Дапаможам Эміратам снегам і дажджамі!

Часам беларускі правадыр як што-небудзь заявіць падчас сваіх бясконцых паездак па свеце без загадзя падрыхтаваных нататак, дык хоць стой, хоць валіся. Чарговай вярбальна-сэнсавай пярлінай Аляксандр Лукашэнка адзначыўся і падчас свайго турнэ па «далёкай дузе».

000019_555497_big.jpg

31 кастрычніка бяззменны кіраўнік Беларусі ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ) правёў перамовы з спадкаемным прынцам Абу-Дабі, намеснікам Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі ААЭ шэйхам Мухамедам бен Заідам аль Нахаянам. Паводле афіцыйнае інфармацыі, галоўнымі тэмамі перамоваў былі «глыбокае інвестыцыйнае супрацоўніцтва, стратэгічныя праекты ў лагістыцы і ў галіне высокіх тэхналогіяў».

Ну, гэта так, банальнасці, хоць цяжка зразумець, якія могуць быць паміж нашымі краінамі «стратэгічныя праекты ў лагістыцы» — дзе ААЭ і дзе Беларусь, і што ўвогуле можна прапанаваць абодвум бакам на гэтую тэму. Але гэта ўжо пытанне да вузкіх адмыслоўцаў.

Цікавай сталася іншая фраза першага і пакуль бясконцага прэзідэнта Беларусі. «Мне падаецца, што калі б вам яшчэ б пабольш дажджоў і снегу, то вы б увогуле былі мульцтызаможнымі», — выдаў беларускі кіраўнік.

А што? Чым не ідэя для новага накірунку беларускага экспарту? Гэтага дабра, то бок, снегу і дажджоў, у нас хапае. Вунь, яшчэ лістапад не пачаўся, а на вуліцы валіць снег, а перад гэтым дажджы залілі ўсю нашу краіну, уганяючы яе ў дадатковую меланхолію.  

Магчыма, аравійскі шэйх дагэтуль «пераварвае» сказанае высокім беларускім госцем. Магчыма, ён чуў пра вядомы выраз кіраўніка Сінявокай на адной з нарадаў па сельскай гаспадарцы з удзелам усяго высокага чыноўніцтва: «Вы прасілі дажджу, я вам даў». А мо і сапраўды папрасіць высокага госця з Беларусі дзеля павелічэння дабрабыту ААЭ «падкінуць» дажджу і снегу, каб яшчэ больш умацаваць заможнасць Эміратаў? (Хоць там, падаецца, ужо і самі не ведаюць, куды грошы падзець). Шайтан яго ведае. Досвед паказвае, што для беларускага прэзідэнта любое мора — аўтабан. Усё можа, на ўсё здольны.

Пачакаем, чым Лукашэнка парадуе публіку наступным разам. Уражваць ён вялікі майстар.