Тэлевізійная гвалтамазгапраўка

Вечар нядзелі ў кожнай нармальнай краіне, я маю на ўвазе тэлевізійную прастору, вызначаецца праграмамі, якія даюць магчымасць тым, хто па завядзёнцы пераважае правесці час перад экранам тэлевізара, проста адпачыць, атрымаць добры настрой з нейкіх забаўляльных праграмаў альбо паглядзець кіно. І падзарадзіцца на наступны працоўны тыдзень. Айчынны ж досвед апошняй тэленядзелі (3 сакавіка) сведчыць пра тое, што беларусы проста ні спаць, ні есці не могуць без таго, каб не надзівіцца шматгадзіннымі разборкамі, якія чыніць галава дзяржавы са сваімі падначаленымі.

Практычна ўсе тэлеканалы сінявокай амаль поўны вечар апошняга з выходных дзён прысвяцілі “лёсаноснаму” пасяджэнню тутэйшага ўраду з удзелам кіраўніка дзяржавы. Прычым, тое пасяджэнне паказалі амаль што цалкам, то бок гэта займала вельмі і вельмі шмат эфірнага часу (больш за гадзіну? Мо, яшчэ болей?). Аказваецца, з пункту гледжання тэлевізійшчыкаў, чытай, ідэолагаў, шараговы беларус проста не можа жыць без таго, каб не даведацца ўсіх шчыгулаў адбытага паседжання, дзе “бацька” чарговым разам распякае ўрадоўцаў. Ды не толькі.

Буйным планам паказваюцца асобы, да якіх гнеўна звяртаецца “і цар, і бог, і воінскі начальнік”. Пастаянна льюцца пагрозы кагосьці пасадзіць, кагосьці адправіць наступным, гнеўна аддаюцца ўказанні “разабрацца” і “жэстачайшэ” як мага хутчэй разруліць тую ці іншую праблему. У сэнс “громаў і маланак” удавацца не будзем — абрыдла. Ды гэта ўжо і зрабілі ўсе, хто не паленаваўся, па гарачых слядах.

Іншая справа, што ў вялікіх гарадах у тэлеспажыўцоў ёсць больш магчымасцяў не спрычыняцца да чарговага “аўгусцейшага” дзейства, пераключыўшы “тэлік” на іншы, далёка не айчынны канал. А вось у глыбінцы, дзе пра існаванне спадарожнікавага ці нават кабельнага тэлебачання ведаюць далёка не ўсе, такой магчымасці няма. Ці амаль няма. І электарат упэўнены, што галоўнай падзеяй тыдня было тое самае “лёсавырашальнае” пасяджэнне ўраду з удзелам Самога.

Зноў пагрозы, зноў абурэнні, крыкі, зноў негатыў. Ад таго самага Самога. Спецыялісты здзіўляюцца, што псіхалагічны стан грамадства не вельмі добры, што людзі здэпрэсаваныя, што павялічваецца колькасць суіцыдаў. Дык чаму здзіўляцца, калі тут такая медыйная аблога, што на пазітыў не застаецца месца? Калі цягам доўгага часу чуць рык “пасаджу”, “звольню”, “адстаўлю”, глядзець на прыніжаныя і запалоханыя твары тых, хто лічыцца “элітай”, “вертыкаллю”, хто ўжо зараз даведваецца, што такое пекла, бо сядзіць быццам на распаленай патэльні, дык якую прагу да жыцця можа атрымаць шараговец-абывацель?

Ну, ладна, нядзеля скончылася. Пачынаецца новы працоўны тыдзень. Уключаю тэлевізар раніцай у панядзелак, 4 сакавіка. І што бачу? Дэ жа вю! Тыц, мая радасць, зноўку ты! Зноўку тыя ж самыя праграмы паўтараюцца па тутэйшых тэлеканалах. Добрай раніцы, нацыя, добрай раніцы, народзе, добрай раніцы, электарат, для “особо одарённых” праўтараем учорашняе “урад-прэз-шоў”. Каб усе ведалі, што Сам казаў!

Дзень сурка, блін. Расслабцеся, панове з электарату, і паспрабуйце атрымаць асалоду. Калі гвалту (у дадзеным выпадку псіхалагічна-тэлевізійнага) пазбегнуць усё роўна не ўдасца.