Зноў накрыла стыхіяй

Матухна-прырода ў панядзелак своеасабліва вырашыла адзначыць заканчэнне Чэмпіяната свету па хакеі, апошнія фанфары якога прагучалі надоячы, 25 траўня. Сілы нябёсныя шчодра аздабілі мінскую зямлю не проста фантастычнай зліваю, але і наймоцным градам.

Я апынуўся ў эпіцэнтры панядзелкавага “армагідона”. Дзякуй Богу, седзячы ў тралейбусе. Стыхія заспела мой сродак перасоўвання на станцыі “Таварная”, што непадалёк ад Універсітэта культуры. Нябёсы нібы разверзліся, і на галовы людзей ды дахі машын, аўтобусаў, тралейбусаў абрынуліся тоны вады ды градзінаў памерам з буйныя аліўкі ці перапяліныя яйкі.  

Патокі вады ды струмені граду, якія валіліся з неба, былі такой моцы, што транспарт проста спыніў свой рух. Прычым, надоўга. Так, каб дабрацца ад той жа “Таварнай” да дыспечарскай станцыі “Дружная”, а гэта ўсяго толькі два прыпынкі, майму ратавальніку-тралейбусу спатрэбілася амаль гадзіна. Грукат кавалкаў ільда па даху быў такі моцны, што немагчыма было чуць уласнага голасу. Дарогі імгненна пераўтварыліся ў горныя рэкі. Той, хто не паспеў схавацца ў першыя ж хвіліны пасля пачатку стыхіі, мог нават атрымаць траўмы ад граду. Пра тое, што многія чалавекі ўмомант прамоклі да ніткі, і казаць не даводзіцца.

Ізноўку “паплыла” Няміга. Не, не рачулка ў калектары (яна, бедная, і так не спыняецца), але цэлая вуліца ля Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. Зноўку было па пояс, калі нават не болей, вады, зноўку людзей мусілі ратаваць-эвакуяваць адмысловыя службы міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Ужо колькі часу ўлады абяцаюць нарэшце пабудаваць новы калектар, каб пазбегнуць апакаліпсісаў на Нямізе, якія здараюцца па некалькі разоў за год! Чыноўнікі кажуць, што на гэта патрэбна шмат грошай, што гэта вельмі складаная праца ды іншае бла-бла-бла… Але нічога не мяняецца. Вось на розныя “палацы незалежнасці” ды лядовыя арэны, шыкоўныя гатэлі бабло ёсць, але на такі неабходны для сталічнай гаспадаркі ды проста для бяспекі людзей калектар — дуля.

Безадказныя абяцанкі-цацанкі — звыклая і характэрная для дзеючай кіруючай “вярхоўкі” рыса. Перш за ўсё — для мінскіх уладаў. “Сталічнікі” зараз абяцаюць, напрыклад, што станцыя метро “Малінаўка” запрацуе ўжо ў першай дэкадзе чэрвеня. Хоць мусіла адчыніцца да пачатку хакейнага першынства.

Але нешта мне падказвае, што маленечкая рачулка Мухля у мікрараёне “Малінаўка” ў апошні момант раптам шалёна выйдзе з берагоў ды гвалтоўна разбурыць светлыя планы мэра Ладуцькі ды яго памагатых па ўвядзенні ў дзеянне чарговага важнага транспартна- будаўнічага аб’екта. І адказ на гэта будзе — супраць прыроды не папрэш. Так што ніхто не вінаваты. Апроч матухны-прыроды.