Армія РФ у найбліжэйшыя тыдні зноў атакуе Украіну — ваенны эксперт

Расія можа паспрабаваць узнавіць люты 2022 года ў лютым 2023 года. Армія РФ рыхтуе рэсурсы і рэзервы, каб у бліжэйшыя тыдні зноў атакаваць Украіну.

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg

Войска Пуціна мае рэзервы. І адна з самых вялікіх памылак, якую сілы абароны Украіны могуць дапусціць — гэта недаацэнка войскаў РФ. Пра гэта ў эфіры нацыянальнага тэлемарафона заявіў палкоўнік запасу Узброеных Сіл Украіны Уладзіслаў Селязнёў, адзначае «Суспільне».

Селязнёў спаслаўся на даныя Галоўнага ўпраўлення разведкі і адзначыў, што ў вайне супраць Украіны ўдзельнічае 326 тысяч расійскіх салдат. І расійская армія рыхтуе пэўныя рэсурсы і рэзервы для таго, каб у найбліжэйшыя тыдні зноў атакаваць тэрыторыю Украіны.

«Рызыка эскалацыі канфлікту можа быць досыць істотнай і значнай. Спасылаючыся на брытанскую разведку, Пуцін і яго армія могуць марыць пра штосьці такое — паспрабаваць узнавіць люты 2022 года ў лютым 2023 года», — кажа Уладзіслаў Селязнёў.

І ў той жа час эксперт дадае, што гэта пытанне дыскусійнае, таму што ў лютым 2022 года расійская армія мела рэсурсаў і рэзерваў на трое сутак актыўных баявых дзеянняў. Ім не ўдалося ўзяць Кіеў за тры дні, як яны планавалі. І ў пачатку красавіка Кіеўская вобласць была цалкам вызваленая. Па словах палкоўніка, цяпер у арміі РФ змянілася тактыка.

«Пуцінская армія апошнім часам часцей выкарыстоўвае тактыку пяхотна-артылерыйскіх штурмаў, так званую выведку боем, спрабуючы прамацаць нашу абарону на розных участках фронту. Яны значна актывізаваліся, у прыватнасці, на поўдні Запарожскай вобласці», — сказаў Селязнёў.

Гэта ўказвае на тое, што войска РФ шукае слабыя месцы ў абароне УСУ, спрабуючы развіць наступ у глыбіню пазіцый.

«Наколькі ўдала ў іх гэта атрымліваецца? Відавочна, што не, таму што мартыралог расійскіх страт расце, а карта Deepstate кожны раз адзначае — зменаў на лініі фронту не адбылося», — робіць выснову Селязнёў.


Паводле яго словаў, нядаўняя замена камандуючага войскамі РФ у Украіне генерала Суравікіна на генерала Герасімава нічога крытычна новага ў ход вайны не прынясе.

«Думаю, адбываецца гісторыя пра жабу і гадзюку на ўзроўні розных вежаў Крамля. З аднаго боку — Суравікін, Прыгожын, Кадыраў. А з другога — Шайгу, Герасімаў і Лапін. Паміж імі існуе канкурэнцыя па кантролі за ўвагу Пуціна. І цалкам верагодна, што з-за такога ходу падзей адбылася гэтая ратацыя», — кажа Уладзіслаў Селязнёў.

Але падкрэслівае, што камандуючы войскамі РФ ва Украіне генерал Валерый Герасімаў не будзе больш паблажлівым да ўкраінцаў, а ракетныя абстрэлы па гарадах і энергетычнай інфраструктуры будуць працягвацца.

«Калі мы паглядзім на часавыя прамежкі паміж масіраванымі ракетнымі атакамі, то ў бліжэйшыя дні мы можам чакаць новую атаку», — сказаў палкоўнік Уладзіслаў Селязнёў.


Зрэшты, як пісаў НЧ, да такой самай высновы прыйшоў і сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў. У інтэрв'ю Sky News ён распавёў, што Расія рыхтуецца да максімальнай эскалацыі вайны, якая можа адбыцца ўжо ў найбліжэйшыя тыдні. Паводле яго, штурм могуць прымеркаваць да гадавіны пачатку ўварвання Расіі ва Украіну.

«Расія рыхтуецца да максімальнай эскалацыі. Яна збірае ўсё магчымае, праводзіць навучанне і трэніроўкі. Мы разумеем, што ўсё на стале... Я магу сказаць, што мы не выключаем ні аднаго сцэнара ў бліжэйшыя два-тры тыдні», — падкрэсліў Данілаў. У тым ліку, па яго меркаванні, не выключаны і наступ на Украіну з поўдня, усходу і поўначы, як гэта было 24 лютага 2022 года.