У вароты амбасады Расіі ў Румыніі ўрэзалася машына. Кіроўца загінуў, падазраюць спробу тэракту

Легкавы аўтамабіль урэзаўся ў вароты расійскай амбасады ў Румыніі і загарэўся, кіроўца загінуў.

rumyn_ross_pos.jpg


«У сераду раніцай каля амбасады Расіі ў Бухарэсце кіроўца заехаў на аўтамабілі ў плот, які акружае будынак. У выніку сутыкнення машына загарэлася, кіроўцу выратаваць не ўдалося», — паведамляе АФН са спасылкай на тэлеканал Digi 24

На месца аварыі прыбылі пажарныя, агонь ужо патушылі. Пасажыраў у салоне аўтамабіля не было.

Па дадзеных крыніц тэлеканала, пасля сутыкнення, жандар, які дзяжурыў ля амбасады, запатрабаваў, каб кіроўца выйшаў з машыны. У адказ той адмовіўся і нешта выгукнуў, пасля чаго пачалося ўзгаранне.

Паліцыя дапытвае ахоўніка амбасады, рух у раёне, дзе размешчаны будынак, перакрылі.

Раней амбасаду дадаткова агарадзілі — на фоне пратэстаў, якія праходзілі ля будынка на працягу некалькіх апошніх тыдняў. Хуткасць, з якой ехала машына, была настолькі высокай, што тая змагла прарвацца праз гэтую агароджу, паведамляе тэлеканал. Суразмоўцы Digi 24 не выключаюць, што загінулы мог урэзацца ў агароджу наўмысна.

Напярэдадні каля будынка амбасады прайшла акцыя пратэсту з-за нападу Расіі на Украіну.