраць арганізацый, што пастаўляюць іранскія беспілотнікі, якімі наносяцца ўдары па Украіне. Пісьмовая працэдура завершана, санкцыі ўступаюць у сілу сёння днём пасля публікацыі ў Афіцыйным часопісе (Еўрапейскага саюза)», — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца таксама, што «дзяржавы ЕС вырашылі замарозіць актывы трох фізічных асоб і адной юрыдычнай, адказных за пастаўку дронаў».
Пад санкцыі трапіла кампанія «Шахед Авіэйшн Індастрыз», а таксама начальнік штаба Узброеных сіл Ірана генерал-маёр Махамад Хасейн Багеры, камандуючы аэракасмічным корпусам гвардыі ісламскай рэвалюцыі Саід Агаджані і Хаджатола Гарэішы, які адказвае за лагістыку ў іранскім Міністэрстве абароны.
Зрэшты, улады Ірана адмаўляюць тое, што яны перадавалі зброю Расіі, у тым ліку беспілотнікі, якія ў апошні час масава прымяняюцца для ўдараў па Украіне.
Варта згадаць, што Дзярждэп ЗША таксама нядаўна заявіў: Іран працягвае хлусіць і адмаўляць перадачу Расіі зброі для выкарыстання ва Украіне. У сваёй заяве Дзярждэп нагадвае: яшчэ ў ліпені Вашынгтон папярэджваў, што Іран плануе перадаць Расіі дроны. Цяпер ёсць мноства доказаў, што іх выкарыстоўваюць для атакі па ўкраінскіх грамадзянах і па крытычна важнай інфраструктуры.
І хоць Іран працягвае ўсё адмаўляць, але ЗША разам з саюзнікамі і партнёрамі працуюць над тым, каб прадухіліць перадачу зброі Расіі. У прыватнасці, ЗША заявілі, што без ваганняў будуць прымяняць санкцыі і іншыя адпаведныя інструменты супраць тых, хто мае дачыненне да гэтых перадач.

Нагадаем, як пісаў «НЧ», Расія нядаўна папрасіла ў Ірана больш беспілотнікаў і балістычных ракет з падвышанай дакладнасцю. І Іран паабяцаў даць Расіі і ракеты класа «зямля-зямля», і яшчэ большую колькасць беспілотнікаў. Пра гэта піша «Reuters». Паведамляецца, што 6 кастрычніка першы віцэ-прэзідэнт Ірана Махамад Махбер, два высокапастаўленыя чыноўнікі з іранскай Рэвалюцыйнай гвардыі і чыноўнік з Вышэйшай Рады нацыянальнай бяспекі наведалі Маскву для перамоў з Расіяй аб пастаўках зброі.

Паводле korrespondent.net