343-ці дзень вайны. Расійцы маюць праблемы з арыентацыяй у прасторы і часе — ISW
Увесь свет застыў у чаканні актывізацыі ваенных дзеянняў ва Украіне. З усіх бакоў прадракаюць наступ Расіі. Між тым, пакуль наступальныя дзеянні асаблівага плёну не даюць. Украіна справаздачыцца, што за суткі Расія згубіла амаль 1000 салдат.
Паводле ранішняй зводкі 1 лютага Генштаба УСУ, войскі РФ працягваюць спробы наступу на Ліманскім і Бахмуцкім напрамках, нясуць вялікія страты. Таксама вядуцца беспаспяховыя атакі на Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім кірунках. За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі акупантаў у раёнах васьмі населеных пунктаў на Данеччыне.
На ўсіх напрамках вораг вёў абстрэлы мірных населеных пунктаў з розных відаў зброі. За суткі 31 студзеня акупанты нанеслі пяць авіяцыйных і шэсць ракетных удараў, здзейснілі больш за 65 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Пад абстрэлы трапіла інфраструктура населеных пунктаў Сумскай, Харкаўскай, Мікалаеўскай і Херсонскай абласцей.
«Высокай застаецца небяспека расійскіх авіяцыйных і ракетных удараў па ўсёй Украіне», — падкрэслілі ў Генштабе.
За суткі знішчаныя 920 акупантаў, паведамілі ў Генштабе.
Сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў у інтэрв'ю Sky News распавёў, што Расія рыхтуецца да максімальнай эскалацыі вайны, якая можа адбыцца ўжо ў бліжэйшыя тыдні. Паводле яго, штурм могуць прымеркаваць да гадавіны пачатку ўварвання Расіі ва Украіну.
«Расія рыхтуецца да максімальнай эскалацыі. Яна збірае ўсё магчымае, праводзіць навучанне і трэніроўкі. Мы разумеем, што ўсё на стале... Я магу сказаць, што мы не выключаем ні аднаго сцэнара ў бліжэйшыя два-тры тыдні», — падкрэсліў Данілаў. У тым ліку, па яго меркаванні, не выключаны і наступ на Украіну з поўдня, усходу і поўначы, як гэта было 24 лютага 2022 года.
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) тлумачаць зацятыя баі вакол Бахмута. На іх думку, увядзенне на гэтым напрамку рэгулярных войскаў Расіі на замену знясіленых «вагнераўцаў» адтэрмінавала кульмінацыю наступу на Бахмут. Таму баі за горад працягваюцца.
Наступ групы «Вагнера», паводле ацэнкі ISW, дасягнуў кульмінацыі, але расійскае камандаванне перакінула дадатковыя войскі, такім чынам прадухіліўшы спыненне наступу на Бахмут, якое яшчэ працягваецца.
Камандзір украінскага падраздзялення, дзеючага ў Бахмуте, Дзяніс Яралаўскі пацвердзіў, што «высокакваліфікаваныя» расійскія рэгулярныя войскі цяпер узмацняюць штурмавыя падраздзяленні ПВК «Вагнера» ў рамках пастаянных намаганняў па атачэнні Бахмута.
Знясіленыя падраздзяленні ПВК «Вагнера» перакідваюцца з Бахмута на лінію фронту на поўдні Украіны.
На думку экспертаў, такім чынам Мінабароны Расіі, магчыма, спрабуе цалкам выцесніць сілы «Вагнера» пад Бахмутом і прадставіць расійскую структуру ваеннага камандавання як адзінага пераможцу вакол Бахмута, калі выказаць здагадку, што расійскія войскі, урэшце, усё ж возьмуць горад.
У той жа час прадстаўнікі Крамля зноў пераацэньваюць магчымасці расійскіх вайскоўцаў па прасоўванні ў Данецкай вобласці і на поле бою.
Аналітыкі прыводзяць словы так званага «кіраўніка ДНР» Дзяніса Пушыліна, які заявіў, што захоп акупантамі Бахмута дазволіць Расіі прасунуцца ў Краматорск і Славянск, а гіпатэтычны захоп расійцамі Угледара дазволіць ім пачаць наступальныя аперацыі на Курахава, Мар'інку і Пакроўск. Між тым у ISW падкрэсліваюць, што расійскія войскі не змаглі захапіць Мар'інку з 17 сакавіка 2022 года, калі Мінабароны Расіі ілжыва адсправаздачылася аб захопе гэтага населенага пункта.
Беспадстаўна яны гаварылі і аб захопе Аўдзееўкі.
«Заснавальнік ПВК Вагнер Яўген Прыгожын раней сцвярджаў, што сярэдняя хуткасць прасоўвання расійцаў вакол Бахмута складала блізу 100 метраў за дзень, і расійскім войскам спатрэбілася 8 месяцаў, каб прасунуцца ад акупаванай Папаснай Луганскай вобласці і Светладарска да цяперашніх пазіцый у раёне Бахмута (адлегласць 25 км і 22 км адпаведна)», — патлумачылі спецыялісты ISW.
Злучаныя Штаты рыхтуюць вайсковую дапамогу Украіне на суму больш за 2 мільярды долараў, якая, як чакаецца, упершыню можа ўключаць ракеты вялікай далёкасці, а менавіта да 150 кіламетраў, піша Reuters. Адна з крыніц агенцтва паведаміла, што частка пакета на суму 1,725 мільярда долараў паступіць з фонду, вядомага як ініцыятыва садзейнічання бяспецы Украіны (USAI), які дазваляе адміністрацыі прэзідэнта Джо Байдэна атрымліваць зброю з прамысловасці, а не з наяўных запасаў зброі ў ЗША. Сродкі USAI будуць накіраваныя на закупку новай крылатай зброі — планернай бомбы GLSDB з радыусам дзеяння 94 мілі (да 150 км).
У той жа час, адзначае Reuters, Злучаныя Штаты адхілілі запыты Кіева на ракеты ATACMS радыусам дзеяння 185 міль (да 297 км).
Амерыканскі вытворца зброі General Atomics прапанаваў прадаць украінскаму ўраду два баявыя беспілотнікі Reaper MQ-9 за адзін долар, піша The Wall Street Journal. Выданне адзначае, што прапанову канцэрн робіць, каб «дапамагчы краіне абараніць сябе, паколькі яна рыхтуецца да чаканага расійскага наступу».
Ані Украіна, ані ЗША каментароў WSJ не далі, што азначае, што такая здзелка сапраўды можа адбыцца.
Паводле Украінская праўда, Карэспандэнт; РБК-Украіна