Якая справа Сурыкаву да нашых выбараў?

Не перастае здзіўляць сваёй непасрэднасцю кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. То ён лепш за ўсіх ведае, колькі Расія паставіць у нашу краіну энерганосьбітаў у той ці іншы перыяд і на якіх умовах, то дае ацэнкі палітычным працэсам у краіне знаходжання. Але цяпер, відаць, ён сваім выступам абагнаў уласны цень. Хоць слаба верыцца, што словы гэтага гора-дыпламата былі сказаныя ім “ад балды”.

10 чэрвеня Сурыкаў заявіў журналістам, што Расія на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах падтрымае дзеючага кіраўніка Беларусі. 

“Выступаць наўпрост у рамках агітацыйнай кампаніі мы не будзем, бо мы іншая дзяржава, але мы будзем падтрымліваць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку”, — паведаміў прадстаўнік Расіі.

Варта адзначыць, што амбасадар той ці іншай дзяржавы выказвае пераважна пункт погляду таго, хто прызначыў яго на гэтую пасаду. То бок, у нашым выпадку, прэзідэнта Расіі Пуціна. Відавочна, Крэмль ужо вызначыў, хто будзе кіраваць Беларуссю цягам наступных пяці гадоў (хоць, шчыра кажучы, хто б сумняваўся ва ўмовах цяперашняга геапалітычнага становішча і поўнага разладу ў апазіцыйным беларускім лагеры).

Але тут справа іншага прынцыпу. Выбары ў Беларусі ячшэ не абвешчаныя, сёння толькі акрэсліваюцца магчымыя даты іх правядзення. Кіраўнічка Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына месяцамі паласкала мазгі народу наконт 15-га лістапада, а цяпер кажа пра 11-га кастрычніка. Хто дасць гарантыю, што праз пару-тройку дзён не будзе названая новая дата “гістарычнай падзеі”?  
Але не гэта важна. Кампанія яшчэ нават не абвешчаная, ніхто не ведае, хто будзе выстаўляцца кандыдатамі ў прэзідэнты і колькі кандыдатаў будзе зарэгістравана. Пакуль што ні адна асоба не з’яўляецца вылучэнцам і не пачала кампанію па зборы подпісаў. А Сурыкаў, у адрозненне ад беларусаў, ужо ведае, што кандыдатам у прэзідэнты будзе Лукашэнка, і адкрыта заяўляе, што Масква яго падтрмае.

Спадар Сурыкаў! Якое вы маеце права казаць пра падтрмку вашымі крамлёўкімі гаспадарамі таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты іншай дзяржавы? Які кодэкс дыпламата дазваляе вам гэта рабіць?

Ці не падаецца вам, што вы ўжо так заседзеліся ў Мінску, што забыліся на міжнародныя дыпламатычныя нормы? Вашыя паводзіны можна азначыць як наўпроставае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы незалежнай краіны, у народа якой таксама ёсць уласнае меркаванне.

Да бабулі не хадзі, ясна, што не 100% і не 90% электарата падтрымліваюць дзеючую ўладу. Тое, што у Беларусі няма плошчавых замарокаў, буйных страйкаў, іншых акцыяў пратэсту яшчэ не сведчыць, што тут усё “адназначна”. Але гэта наша ўнутраная справа.

А вось вашы словы як прадстаўніка дзяржавы, што апантаная хваробай імперскасці і мілітарызму, акурат і з’яўляюцца нахабным ціскам на нашых грамадзян, якія абалваненыя расійскай прапагандай з экранаў афігелых у няпраўдзе ды шавінізме вашых тэлеканалаў. Яны штодня ціснуць на свядомасць беларусаў, бо тутэйшыя ўлады не здольны супраць стаяць расійскай прапагандзе, якая сёння прэ з кожнага праса.

Магчыма, вашы словы могуць заспакоіць афіцыйны Мінск у тым, што гэтым разам не з’явіцца чарговы антылукашэнкаўскі серыял “Хросны бацька” ці штосьці падобнае. Але, шчыра кажучы, не думаю, што вышэйшае кіраўніцтва Беларусі з адкрытым ротам верыць усяму таму, што вы і вам падобныя кажуць.

І яшчэ. Вы кажаце, што Расія не мае імперскіх амбіцыяў, што яна не збіраецца ні на каго нападаць. А што вы робіце ва Украіне? Ужо брыдка слухаць заявы пра тое, што Масква не мае ніякага дачынення да падзеяў на Данбасе, да парушэння мінскіх дамоўленасцяў аб замірэнні. Пабойцеся Бога!  

І нарэшце. Не вам судзіць пра магчымасці і здольнасці тутэйшай апазіцыі, якую вы “усю дасканала ведаеце” і якой “няма чаго супрацьставіць”. Якая ні якая, але яна наша, беларуская. Няхай нягеглая, кволая, амаль знішчаная за апошнія дзесяцігоддзі кіроўным рэжымам. Але якая пакуль яшчэ як-ніяк, але дыхае. І гэта наша ўнутраная справа даваць ацэнкі апазіцыі, абіраць і падтрымліваць яе ці не. Гэта, паўтаруся, НАША справа, але НЕ ваша! І перастаньце паводзіць сябе ў Беларусі як слон у посуднай краме. Мінск пакуль яшчэ не пад Масквою.