«Акрэсціна — канцлагер. Але я ў парадку». На волю выходзяць затрыманыя на антываенных акцыях
Пасля сутак на Акрэсціна на волю выйшла Наталля Дуліна, былая дацэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і адна з вядучых спецыялістак краіны па італьянскай мове.
Пра яе затрыманне стала вядома 1 сакавіка. Яе асудзілі на 14 сутак. Вядома, што падчас суда Дуліна адмовілася ад адваката і дачы паказанняў. У тыя дні ў краіне праходзілі антываенныя мітынгі, піша Еўрарадыё.
«Я выйшла. Акрэсціна, вядома, канцлагер. Але я ў парадку. Мы незабівальныя», — напісала педагог у Facebook.
Напярэдадні таксама стала вядома пра вызваленне дзяўчат — дачок пісьменніцы і педагога Ганны Севярынец. Іх таксама затрымалі на антываеннай акцыі каля чыгуначнага вакзала ў Мінску, ім прысудзілі адміністрацыйны арышт.
«Люба з тэмпературай, Жэня нічога, абедзве белыя, як паперкі, але бадзёрыя», — напісала Ганна Севярынец у Facebook. Дзяўчаты расказалі ёй, што ў камеры на 18 кв. м знаходзілася 32 чалавекі.
«Спалі на падлозе. Наогул умовы дзікія, але людзі сустрэліся там цудоўныя», — перадала яна словы дачок.
Падчас антываенных акцый толькі 27 лютага ў Беларусі, паводле звестак праваабаронцаў, затрымалі больш за паўтысячы чалавек. МУС пазней удакладніла лічбу — «за розныя парушэнні грамадскага парадку» ў той дзень было затрымана каля 800 чалавек.