Хто захоча, той вып’е, альбо Антыалкагольны маразм

Зноў у крамах Беларусі з’явіліся абвесткі: у звязку з выпускнымі вечарамі ў навучальных установах з 00.00 гадзін 10 чэрвеня да 08.00 11 чэрвеня будзе забаронены продаж алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва. Такім чынам дзяржава імкнецца не дапусціць «запояў» сярод выпускнікоў у адзін з самых запамінальных дзён у іх жыцці.

main_thumb.jpg


Як той казаў, смех у залі. Назіранне аўтара ад 9 чэрвеня. У адной з невялічкіх крамаў амаль у цэнтры сталіцы ў чарзе стаяць добра апранутыя і не вельмі добра мужчыны. Кожны трымае ў кашолцы па некалькі пляшак самых розных алкагольных напояў — ад віскі, каньяку ды гарэлкі да сухога і не надта віна. Ды яшчэ фугасы  з півам: трэба ж будзе зранку апахмяліцца, а продаж толькі ад 8-й раніцы.
Размова такая: “Вось на якую трасцу гэтыя ідыёты прыдумляюць штогод гэтыя забароны? Хто хоча выпіць у дзень, калі “чадунюшка” ідзе на выпускны баль, загадзя да гэтага падрыхтуецца. Ці ж чынушы гэтага не ведаюць?”. “Ды ведаюць, — чуецца ў адказ. — Але ж нейкая дурная традыцыя склалася. Толькі каму гэта выгадна? Блін, адны праблемы ад гэтых цвердалобых”. І гэта вельмі цэнзурная перапрацоўка аўтарам сказанага беларускімі мужыкамі.
У вёсцы ўсё яшчэ прасцей. Там, па звестках аўтара, на крамы пляваць хацелі: месцічы ўжо нагналі свайго шматградуснага напою столькі, што “выпускныя” можна “пад газам” адзначаць не адзін тыдзень. І старым, і малым.
Цяпер сур’ёзна. У Беларусі пакуль яшчэ не ўведзены “сухі закон”. Спробы забараняць продаж алкагольных напояў і піва падчас “апошняга званка” і “выпускных” — мякка кажучы, нейкая недарэчнасць. Бо, як бачна з вышэй прыведзенага, такая мера — што слану драбіна.

e89b5abf457b216c35822ac8dd53327c.jpg


Па-першае, народ не такі дурны і ўжо затарыўся. Па-другое, хто не паспеў затарыцца, таму на дапамогу прыйдуць “дабразычліўцы” — разавыя спекулянты, што гэтымі днямі скупляюць алкаголь, а потым будуць перапрадаваць яго жадаючым па істотна завышаных коштах. У выніку нехта ўзбагаціцца за пару дзён, як тыя кветкавыя гандляры перад 8 сакавіка, 1 верасня і пры канцы навучальнага году, а нехта, як тая ж дзяржава, не навучаная жыць цывільным чынам, недаатрымае істотных падаткаў ад грамадскага гандлю.
Кіраваць побытавымі паводзінамі грамадзян адміністрацыйным шляхам — няўдзячная справа. Людзі не такія дурныя, як думаюць пра іх улады. Чыноўнікам можа атрымацца абдурыць беларуса з падаткамі, нейкімі новаўвядзеннямі “на карысць дзяржавы”, нетлумачальнымі законамі, указамі ды дэкрэтамі. Але забараніць беларусу адзначыць нейкую значную для яго падзею, ці абмежаваць звыклую магчымасць гэтага адзначэння — дурная і безвыніковая справа. Бо вельмі важны атрыбут у шараговага беларуса ў дачыненні з уладай — велічэзная і моцная дуля ў кішэні.

orig_710x4001444804448pivoalkogol_1444804452.jpg


Вось толькі чыноўнікі гэтага пакуль не ўсведамляюць ці не хочуць гэтага разумець і заўважаць. А дарма. Бо калісьці гэтая дуля з кішэні можа высунуцца і адыграць ролю кувалды. Вядома, па чыіх галовах.