Практычны дапаможнік па танцах на стале
Нядаўна пераказалі беларускі пераднавагодні анекдот, які меў месца ў рэальнасьці. Адна літаратарка напісала ў сваім блогу, што ёй удалося — у абыход цэнзуры! — надрукаваць у дзяржаўнай газеце верш пра свабоду. Праўда, з цэнзурных меркаванняў давялося прыбраць з верша адно слова — “свабода.
Нядаўна пераказалі беларускі пераднавагодні анекдот, які меў месца ў рэальнасьці. Адна літаратарка напісала ў сваім блогу, што ёй удалося — у абыход цэнзуры! — надрукаваць у дзяржаўнай газеце верш пра свабоду. Праўда, з цэнзурных меркаванняў давялося прыбраць з верша адно слова — “свабода.
Увесь 2001 год у эфіры “Радыё Свабода гучаў праект “Верш на свабоду. Сёньня, у пачатку году 2011-га, калі я трымаю ў руках выдадзеную 10 год таму кнігу “Верш на свабоду, мне бязмежна сумна — ад таго, што сёлета гэты праект РС стартаваў паноўна. За 10 год так нічога і не змянілася і — як паказвае выпадак са згаданай літаратаркай — у такой трыбуне ёсць патрэба.
Умовы ўдзелу ў праекце “Верш на свабоду-2 ў артыкуле Евы Вайтоўскай.
Адсылаючы ў рэдакцыю РС свой “верш на свабоду, я чамусьці была перакананая, што яго не прымуць. Бо папярэдні праект быў вельмі пафасным, а ў маім вершы, як заўжды — “біццё вокнаў у бацькоўскай хаце. Аднак, нягледзячы на гэта, мой верш прагучаў у эфіры 14 студзеня.
“Танец на стале для мяне — гэта найперш метафара вар’яцтва, гора ад розуму. Філфакаўскі выкладчык на першым курсе папярэджваў: вучыцеся, але не завучвайцеся. Быў выпадак, калі нашу студэнтку забралі ў Навінкі, бо ў разгар зімовай сесіі тая пачала танчыць на стале ў Нацыянальнай бібліятэцы.
Але чым далей ад вучобы, тым больш метафара відазмянялася. У кантэксце клубна-багемнага жыцця “танцы на стале — сінонім бяздумнай весялосці — на мяжы з хуліганцтвам. Падчас вечарынак на стол я залазіла, здаецца, двойчы — на нізкі “журнальны столік на "Дударскім фэсце" ў мінскім “Рэактары і на магутны дубовы бяседны стол у кнайпе “Хмяльны дом у Львове, дзе мы разам з львоўскай паэткай Ксеняй Васькіў скокалі пад харкаўскі гурт “Сабакі ў космасе. Абодва разы ахоўнікі клубаў былі мной моцна незадаволеныя.
І вось гэтай восенню, у амерыканскім гей-клубе, куды мы патрапілі выпадкова — толькі таму, што рэшта насельнікаў штату акупавала іншыя бары і клубы, каб глядзець футбол, — я залезла на стол у трэці раз. Гэта адбылося пасля таго, як мы з ісландцам і сінгапурцам радасна паскокалі ў закратаванай частцы танцполу, на радасць усім уладальнікам лічбавых мыльніц — акурат праз хвіліну пасля таго, як з гэтай клеткі выйшлі стрыптызёры. Праўда, з таго стала я хутка злезла — ён апынуўся вельмі хісткім. Але, здавалася, з таго стала ў момант нестрыманай маёй весялосці зганяць мяне не збіраўся ніхто. Такім чынам, “танец на стале пакрысе развіўся для мяне ў складаную, супярэчлівую і хісткую, як і ўсё беларускае, метафару Свабоды.
ПРАКТЫЧНЫ ДАПАМОЖНІК ПА ТАНЦАХ НА СТАЛЕ
Аксане Васькіў
Галоўнае — хадзіць па танцполе, нібы носіш чырвоны сцяг, —
і тады эгаістычныя геі падпусьцяць да шоста.
Калі шост надакучыў, стол — заканамерны працяг.
Танчыць на стале вельмі проста.
Правер стол:
пераканайся,
што ён дастаткова хісткі для тваіх мэтаў.
(Бяспечней, канешне, каб стол быў трывалым, але
ты можаш танчыць толькі на хісткім стале,
бо хісткае — твая карма
твой стрэмны кон
няясная ніва,
хімерны Салярыс,
маргінальная ultima Thule).
Заплюшчы вочы,
ранняя восень,
ты на Браславах,
час збіраць журавіны,
пад нагамі дзёран,
пад дзёранам тонны вязі,
вікінгі ў драках
ляжаць у ёй штабялямі.
Хрыпы кнігаўкі.
Званы Іказні.
Посвіст катара рыбнагляду.
Ты дома.
Ты вольны.
Ты мусіш.
Расплюшчы вочы.
Расслаб калені.
Раскінь рукі.
Рассунь падэшвамі пілсы ды вайсы.
Адрывайся.
Танчы раз-два —
пад табой дрыгва.
Танчы нон-стоп —
гэта топь.
Калі душа прагне —
тусі на багне.
Не шкадуй мэблі
на хліпкай грэблі.
Скачы — опа-опа —
на лёгкіх Еўропы.
То брэйк, то марш —
shake the marsh.
Гуляй, галота, —
трасі балота.
Усе вочы клубу скіраваныя на цябе,
на гэтым этапе галоўнае — не здацца ахове...
А, зусім забылася: ты танчыш не ў межах РБ —
усё адбываецца ў кансерватыўным Львове.
Фацат у вышыванцы мкне на цябе са спіны,
іншы — з трызубам — падступна заходзіць справа
(Пароль: “Слава Україні!
Водгук: “Героям слава!).
Цябе выстаўляюць з клубу, але — гэта ж Львоў! —
нат не штрафуюць і не здаюць у кутузку.
Пад ліхтаром пара ўкураных галіцкіх львоў
вучыць нейкага каталонца мацюкацца па-руску.
Каталонцы даяжджаюць да Львова —
гэта клёва,
але
ім не зразумець беларускага танцу на хісткім стале.