У Белгарадзе выкінулі на звалку цынкавыя труны. Мэр абурыўся
Расійскі МУС цяпер шукае супрацоўнікаў рытуальнай службы.
Цынкавыя труны выкарыстоўваюць для адпраўкі загінулых ва Украіне расійцаў. Потым сваякі мяняюць іх на драўляныя, а цынкавыя ўтылізуюць на заводах ці ў крэматорыях. У Белгарадзе рытуальная служба вырашыла не «замарочвацца» і выкінула труны на звалку — разам з іконамі і поліэтыленавымі пакетамі. Мясцовыя жыхары выказалі сваё абурэнне супрацоўнікам расійскага Міністэрства ўнутраных спраў, і цяпер паліцыя шукае супрацоўнікаў рытуальнай службы, якія гэта зрабілі.
Мэр Белгарада Антон Іваноў таксама абурыўся такім непаважлівым стаўленнем да трунаў загінулых «герояў» і выступіў з заявай, у якой недвухсэнсоўна пагражаў «злачынцам»:
«Цяжка апісаць эмоцыі ад гэтага ўчынку. Ці ёсць сэрца ў гэтых людзей? Ці магчыма праяўляць такую страшную нядбайнасць у дачыненні да герояў, якія аддалі жыццё, абараняючы нас з вамі?
Паліцыя робіць усё магчымае, каб знайсці супрацоўнікаў рытуальнай службы, якія выкінулі на сметнік цынкавыя труны.
Абавязкова сустрэнуся з імі, калі іх знойдуць. Суд вырашыць, якое пакаранне яны могуць панесці па законе. Але ў першую чаргу гэтыя людзі больш ніколі не будуць удзельнічаць у цырымоніях развітання з нашымі загінулымі салдатамі».
Паводле звестак украінскага Генштаба, Расія страціла ў вайне ва Украіне каля 70 тысяч салдат. Пры гэтым кіраўніцтва РФ гэтыя лічбы адмаўляе.