Чарговы саюзны пшык
Прайшоў дзень пасля пасяджэння вышэйшага дзяржаўнага савета (ВДС) саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, але ніякай канкрэтыкі пра вынікі гэтага мерапрыемства ні беларускі, ні расійскі афіцыйныя бакі не паведамілі.
Відавочна, што афіцыйны беларускі лідар вельмі чакаў прыезду ў Мінск свайго расійскага візаві. Некаторыя эксперты нават не выключалі, што пасяджэнне ВДС СД можа адбыцца не ў сталіцы Беларусі, але ў Маскве. Тым не менш, Пуцін усё ж такі наведаў нашу краіну, ды не адзін, але з сваім прэм’ерам Дзмітрыем Мядзедзевым.
Наш кіраўнік так перахваляваўся, што звярнуўся да Пуціна “шаноўны Дзмітрый Анатольевіч”, на што расійскі правадыр, усміхнуўшыся, паказаў у бок расійскай урадавай дэлегацыі і сказаў “правільна, грошы менавіта там”. Што азначае такі гумар гаспадара Крамля, вядома адному яму, але грошы ён памянуў невыпадкова.
Але вернемся да вынікаў гэтага афіцыёзнага мерапрыемства. Дакладней, да іх адсутнасці. Ні ў чацвер, ні ў пятніцу ніхто нічога дакладна не пачуў ні пра крэдыт для Беларусі (ці то ад Расійскай Федэрацыі, ці то ад фонду ЕАЭС — Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця), ні пра перспектывы расійскай авіяцыцйнай вайсковай базы на тэрыторіыі Беларусі. Толькі агульныя словы пра сяброўства, супрацоўніцтва, агульную палітыку ды іншае бла-бла-бла. Можна было таксама заўважыць, што сустрэча тэт-а-тэт Пуціна і Лукашэнкі была вельмі непрацяглай. Усе рабілі добрыя выразы твараў пры незразумелай гульні.
Апроч таго, стала вядома, што беларускім чыноўнікам не атрымалася дабіцца зніжак на расійскі газ, на чым шмат месяцаў настойваў беларускі ўрад. Вось яшчэ адзін “вынік” саюзнага “партнёрства”. Таму агульныя словы, што расійскае кіраўніцтва “падставіць плячо” Беларусі ў цяжкія часы, можна не прымаць у разлік у якасці вынікаў вышэйшага дзяржаўнага савета. Кошт гэтым словам – нуль, прынамсі, на сённяшні дзень. Карацей, зноў спрацавала вядомая формула ў двухбаковых стасунках ППР — пасядзелі, пап…трындзелі, разышліся.
Дагэтуль нармальным людзям не зусім зразумела, навошта існуе такое ўтварэнне як саюзная дзяржава Беларусі і Расіі, у той час як існуе СНД, існуе Еўразійскі эканамісны саюз (шчыра кажучы, ад усіх гэтых структураў плёну як з казла малака). Але выдаткоўваюцца немалыя сродкі на такія вось бязглуздыя мерапрыемствы і чыноўнікаў, якія працуюць у гэтых “інтэграцыйных структурах”, на пералёты, на нейкія незразумелыя праекты кшталту “саюзнага тэлевізара”, выніку якіх ніхто не заўважыў.
Толькі прыгожыя словы ды абдымкі з пацалункамі, яд якіх простаму абывацелю ні холадна ні горача. Але ж сродкі гэтыя выдаткоўваюцца з бюджэту, то бок падаткаплатнікамі, якіх прынамсі беларуская дзяржава апошнім часам абдзірае да ніткі. І гэта трэба нашаму “народцу”?
На вялікі жаль, народы Беларусі і Расіі і іх кіраўнікі жывуць у розных вымярэннях. А так у цывілізаваных краінах быць не павінна. Тут можна прыгадаць аднаго вядомага персанажа, які на пачатку сваёй кар’еры ў якасці кіраўніка дзяржавы заявіў, што свой народ за цывілізаваным светам не павядзе. І, варта прызнаць, пакуль што ў яго гэта вельмі добра атрымліваецца.