Абстрэл у Вінніцы — «зверства, якое неабходна пакараць»
«Турма — гэта лепшае, што іх чакае», — заявіў Зяленскі. У Еўропе таксама асудзілі абстрэл цывільных будынкаў у Вінніцы. У ЕС заявілі, што «зверства ў Вінніцы» — на гэты момант апошняе ў доўгай чарадзе неверагодных па жорсткасці нападаў Расіі, што скіраваныя супраць мірных жыхароў і цывільнай інфраструктуры Украіны.
Рускія войскі атакавалі цывільныя будынакі і культурны цэнтр у Вінніцы, пры гэтым былі забітыя больш за 20 чалавек і параненыя больш за сотню іншых, многія з якіх у крытычным стане
Удар па Вінніцы здарыўся якраз падчас канферэнцыі ў Гаазе аб пакаранні вінаватых у ваенных злачынствах. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце да ўдзельнікаў Форуму зноў заклікаў стварыць Міжнародны суд на ўзор трыбунала па былой Югаславіі.
Усе вінаватыя ў ракетным удары па Вінніцы будуць прыцягнутыя да адказнасці — гэта гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Жазэпа Барэля і камісара ЕС па ўрэгуляванні крызісаў Янэза Лянарчыча.
Адзначаецца, што "Еўрапейскі саюз самым рашучым чынам асуджае гэтыя няспынныя абстрэлы цывільных аб'ектаў, сярод якіх бальніцы, медыцынскія ўстановы, школы і прытулкі".
Прадстаўнікі ЕС назвалі расійскі ўдар па Вінніцы "зверствам": "Гэта зверства ў Вінніцы з'яўляецца апошнім у доўгай чарадзе жорсткіх нападаў, накіраваных супраць мірных жыхароў і цывільнай інфраструктуры".
Жазэп Барэль і Янэз Лянарчыч нагадалі, што расійскія войскі забілі ўжо тысячы мірных жыхароў Украіны, і заявілі, што "варварскія паводзіны Расіі пры поўным ігнараванні міжнароднага гуманітарнага права павінны быць неадкладна спыненыя". Таму што такія парушэнні і злачынствы, учыненыя расійскімі войскамі і іх палітычным кіраўніцтвам, не могуць заставацца без пакарання.
"Усе вінаватыя ў гэтых злачынствах будуць прыцягнутыя да адказнасці за свае дзеянні ў адпаведнасці з міжнародным правам. ЕС падтрымлівае ўсе намаганні па забеспячэнні адказнасці за парушэнні правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права", — гаворыцца ў заяве ЕС.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі таксама заявіў пра адказнасць экіпажу расійскай падводнай лодкі, якая сёння нанесла ракетны ўдар па Вінніцы. Пра гэта Зяленскі сказаў у сваім відэазвароце: "Хачу, каб каманда той "пасудзіны", з якой вылецелі "Калібры" па Вінніцы сёння, ведала, што турма — гэта лепшае, што іх чакае", — падкрэсліў кіраўнік Украіны.
Паводле апошняй інфармацыі на ноч 15 чэрвеня, у выніку ракетнага ўдару па Вінніцы загінулі 23 чалавекі, сярод якіх трое дзетак, і больш за сотню пацярпелі. Яшчэ каля каля 40 чалавек лічацца зніклымі без вестак.
У разборы завалаў у Вінніцы ды ў выратавальных работах пасля ракетнага ўдару ўдзельнічаюць больш за 1000 чалавек, сярод якіх паліцэйскія і ратавальнікі.
Паводле korrespondent.net, www.pravda.com.ua