Хамства як норма жыцця

Здаецца, што нашыя чыноўнікі ад улады не разумеюць таго, што яны павінны быць прыкладам для народу. Замест гэтага яны лічаць сябе ўдзельнымі князькамі, якім усё дазволена. Самае жудаснае, лічаць, што ўсё дазволена ў маральным плане.

Год таму спадар Чаргінец выставіў журналісту Аляксандру Тамковічу зыск аб абароне гонару і годнасці за артыкул "Генерал-сенатар Чаргінец" у памеры 50 мільёнаў рублёў. Зыск быў вельмі спрэчны, але Чаргінец яго выіграў. Праўда, хоць суму зыска знізіў да мільёна.

Здаецца, што нашыя чыноўнікі ад улады не разумеюць таго, што яны павінны быць прыкладам для народу. Замест гэтага яны лічаць сябе ўдзельнымі князькамі, якім усё дазволена. Самае жудаснае, лічаць, што ўсё дазволена ў маральным плане.
Год таму спадар Чаргінец выставіў журналісту Аляксандру Тамковічу зыск аб абароне гонару і годнасці за артыкул "Генерал-сенатар Чаргінец" у памеры 50 мільёнаў рублёў. Зыск быў вельмі спрэчны, але Чаргінец яго выіграў. Праўда, хоць суму зыска знізіў да мільёна.
Але ў параўнанні з выказваннямі нашых чыноўнікаў артыкул Тамковіча — дзіцячы лепет.
Журналістка "Салідарнасці" Алена Якжык напісала пра тое, што кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік перасеў на новую службовую машыну. 
"Раней кіраўнік ФПБ перасоўваўся на цёмна-зяленым Volvo (дарэчы, дастаткова прэзентабельным). Але, бачна, гэты аўтамабіль быў недастаткова добры, каб эфектыўна адстойваць правы працоўных. Таму, як паказала невялічкае журналісцкае расследаванне, не так даўна Козік са сваім кіроўцам пераселі на сіні джып Toyota Land Cruiser (самае таннае аўто гэтай мадэлі ў афіцыйнага дылера ў Рэспубліке Беларусь каштуе зараз 43.100 долараў)", — напісала А.Якжык.
Здавалася б, што ў гэтым факце дрэннага? Кіраўнік найбуйнейшага прафсаюза Беларусі, якога рэгулярна прыймаюць у міжнародных прафсаюзных структурах, не павінен ездзіць на асабістых "Жыгулях". Але нервовая рэакцыя самога Козіка на гэты факт уражвае.
Адозва на сайце ФПБ уражвае, найперш, сваёй недакладнасцю і хамскасцю. "Алена Якжык абсалютна беспадстаўна абвінаваціла лідэра нацыянальнага прафцэнтра Леаніда Козіка, што ім нібыта набыты новы службовы аўтамабіль", — кажацца ў адозве.
Можна было б сказаць "Ха-ха, тры разы": так і бачна, як хтосьці набывае сабе (!) службовы (!!!) аўтамабіль. Можна было б, каб Козік не хаміў. "Сапраўды, хтосьці мог бачыць 10-гадовы аўтамабіль джып, да вочы падвялі. Праўда, у кошак вочы звычайна бачаць вельмі добра, але ў дранай кошцы і вочы такія ж", — цытуе сайт ФПБ не каго небудзь, а непасрэдна Козіка. Там жа Козік заявіў, што А.Якжык, — ілгунья і правакатар.
Незразумела, пры чым тут правакацыя. Козік не ўдакладніў. А наконт хлусні, — Козік так і не абверг інфармацыю, што ён зараз ездзіць на Toyota Land Cruiser , а не на Volvo. Наадварот, ен пацвердзіў, што джып яму быў нададзены УП "Дом прафсаюзаў".
Дзе хлусня? Дзе правакацыя? Нічога не бачна, акрамя хамства Козіка, які абразіў жанчыну, абазваўшы яе "дранай кошкай". І гэта дазваляе сабе чалавек, які прадстаўляе інтарэсы, па ягоных словах, больш за чатырох мільёнаў працоўных?
Уяўляю, што б зрабіў Козік, каб яго абазвалі "драным катом". Тут пяцідзесяццю мільёнамі не абышлося бы. Але сам Козік сабе такія эскапады дазваляе. Таму што ён пры ўладзе, супраць яго выйграць зыск амалдь немагчыма, таму яму можна абражаць каго заўгодна.
Але ці будуць чатыры мільёны працоўных паважаць лідэра, які публічна, праз афіцыйны сайт, абражае бяскрыўдную жанчыну? Каб я быў у прафсаюзе, уваходзячым у ФПБ, я б імгненна адтуль выйшаў у знак пратэсту такім паводзінам.
