І зноўку прывітанне!
Як не дзіўна, новы 2013 год у Беларусі пачаўся практычна без "раскачкі". Ужо за першыя паўтары тыдні хапіла ўсяго — і новыя кадравыя перастаноўкі ва ўладзе (тое ж прыбліжэнне "да цела" небезвядомага Віктара Шэймана — былога памочніка прэзідэнта па лініі Рады бяспекі, які стаўся проста “памочнікам па асаблівых даручэннях" шырокага профілю), і пакуль не зразумелыя суіцыды студэнткі і навучэнца ліцэю, і забойства ў выніку страляніны ў сталіцы міліцыянта, і шмат яшчэ чаго. Карацей, год прыйшоў шматабяцальны.
Ніхто не палымяніўся аптымізмам з надыходам новага году, тым больш, што ўлады яшчэ да яго пачатку далі зразумець, што “жыць будзе весела". Пыдвышэнне коштаў на тэлефоны і інтэрнэт, аплаты за паслугі жыллёва-камунальнае гаспадаркі, расцэнак на цыгарэты і паліва, на спірытусовыя напоі, забарона вырабу і продажу (прынамсі, у Мінску) “чарніла" — колькі ж радасці, аптымізму і павагі да чыноўнікаў самага роднага кшталту выклікалі гэтыя факты з боку адданага электарату! Ажно пара ад шчасця валіць з усіх дзірак!
А тут яшчэ і рост коштаў на праезд у мясцовых цягніках, павелічэнне падаткаў для іпэшнікаў ды яшчэ шмат чаго чаканага, але, будзем шчырыя, непрыемнага. Цікава, дарэчы, як пачуваюцца зараз працаўнікі дрэваапрацоўнай прамсловасці, якіх пры канцы мінулага году загналі ў кабалу, забараніўшы звальняцца? Ці атрымалі альбо атрымаюць яны павялічаныя заробкі, абяцаныя ініцыятарам гэтага “гуманнага" кроку?
Як рэальна выглядае рост валавага ўнутранага прадукту за мінулы год (планавалася, што будзе 5–5,5%)? Які будзе курс беларускага рубля? Ці застанецца ўрад на чале з Мясніковічам працаваць і надалей “на карысць Бацькаўшчыны"? Ці чакае нас дэвальвацыя, дэнамінацыя ці яшчэ якая …ацыя ў бягучым годзе?
Не, гэтыя пытанні я задаю не сабе і не чытачам. Справа ў тым, што галава беларускае дзяржавы, які і так не вылазіць апошнія месяцы (як, у прынцыпе, і амаль дзевятнаццаць гадоў) з “тэлескрыні", 15 студзеня мае зладзіць прэсавую канферэнцыю для беларускіх і замежных журналістаў. Якіх мяркуецца набраць ажно тры з паловаю сотні! Гэта калі верыць прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі. Ці задасць хтосьці гэтыя пытанні афіцыйнаму лідару?
А таксама ці спытаецца хтось, калі на волю выйдуць палітзняволеныя, калі Беларусь ўсё ж наблізіцца да сям’і цывілізаваных еўрапейскіх дзяржаваў, да якой паўнапраўна належыла б пры іншых абставінах? Ці скончыцца калі-небудзь дзяржаўнае дзікунства ў выглядзе вынясення і прывядзення ў выкананне смяротнага пакарання? Калі бізнэсоўцы атрымаюць роўныя правы з “дзяржаўнікамі", а не будуць пачувацца людзьмі другога гатунку? І такіх шчымлівых пытанняў ёсць яшчэ шмат і шмат. Ці зададуць кіраўніку дзяржавы іх тыя, хто трапіць на гэтую прэс-канферэнцыю?
Вельмі хацелася б верыць. Хаця ўсё будзе залежаць ад сцэнару, напісанага тымі, хто ладзіць гэтую сустрэчу Лукашэнкі з прадстаўнікамі мас-медыя. Але ж у выпадку, калі туды трапяць незалежныя журналісты, можа быць усялякае. Хаця я асабіста ад гэтага мерапрыемства ніякіх сенсацый не чакаю. Але ж у нашай прадказальна-непрадказальнай краіне ўсё можа быць.