Перагрэліся
Спёка, якая апошнім часам абрынулася на сінявокую, падаецца, уплывае нават на самыя выбітныя і адважныя розумы пакуль што незалежнай Беларусі. На тле эканамічнай безвыходнасці, да якой давёў “крышталёвы сасуд” ягоны кіраўнік, перапалкі паміж палітыкамі і журналістамі, журналістамі і журналістамі, выглядаюць проста дзівосамі.
Хочацца верыць, што гэтая дзівоса тлумачыцца толькі і менавіта спёкаю. Інакш чым патлумачыць, што незалежныя журналісты пачалі на самым сур’ёзе абмяркоўваць удзел сваіх калегаў у прэсавай канферэнцыі, якую зладзіў для іх бяззменны правадыр.
Адным падаецца, што тры майстры недзяржаўнага пяра і мікрафона згулялі на руку Лукашэнку і паспрыялі ягонаму піяру падчас распчатай прэзідэнцкай кампаніі. Іншы бок падае, што тры журналісты з нелукашэнкавага пулу выконвалі свае прафесійныя абавязкі. І тое, і тое, на думку аўтара гэтых радкоў, можа мець рацыю. Але навошта гэта рабіць агульнанацыянальнай праблемаю і тэмаю для шырокай дыскусіі? Іншых пытанняў і закавык няма?
Вядомы палітык ідзе на выбары, і не менш вядомая журналістка абвінавачвае яго ў спрыянні легітымізацыі дзейнага рэжыма. Абодва пры гэтым сцвярджаюь, што маюць рацыю, і апраўдваюць свой пункт гледжання. Пры гэтым, ніхто з іх не выглядае пераканаўчым. Зноў сварка, няхай і не на базарным узроўні. Ці амаль не на базарным. Але паміж апанентамі ўлады.
Іншы бок. Правадыр, відаць, страціўшы ўсе надзеі на атрыманне грошай для падтрымкі сподняга ў найбліжэйшай (і не толькі) перспектыве, зноўку патрабуе ад профільнага міністра тэрмінова знайсці ў Беларуі карысныя выкапні ў выглядзе нафты, газу ды іншых дыяментаў. Хоць навукоўцы (прычым, не апаненты ўлады) ўжо даказвалі, што гэта немагчыма. А калі і магчыма, то на гэта спатрэбіцца багата часу і яшчэ больш грошай — гаворка вядзецца пра мільярды і мільярды (не беларускіх рублёў-небаракаў, але паўнавартасных долараў).
Прыкладаў можна прыводзіць яшчэ багата. Вы што, панове, сапраўды перагрэліся? Вам больш заняцца няма чым? І тым, хто ва ўладзе, і тым, хто ёй супрацьстаіць ці хаця б робіць такі выгляд?
Ад спёкі пакутуюць усе. Аднак трэба трымаць сябе пад кантролем. Уласным, розумавым кантролем. Карыстайцеся вільготнымі сурвэткамі. І суцішцеся на некаторы час — пры спёцы, як кажуць медыкі, нават самыя разумныя людзі могуць рабіць не вельмі адэкватныя ўчынкі. А ўжо тыя, хто пакутуе на сезонныя абвастрэнні, пры прыродных катаклізмах робяцца ўвогуле небяспечнымі. Такіх прыкладаў у гісторыі, асабліва нашай найноўшай, больш як багата.