Украіна паведаміла, што РФ адправіла скрадзенае збожжа ў Сірыю

Вывезенае расійскімі войскамі ўкраінскае збожжа цяпер знаходзіцца на сухагрузах у Міжземным моры і, хутчэй за ўсё, рыхтуецца да адпраўкі ў Сірыю. Пра гэта паведамляе Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны.

pole.jpg

Расійскія войскі вывозяць скрадзенае з Украіны збожжа на тэрыторыю Расіі, у Крым і на сухагрузы ў Міжземным моры. А адкуль, хутчэй за ўсё, пераправяць яго ў Сірыю, паведамляе Галоўная ўправа выведкі Мінабароны Украіны.

"Цяпер вядома, што значная частка выкрадзенага з Украіны збожжа знаходзіцца на сухагрузах пад расійскім сцягам у акваторыі Міжземнага мора. Найбольш верагодная краіна прызначэння грузу — Сірыя. Адтуль кантрабандай збожжа можа пастаўляцца ў іншыя краіны Блізкага Усходу", — гаворыцца ў паведамленні украінскай выведкі.

Расійскія войскі таксама рыхтуюць да транспартавання на тэрыторыю РФ збожжа і насення сланечніка з Запарожскай вобласці, піша руская служба нямецкага радыё, якое ў Беларусі назвалі экстрэмісцкім.

Паводле звестак украінскіх вайскоўцаў, з Запарожжа ў Крым выехала калона расійскіх грузавікоў, гружаных збожжам, скрадзеных са сховішчаў вобласці.


У бок расійскай мяжы таксама вывозяць збожжа з Харкаўскай вобласці, яшчэ 1500 тон збожжавых вывезена з Херсонскай вобласці ў Крым, паведамляе украінская выведка. Акрамя збожжавых, расійскія войскі вязуць у Крым "вялікія аб'ёмы выкрадзенай ва Украіне гародніны — буракі, бульбу, капусту", сцвярджаюць украінскія вайскоўцы.