Таксама ўразілі выказванні не каго-небудзь, а кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, які зусім нечакана абрынуўся на беларускую апазіцыю. "Вось пазіцыя нашай вашывай апазіцыі. Падкрэсліваю — вашывай. Ніякая гэта не апазіцыя. Гэта ворагі беларускага народа, я гэта адказна заяўляю, ведаючы, аб чым яны гавораць і чаго яны хочуць. Яны гатовы прадацца сёння любому, толькі б звярнуць галаву Лукашэнку, ускочыць у яго крэсла самім і дэстабілізаваць становішча ў краіне. Не атрымаецца, пакуль я жывы", — цытуе Лукашэнку прэс-служба. 
"Некаторыя "вялікія дзеячы", якіх мы памілавалі і з турмаў павыпускалі, аж віскацяць — ужо ў адкрытую, не стрымаліся: маўляў, трэба патрабаваць ад беларускіх уладаў, даваць ім дамашняе заданне, каб яны яго выконвалі, ціснуць і цкаваць іх у момант крызісу і гэтак далей (…) Гэта не апазіцыя, гэта — пятая калона, ворагі беларускага народа", — упэўнены Лукашэнка.
Яшчэ раз адзначым: хамства А.Лукашэнкі цытуе не хто іншы, як ягоная прэс-служба. Публічна. Галосна. На ўвесь свет.
Беларускі прэзідэнт казаў гэта пасля таго, як намаганнямі той жа "вашывай апазіцыі" Еўпропа прыпыніла яшчэ на 9 месяцаў санкцыі ў адносінах да Беларусі.
"Шэраг беларускіх экспертаў рэкамендавалі прадстаўнікам еўраструктур яшчэ на паўгода працягнуць частковае прыпыненне візавых санкцый у адносінах да беларускіх чыноўнікаў. Пра гэта было заяўлена падчас сустрэчы беларускіх экспертаў з прадстаўнікамі структур ЕС і дыпламатычных місій у Бруселі, якая прайшла 2 сакавіка пра падтрымцы дыпмісіі Славакіі ў бельгійскай сталіцы. Паводле меркавання беларускіх экспертаў, недастаткова шасці месяцаў, якія ЕС даў Мінску з 13 кастрычніка 2008 года, каб улады змаглі пацвердзіць прыхільнасць краіны да дэмакратычных рэформ. Як зазначылі беларускія эксперты падчас сустрэч, каб беларускія ўлады мелі магчымасць рэалізаваць структурныя змены і даказаць ўстойлівы характар рэформаў, ім неабходна больш часу", — піша агенцтва БелаПАН.
"Ворагі беларускага народу", "пятая калона", "вашывая апазіцыя" у першую чаргу паспрыяла прыпыненню санкцый з боку Еўропы. А з боку кіраўніка дзяржавы атрымала чорную няўдзячнасць і адныя абразы.
Абразы атрымала не толькі апазіцыя, а ўвесь той сегмент беларускага народа, які нязгодны з сённяшнім курсам. Нават калі пагадзіцца з афіцыйнымі лічбамі апошніх прэзідэнцкіх выбараў, 17,4% галасавалі супраць А.Лукашэнкі. І, атрымліваецца, па ягоным меркаванні сярод гэтых грамадзянаў неабходна правесці масавую прафілактыку педыкулёзу. Дык, пры такіх лічбах, варта аб'яўляць эпідэмію.
Няўжо вышэйшыя беларускія чыноўнікі не ведаюць, што такімі паводзінамі яны дыскрэдытуюць не толькі сябе персанальна, але і ўсю дзяржаву, у якой яны жывуць? Леанід Козік абразіў не толькі Алену Якжык, ён абразіў і дыскрэдытаваў чатыры мільёны сваіх сябраў па прафсаюзу. Аляксандр Лукашэнка абразіў не толькі апазіцыю і 17,4% выбарнікаў, ён абразіў і дыскрэдытаваў 10 мільёнаў беларусаў і ўсю Беларусь цалкам.
А за дыскрэдытацыю Беларусі прадугледжана крымінальная адказнасць. Але гэта дробязі.
Самае дрэннае, што з нашых правадыроў бяруць прыклад і шэраговыя грамадзяне. А з каго ж браць прыклад, як не з іх? І менавіта такім чынам хамства пранікае ва ўсе сферы беларускага жыцця, — ад калгасаў да Акадэміі навук. І калі заўтра ў транспарце хтосці кагосці абзаве "вашывай коткай", — гэта ўплыў вышэйшага кіраўніцтва...
Вельмі прыкра будзе, калі так адбудзецца...