Замежныя СМІ пра Беларусь: 2–8 лістапада

Беларусь зусім развярнулася ў бок пуцінскіх еўразійскіх праектаў, якія яшчэ больш аддалілі яе ад еўрапейскай інтэграцыі. Будучы ў фарватэры расійскай знешняй палітыкі і замежнапалітычнай самаізаляцыі, афіцыйны Мінск стаў саўдзельнікам расколу паміж Расіяй і астатняй Еўропай, што сёння паглыбляецца.
«Delfi» (Літва)

Тое, што выявілася ў спорце, — тыпова з’ява для ўсіх галін. Чыноўнікі і «чырвоныя» дырэктары атрымліваюць маленькія зарплаты, але пры гэтым будуюць шыкоўныя асабнякі. Прадпрыемствы плацяць велізарныя падаткі, якія потым размяркоўваюцца на рэалізацыю дзяржаўных праектаў і ў вялікай колькасці пераходзяць у кішэні чыноўнікаў. Раз-пораз замежныя інвестары «гучна грукаюць дзвярамі», прызнаючыся, што стаміліся даваць хабары, а колькасць «карупцыйных» спраў расце што ні дзень. Пра апетыты мінскіх чыноўнікаў красамоўна кажа факт затрымання намесніка мэра Мінска Ігара Васільева. Ён вымагаў хабар памерам у 500 тысяч долараў у патэнцыйнага еўрапейскага інвестара за арганізацыю магчымасці працаваць у сталіцы.


«Независимая газета» (Расія)

Аляксандру Рыгоравічу моцна не спадабаліся сяброўскія танкі ў Грузіі, і з гадамі ён не змяніў свайго стаўлення да гэтай вайны. Як не спадабалася яму чарговая рэвалюцыя ў Кыргызстане, арганізаваная, па яго меркаванні, расійскім кіраўніцтвам. Ён наогул супраць войнаў, рэвалюцый і замахаў на тэрытарыяльную цэласнасць, асабліва ў рамках СНД, але не ў сілу пацыфісцкіх перакананняў, а таму, што бачыць у іх пагрозу асабістай уладзе. Гэта можна лічыць паранойяй, але можна і дзяржаўнай мудрасцю. Дзяржаўная мудрасць, злучаная з паранойяй, з’яўляецца гарантыяй палітычнага выжывання беларускага лідара.


«Грани» (Расія)

Відавочна, на такія сур’ёзныя папулісцкія заявы (экспарцёры беларускай прадукцыі будуць у абавязковым парадку здаваць усю атрыманую валютную выручку ў бюджэт) беларускі лідар пайшоў толькі па адной простай прычыне: у бюджэце — вялікая дзірка, а рэжым, заснаваны на народнай любові і больш ні на чым іншым, вельмі чула рэагуе на змены грамадскага настрою. Улада Лукашэнкі, якая шмат каму за мяжой уяўляецца неразбуральным маналітам, можа захістацца ўжо ў наступным годзе, калі рэжым не вырашыць пытанне з забеспячэннем насельніцтва валютай.


«Эксперт» (Украіна)

Рашэнне беларускіх уладаў — забараніць устаноўку мемарыяльнай дошкі ў гонар заснавальнікаў Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) — выклікала адмоўную рэакцыю ў былых ваяроў УПА. У Беларускім цэнтры ва Украіне прытрымліваюцца крыху іншага меркавання. Справа не ва УПА — шматлікія жыхары Брэста зусім не ведаюць, што гэта такое. Справа ў тым, што Аляксандр Лукашэнка баіцца ўсяго, што ідзе супраць яго лініі. Усё роўна, што гэта — мітынгі апазіцыі, выбары ці памятная дошка, прысвечаная ўкраінскім паўстанцам.


«Камерсант» (Украіна)

Цікава, што ў рэспубліцы вельмі развіты бейсбол. У брэсцкай гасцініцы па суседстве з намі жыла каманда з Магілёва, якая прыехала ці то на зборы, ці то на спаборніцтвы па гэтым відзе спорту. Можна доўга распавядаць пра Рэспубліку Беларусь, але лепш убачыць сваімі вачамі. Задаю сабе пытанне: хацеў бы я жыць у Беларусі? Хутчэй так, чым не. Вельмі стаміўся без чысціні і парадку. Ды і забытыя словы «таварыш», «выканкам», «райкам» і іншыя, якім на змену ў нас прыйшлі нязграбныя «спадар», «муніцыпалітэт», «дэпартамент», прывабліваюць сваёй безабароннасцю і настальгіяй! І ўсё ж — Радзіму не выбіраюць!


«Ставропольская правда» (Расія)