Прытуліце Улю!
Гісторыя Улі — пра чалавечую подласць і любоў, а яшчэ пра мужнасць і вялікае добрае сэрца.
Амаль два гады таму Улю выкінулі з дома былыя гаспадары. Гэта адбылося пасля таго, як яна нарадзіла кацянят. Так і выставілі за парог у пад'езд разам з малымі. Ім было наканавана стаць чарговай ахвярай адлову ці загінуць пад коламі аўтамабіля. Але выратаванне прыйшло праз незвычайную дзяўчынку Асю, якая жыла ў гэтым жа пад'ездзе.
Ася — чалавек вялікай сілы. З маленства яна прыкавана да інваліднага вазка. Але не здаецца і сама займаецца сваёй рэабілітацыяй. А яшчэ Ася дапамагае бяздомным жывёлам. На той момант у яе ўжо жылі тры коткі і сабака. Пра дачку і яе гадаванцаў клапацілася маці Асі. Зразумела, што сілы і час жанчыны не бязмежныя, таму браць у хату яшчэ адно кацінае сямейства яна не пагадзілася.
Тады Ася пазычыла ў сваіх катоў домік, паставіла ля дзвярэй кватэры і пасяліла туды Улю з кацянятамі.
Кожны дзень Ася пераконвала суседзяў, што коцікаў вось-вось забяруць. Суседзі цярпелі, хоць і не надта верылі ў гэта.
А потым пра Асю даведаліся валанцёры, і Уля з кацянятамі паехалі на ператрымку.
Малыя выраслі і знайшлі сваіх гаспадароў. А вось іх мама пакуль чакае. Уля стэрылізавана, здаровая і жыве ў прытулку. Яна выдатна падыходзіць для жыцця ў кватэры ці ў прыватным сектары. Па характары котка досыць незалежная. Зараз ёй каля 2,5 - 3 гадоў.
Магчыма, менавіта вы будзеце тым чалавекам, які прытуліць Улю і забяспечыць шчаслівы фінал гэтай гісторыі! Тэлефануйце: +375 (29) 774-58-57 Наталля, +375 (29) 647-57-63 Вікторыя.