Піпл-плебс пачакае

Нарэшце пасля рамонту-перабудовы, якая выклікала шмат спрэчак у адмыслоўцаў, адчыняе свае дзверы наш слынны Купалаўскі тэатр. І пачне ён сваё “другое жыццё” са славутай “Паўлінкі” аўтарства Янкі Купалы. Толькі вось 29 сакавіка, калі адбудзецца адкрыццё адрамантаванага і адрэстаўраванага  тэатра, шараговая публіка спектакль не пабачыць.

Не дарасла. Таму што тэатральныя фатэлі ў гэты дзень пераважна зоймуць тутэйшыя “небажыхары” з кіраўніцтва краіны на чале з самым галоўным начальнікам, які (пасля плённага і неймаверна напружанага дзесяцідзённага ваяжу па вельмі далёкім свеце — Інданезія, Сінгапур ды Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, што з’еў у правадыра апошнія маральныя і фізічныя сілы ў бязлітасным пошуку грошай на карысць роднае дзяржавы), уласнаю персонаю будзе прысутнічаць у сакральным для тэатралаў месцы. І нават выступіць тамака з прамоваю.

Па звестках “Еўрапейскага радыё для Беларусі”, у спісе запрошаных на VIP-паказ асобаў значацца кіраўнік ураду Міхаіл Мясніковіч, старшыня Мінгарвыканкаму Мікалай Ладуцька, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, старшыня Мінаблвыканкаму Барыс Батура, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, міністр культуры Барыс Святлоў. Не сумняваюся, што з жонкамі (апроч галоўнага чыноўніка, па зразумелых прычынах).
Апроч гэтых дзяржаўных монстраў-волатаў запрошана і кіраўніцтва будаўнічых арганізацыяў, якія рэканструявалі тэатр, начальнікі трох дзяржаўных тэлеканалаў і галоўны рэдактар газеты “Советская Белоруссия. Беларусь Сегодня” Ксена.. пардон, Павел Якубовіч, вядучыя акторы і рэжысёры буйнейшых тэатраў, дзеячы мастацтва, сярод якіх Барыс Луцэнка, Ганна Маланкіна, Бэла Масумян, Аляксандр Гарцуеў, Міхаіл Фінберг, Уладзімір Карызна, Рычард Смольскі, Святлана Стацэнка, Уладзімір Пракапцоў ды іншыя.

Што ж, бамонд. Знаныя тэатралы, нават я б сказаў, тэатрафілы. Асабліва з будаўнічых упраўленняў. Магу сабе ўявіць, у якім настроі будуць граць “Паўлінку” акторы-купалаўцы, бачачы перад сабою такую выкшталцоную публіку.  

А вось тым, каму насамрэч было б цікава пабыць у адрамантаванай тэатральнай зале на любімым спектаклі ў першы дзень паказу, трэба будзе пачакаць. Як той казаў, “прэм’ера — не для вас, вы тварам не выйшлі”. Ну, не тварам, дык паходжаннем. Не паходжаннем, дык сацыяльным статусам. І ўвогуле, надта далёка вы, спадары плебсы, знаходзіцеся па рангу ад галоўнага цела. Таму і “балаган сёння не пра вашу душу”. Пара ўжо прызвычаіцца, што калі вы не з “драздоўскаю прапіскаю”, то вы ніхто і завуць вас ніяк.

А “Паўлінку” мы ўсё ж паглядзім. Хоць і крыху пазней, але ў тым жа “Купалаўскім”, калі майстры сцэны будуць гуляць ад душы і без мандражу з прычыны поўнай залы, нашпігаванай “VIP-тэатраламі ў цывільным”.  Так будзе нават лепей.