Cамазадаволеныя здзекуны
“Чарнобыльскі шлях” 2013 году быў насамрэч мірнай акцыяй, прычым афіцыйна дазволенай сталічнымі ўладамі. Падаецца, што арганізатары шэсця і мітынгу ад самага пачатку нават не ведалі, у якое яшчэ месца пацалаваць уладатрымцаў, каб мерапрыемства прайшло без эксцэсаў.
Але як жа цяперашняя ўлада можа без гэтых самых эксцэсаў? Не робіце вы (апазіцыянеры трыклятыя) — зладзім самі. І гэты, відаць ужо, сілавы мянокліч уладатрымцаў прадэманстравалі адміністрацыйныя працэсы над удзельнікамі акцыі ды незалежнымі журналістамі, што прайшлі ў панядзелак ў сумна вядомым судзе (дарэчы, а якія суды ў нашай Беларусі не сумна вядомыя?) Савецкага раёна Мінска.
Шчыра кажучы, ужо за апошнія амаль два дзясяцігоддзі абрыдла назіраць, як ілжэсведчаць на судовых працэсах супрацоўнікі тых структураў, якія па логіцы павінны быць абразчыкам прававыканання, годнасці і гонару. За гэты працяглы час у мяне склалася ўражанне, што супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія лютуюць падчас некаторыях апазіцыйных акцыяў, альбо па-подламу хапаюць апанентаў дзеючай улады нават у кватэрах апазіцыянераў ці ў пад’ездах, дзе месцяцца тыя кватэры, а потым вінавацяць тых у парушэнні парадку ў грамадскіх месцах, альбо яшчэ больш подла, будчы апранутымі ў цывільнае, хапаюць людзей з нагоды і без, а потым хлусяць, хлусяць, хлусяць.
І тады, калі складаюць ці падпісваюць ужо складзеныя іншымі пратколы аб затрыманнях. І тады, калі выступаюць сведкамі на судах, даючы супрацьлеглыя, несупадаючыя паказанні, нелагічныя і абсурдныя, і нават не чырванеюць. Відаць, сумленне ў іх не закладзенае ад нараджэння, альбо ёсцяка такая нейкая дзіўная методыка падчас іх навучання ды выхавання, якая вынішчае сумленне пад корань. І незваротна.
Чалавек з сумленнем не можа здзеквацца з іншых, вылюнтарыць і рагатаць над тымі, хто нt роўны табе па моцы і вызначаным дзяржаваю статусе, не фанабэрыцца сваёй беспакаранасцю, дэ-факта прадпісанай той жа самаю дзяржаваю. Але вось такія істоты (асобамі назваць іх не выпадае) хапаюць сумленных, адрозна ад сябе любімых, людзей, накіроўваюць іх на ўвесь уікэнд на нары на Акрэсціна, а потым жа і “дабіваюць” у суддзе. І выходзяць адтуль героямі. Ва ўласных вачах, натуральна. І не зважаюць яны, у якую брыдоту яны ператвараюцца з кожным разам і якую знявагу і пагарду яны выклікаюць у тых, хто тамака ж, у судах, сам становіцца сведкам іх “гераічных” учынкаў. Гэтыя “героі” не бачаць чужых вачэй, для іх існуе толькі свая праўда — праўда рэжымных служкаў, нацкаваных на апанентаў дзеючай улады і гатовых у любы момант выканаць каманду “фас!”. (Загаднік fass! ад нямецкага дыяслову fassen — хапаць. Калі хто не ведае). І хапаюць.
29 красавіка суд Савецкага раёна Мінска разглядаў справы двух журналістаў Радыё Рацыя Генадзя Барбарыча ды Алеся Ярашэвіча. Іх схапілі ўжо пасля “Чарнобыльскага шляху” і далёка ад месца яго правядзення. Суддзя Кірыл Палулех даў абодвум па трое сутак адміністратыўнага арышту за быццам бы “непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі”. Які, дарэчы, мае калегі ўжо адбылі ў палітычнай турме на Акрэсціна, як ужо даўно называюць тамашні Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і праз які прайшлі многія сотні, калі не тысячы “палітычных”.
Сведкамі на абодвух працэсах, як ужо сталася звыклым, выступілі менавіта супрацоўнікі міліцыі — гэтам разам Рэўт, Карповіч і Драблюк. Яны паказалі, што Барбарыч і Ярашэвіч паводзілі сябе “падазрона”, адмовіліся паказаць дакументы, супраціўляліся міліцыі, хапалі за вопратку і ў выніку былі затрыманыя для разбіральніцтва. НЕ ВЕРУ! Ні адзінаму слову гэтых трох, дарэчы, яшчэ даволі маладых міліцыянтаў — НЕ ВЕРУ! Не тыя журналісты людзі, тым больш Барбарыч, якога я ведаю амаль два дзясяткі гадоў, каб хапаць міліцыянтаў за вопратку ці дэманстарваць непадпарадкаванне.
Тым больш што карэспандэнты мелі пры сабе пасведчанні, так што не паказваць іх міліцыянтам журналітстам не было ніякай нагоды. Дарэчы, нават назваць месца, дзе адбывалася затрыманне журналістаў, гэтая міліцэйская далёка не святая троіца не змагла. Але суду — ўсё да фені. Караць дык караць! Канешне, апраўдай суддзя Палулех журналістаў, яны б маглі запатрабаваць ад дзяржавы маральную кампенсацыю за тры дні, незаконна праведезныя за кратамі. А так…
Краіна, дзе пануе хлусня на дзяржаўным узроўні, дзе закон заменены беззаконнем, дзе людзі ад суда цураюцца як маланкі, а праваахоўнікі выконваюць ролю хунвэйбінаў, не мае будучыні. Прынамсі, будучыні ў сям’і цывілізаваных краінаў свету. Хоць і стартавыя магчымасці, і шматвекавая гісторыя, і геаграфічнае становічша, здавалася б, гарантавалі ёй, як казаў класік, “пачэсны пасад між народамі”. Але цяперашняя дзяржава і яе верныя служкі, у форме або “ціхары”, відавочна, прытрымліваюцца іншага меркавання. Шкада краіну.