Украінская выведка апублікавала імёны асобаў, якія маюць дачыненне да бойні ў Бучы

Выведка апублікавала імёны акупантаў, якія маюць дачыненне да бойні ў Бучы. У спісе персанальныя даныя вайскоўцаў 64-й асобнай мотастралковай брыгады, якія, паводле выведкі, зладзілі масавыя забойствы мясцовых жыхароў падчас акупацыі часткі Кіеўскай вобласці, паведамляе korrespondent.net.

Целы забітых расійскімі акупантамі мірных жыхароў

Целы забітых расійскімі акупантамі мірных жыхароў

Галоўная ўправа выведкі Міністэрства абароны Украіны ў панядзелак, 4 красавіка, апублікавала спіс расійскіх вайскоўцаў 64 асобнай мотастралковай брыгады (АМСБр), якіх назвала датычнымі да забойстваў мірных жыхароў Бучы ў Кіеўскай вобласці.

"Выведка Украіны атрымала спіс вайскоўцаў 64 АМСБр, якія ўчынілі вайсковыя злачынствы супраць народа Украіны ў горадзе Буча", — гаворыцца ў паведамленні.

У выведцы падкрэслілі, што за здзейсненыя злачынствы супраць мірнага насельніцтва Украіны ўсе ваенныя злачынцы паўстануць перад судом і будуць прыцягнутыя да адказнасці.

Спіс ваенных злачынцаў можна паглядзець па спасылцы. У ім утрымліваюцца сотні імёнаў ад палкоўніка да шарагоўца.

Раней дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч апублікаваў назвы частак і падраздзяленняў вайскоўцаў РФ, якія маюць дачыненне да забойстваў на Кіеўшчыне.