Зяленскі сустрэўся з Эрдаганам. Што абмяркоўвалі

Прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі і Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган правялі перамовы ў Львове. Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў, у прыватнасці, ядзерны шантаж Расіі і ўдасканаленне збожжавай ініцыятывы. Пра гэта Зяленскі распавёў у тэлеграме.

1660834447_5405.webp

«Візіт прэзідэнта Турцыі ва Украіну — важны мэсэдж падтрымкі з боку такой магутнай краіны. Падчас сустрэчы ў Львове абмеркавалі з Рэджэпам Таіпам Эрдаганам магчымасць удасканалення збожжавай ініцыятывы, сітуацыю вакол Запарожскай АЭС і ядзерны шантаж з боку акупантаў, маштабны крадзеж Расіяй збожжа на часова акупаванай тэрыторыі Украіны. Таксама закранулі пытанні абароннага ўзаемадзеяння», — напісаў Зяленскі.

Ён упэўнены, што далейшае пашырэнне супрацоўніцтва паміж Украінай і Турцыяй узмоцніць абодва бакі.

Нагадаем, перад перамовамі двух палітыкаў гучалі перасцярогі, што Эрдаган прывязе Зяленскаму прапанову аб міры з Расіяй і будзе лабіраваць пазіцыю Уладзіміра Пуціна, з якім нядаўна сустракаўся. Падобна, што гэта ў Львове не абмяркоўвалася.