Дэ жа вю

Зрынуты ўладар Украіны Віктар Януковіч 11 сакавіка зноўку “уваскрос” і з’явіўся перад журналістамі ў расійскім Растове-на-Доне. “Двойчы зэк” выступіў з заяваю, у якой сцвярджаў, што застаецца не толькі жывым (а інфармацыя пра ягоны скон перманентна з’яўляцца ў інтэрнэце), але і працягвае выконваць абавязкі прэзідэнта і галоўнакамандуючага ўкраінскім войскам. І паабяцаў кару нябесную тым, хто не лічыць яго такім. Недзе такое я ўжо чуў. Ну-ну.

А, ведаю, дзе. Памятаеце, калі таксама Майдан, толькі кыргызстанскі, зрынуў хеўру Курманбека Бакіева? Тады ў сталіцы Кыргызстану таксама пралілася кроў мітынгоўцаў, а той, хто аддаў загад страляць па людзях, збег у Беларусь, дзе разам са сваякамі бавіць час і дагэтуль, нават атрымаўшы беларускае грамадзянства з блаславення і па распараджэнні тутэйшага правадыра.

Мне давялося быць на прэс-канферэнцыі Бакіева ў мінскай штаб-кватэры СНД, дзе “сябра Курманбек”, як і Януковіч, на фоне дзяржаўнага сцяга сваёй цяпер ужо былой айчыны абвесціў, што застаецца прэзідэнтам, што тыя, хто захапіў уладу ў Бішкеку, ёсць купкаю бандытаў, злачынцаў, нацыстаў і гэтак далей. Бакіеў вяшчаў, што хутка сітуацыя зменіцца, што “бандыты” прадстануць перад законам і панясуць самае жорсткае пакаранне за “дзяржаўны пераварот”.

І дзе зараз той Бакіеў, супраць якога ўзбуджаны стос крымінальных справаў, як і супраць ягонага братка Жаныша ды іншых сямейнікаў? У Беларусі. І, гледзячы па ўсім, ні ў чым сабе не адмаўляе, дзякуючы патранату свайго сябра АЛ.

І вось у аўторак нават тэлеканакл “Еўраньюз” перапыніў свае праграмы, каб наўпрост паказаць зварот Януковіча. Тыя ж словы, тыя ж рухі, той жа страх і няўпэўненасць у вачах. Але пагрозы ды абразы з ягоных вуснаў ляцелі такія ж, як і кольвеч з вуснаў Бакіева. “Бандыды”, “нацыяналісты” “здраднікі”, “злачынцы”. Спіс вербальных выкідкаў палітычнага трупа можна працягваць, але навошта? “Двойчы зэк”, зрынуты народам, мае багаты слоўнікавы запас з сваёй цмянай мінуўшчыны, не варты ўспрымання паспалітым людам.  

У мяне нават склалася ўражанне, што спічрайтэр у Януковіча і Бакіева быў адзін, ці, хаця б, з аднаго лагера. Ясна, што назад дарогі ў Кіеў калабаранту, якога меў няшчасце абраць украінскі народ на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе, няма. Імаверна, што “проффесор” (як уласнаручна Януковіч абазваў сябе ў адной з анкетаў — арфаграфія захаваная), атабарыцца ў Расіі, якая зараз яго прыхавала (не пахавала!).

Штосьці падказвае, што будучыня ў Януковіча і ў Бакіева аднолькавая — вечная (?) эміграцыя і праклёны суайчыннікаў, праклёны сваякоў тых ахвяраў, якія палеглі ў змаганні з рэжымамі гэтых высокапастаўленых у мінулым нелюдзяў.

Але наперадзе ў іх — самы Высокі Суд. І гэты Суд не купіш ні за якія грошы ці даброты.