Два разгоны мірных акцый за два дні са збіццём іх удзельнікаў “чарнасоценцамі з пагонамі – вось актуальная фактура дэмакратызацыі і лібералізацыі па-беларуску. Улада, у руках якой сіла ў выглядзе дзікіх і нахабных міліцыянтаў-спецназаўцаў, не саромеецца нават прысутнасці ў Мінску дэлегацыі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы, якая так шукае падыходаў да кіраўніка адзінай на кантыненце краіны, што не з’яўляецца сябрам таго самага Савета Еўропы.
У той час, калі беларуская моладзь атрымлівае ментоўскімі берцамі ў твар пад час святкавання Дня святога Валянціна ці на акцыі салідарнасці з новымі-старымі палітвязнямі, высокія беларускія чыноўнікі сустракаюцца з не менш высокімі чыноўнікамі еўрапейскімі і балбочуць пра працэсы, якія нібыта набліжаюць краіну да заходняй цывілізацыі. Дзіўна, але пані Еўропа хутка купляецца на салодкія (а часам і не вельмі) словы беларускіх чынуш, якія, трэба прызнаць, папросту пудраць ім мазгі наконт дэмакратыі, дыялога, вяршынства закона і гэтак далей.
Якое гэта вяршынства – хай бы еўрабюракраты спыталі ў тых, каму спецназаўцы разбілі вока ці нос, каго нагамі каталі па брудным асфальце на Плошчы Якуба Коласа ўвечары 14 лютага. Тым часам, у актыўны лексікон беларускага галавы вярнуліся ўжо падзабытыя словы “адмарозкі, “вякаць з-пад плоту ды іншыя. Ды, падаецца, Еўропа гэтага не заўважае, у яе зараз іншыя мэты і задачы. Але толькі каб той Еўропе праз каторы час не давялося чырванець за сваю наіўнасць…