І пагражаць каму? Украіне, дзе пражываюць 46 мільёнаў чалавек. Украіна, якая апошнімі тыднямі зведала сотню загінулых падчас змагання з прарасійскім і пракарумпаваным рэжымам Януковіча, здавацца не збіраецца. Ці ж дойдзе справа да новага кровапраліцця, толькі ўжо на міжнародным, міжвайсковым узроўні?
Падавалася, з ганебнымі ўцёкамі з Украіны Януковіча і ягонай хеўры сітуацыя ў нашай паўднёвай суседкі мусіла б наладжвацца. І так бы, можа, і было б, калі б не вывявіў свой аскал сапраўдны правакатар падзеяў, якія сёння назіраюцца ва Украіне. Пасля таго, як гэбэшнік Пуцін і ягоны так званы парламент, гэтым разам у асобе Савета Федэрацыі на чале з сучаснай палітычнай “салтычыхай” Матвіенкай даравалі сабе права ўвесці войскі на тэрыторыю незалежнай краіны (якая, заўважым, старшынюе ў (цяпер ужо можна казаць) так званай Садружнасці Незалежных Дзяржаваў!), стала відавочным, хто ёсць сапраўдным крэсівам у падпале сітуацыі на Чарнаморскім узбярэжжы, да не толькі.
Імперыя, якая б яна ні была, ніколі не згаджаецца з тым фактам, што яе паменшала, да таго часу, пакуль яна не знікне ўвогуле. Парэшткі былой імперыі Пятра І, які не быў нічым не лепей за Івана Жахлівага, у выглядзе сённяшніх пуціных ды ягоных памагатых спрабуюць вярнуць сабе былую веліч. Але, мякка кажучы, з пераменным поспехам.
Крымскія манкурты (а такіх хапае паўсюдна) разам з тымі, хто яшчэ не верыць у падзенне ў палітычную бездань Януковіча (у некаторых іншых раёнах), дакладна прадэманстравалі, хто ёсць пятаю калонаю ў незалежнай краіне. Яны гатовы здаць на закланне ўсходняму монстру вялікую незалежную дзяржаву, якая была, хоць і фармальна, але заснавальніцаю ААН.
Навошта гэта трэба Пуціну і ягонаму атачэнню? Толькі для таго, каб наталіць свае комплексы недарасля. Пачынаў сваю кар’еру ў савецкай імперыі, а цяпер мусіць працаваць у “развіваюшчэйся” краіне. Хоць і царом – прэзідэнтам з неабмежаванымі магчымасцямі і паўнамоцтвамі. Вось цяпер, маўляў, калі Україна зноў “здрапала” з вялдікадзяржаўных кіпцюроў, ёй трэба паказаць яе месца. І тут усе сродкі добрыя. Нават вайна.