УСУ не спыніць? Акупацыйныя ўлады ўжо і на левым беразе Дняпра заклікаюць жыхароў эвакуявацца

Здаўшы без бою Украіне Херсон, здавалася, Расія засяродзілася на ўтрыманні тэрыторый на левым беразе Дняпра. Але не прайшло і некалькіх сутак, як ужо і там збіраюцца эвакуяваць мясцовых.  

168862_1_large.jpg

Акупацыйная адміністрацыя Кахоўскага раёна Херсонскай вобласці заклікала сваіх супрацоўнікаў і мясцовых жыхароў эвакуявацца ў Краснадарскі край. Пра гэта гаворыцца ў тэлеграм-канале адміністрацыі.

«Вядома ж, мы як Кахоўская ВГА працягваем ствараць усе неабходныя ўмовы для вашага якаснага пражывання, тых, хто застаўся на тэрыторыі 15-кіламетровай зоны акругі, якая падлягае абавязковай эвакуацыі. Пры гэтым усе супрацоўнікі адміністрацыі такія ж людзі, як і жыхары акругі, маюць права на бяспеку і камфортнасць свайго жыцця. Сёння адміністрацыя з'яўляецца аб'ектам нумар адзін для «тэрарыстычных» нападаў ВСУ. Таму па распараджэнні ўрада Херсонскай вобласці, мы як орган улады, перамяшчаемся на больш бяспечную тэрыторыю, адкуль будзем ажыццяўляць кіраўніцтва акругай», — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле публікацыі, у горадзе Туапсэ Краснадарскага краю РФ эвакуяваным прапануецца жыллё, бясплатнае трохразовае харчаванне, магчымасць атрымання матэрыяльнай дапамогі ў памеры 100 000 расійскіх рублёў (каля 1500 долараў) і магчымасць атрымання жыллёвага сертыфіката.

Кахоўскі раён Херсонскай вобласці размяшчаецца на левым беразе Дняпра. 11 лістапада Узброеныя сілы Украіны аднавілі кантроль над Херсонам на правым беразе ракі. Раней Мінабароны Расіі заявіла аб завяршэнні перакідання войскаў на левы бераг Дняпра. Адпаведны загад аддаў міністр абароны Сяргей Шайгу.

Між тым шэраг экспертаў лічыць, што, вызваліўшы Херсон, УСУ не проста не спыняцца — украінскае войска мае рэсурсы для далейшага прасоўвання і дэакупацыі астатніх тэрыторый.