Перадкаляднае абвастрэнне

Апошнім часам складваецца ўражанне, што ва ўладаў пачалася нейкая нездаровая актвыізацыя ва ўсіх накірунках. Толькі ад гэтага энергетычнага выплеску чынавенства ўсім робіцца толькі горш.

Я не люблю чытаць газеты ў інтэрнэце. Відаць, як чалавеку кансерватыўнаму ў гэтым плане, мне падабаецца ўзяць у руку папяровае выданне і спакойна прагартаць яго. Калі я сёння па шматгадовай завядзёнцы зайшоў у краму “Белсаюздруку”, якая месціцца наўпрост у маім доме, я не заўважыў на звыклым месцы штотыднёвіка “Свободные новости. Плюс”. На маё пытанне маладзенькая прадавачка адказала, што надоячы газета ў продаж не паступіла, і на гэтым тыдні яе не будзе.

Мо, рэдакцыя вырашыла ўзяць адпачынак і паўзу на тыдзень (бо развітальнага ў бягучым годзе звароту да чытачоў з віншаваннямі ў мінулым нумары газеты не было)? Але крыху пазней з інтэрнэту даведаўся, што чарговы нумар “СН.Плюс” адмовілася друкаваць друкарня. Прычым, без тлумачэння прычын. Няма сумневу, што не сама друкарня прыняла такое абуральнае рашэнне.

За апошні час амаль ні дня не праходзіць без судовых разбіральніцтваў над апазіцыйнымі палітыкамі, дэмакратычнымі актывістамі і незалежнымі журналістамі. Улады прыраўнялі інтэрнэт- выданні да сродкаў масавай інфармацыі, “паклалі” (заблакавалі) некалькі вядомых грамадска-палітычных сайтаў (“Салідарнасць”, “Хартыя-97” ды іншыя). 

Эканамічныя ўлады, з вачыма немаўляці сцвярджаючы, што ніякай разавай дэвальвацыі ў краіне няма і не прадбачыцца, у момант ціхай сапаю абвалілі нацыянальную валюту на 30%, а цяпер палююць на валютчыкаў, якіх самі ж і адрадзілі сваімі “мудрымі” дзеяннямі. Давялі грамадзянаў да чарговае панікі, калі электарат, як у 2009 і 2011 гадах, ліхаманкава скупляў бытавую і электронную тэхніку, ламіўся ў чэргах у абменнікі і выяўляў самыя горшыя рысы гома пакуль яшчэ сапіенса.

Зноў забаранілі калядны канцэрт Зміцера Вайцюшкевіча ў Палацы культуры МАЗа. Камусьці з чыноўнікаў перашкодзілі “святы вышыванкі”, якія збіралі аншлагі, ды так, што нават Палаца мастацтваў для мерапрыемстваў аказалася мала. 

З аднаго боку, афіцыйны Мінск са скуры вылузваецца, каб паказаць сябе ў ролі міратворцы на ўкраінска-расійскім фронце, падае сігналы цывілізаванаму свету, што, маўляў, не супраць вярнуцца ў ягонае ўлонне. З іншага боку, актывізавалася зацягванне шрубоў па ўсіх франтах.

Камусьці вельмі не хочацца, каб Беларусь стала на цывілізаваны шлях развіцця, на шлях сваёго нацыянальнага ды й проста чалавечага адраджэння. Таму і робяцца аднекуль з уладных вярхоў вось такія “падарункі”. Карацей, з надыходзячымі святамі, “народзец”!